Дзень у гісторыі. 20 красавіка. Выгнанне С. Собаля з Масквы. Музей старажытнасцяў. Разгон “афганцамі” Гукання вясны. Загінуў літаратар С. Палуян.

Акуліна (народны каляндар). 

Усходнія славяне лічылі, што ў гэты дзень прачынаюцца русалкі, з вады яны паднімаюцца зірнуць на белае святло і просяць у людзей палатна – атуліць голае цела. Яшчэ да зары некаторыя сялянкі прыносілі паношаную чыстую кашулю, ручнік ці кавалак палатніны, бо верылі, што гэты клопат адгукнецца дабром: русалкі засцерагуць ад глыбокай вады і іх, і мужа, і дзяцей.

Дзень кітайскай мовы ў ААН.

Кітайская мова была прызнана афіцыйнай мовай ААН у 1946 годзе, у 1973 годзе яна была ўключана ў лік шасці працоўных моў ААН. У свеце, паводле статыстыкі, на кітайскай гавораць 1,3 мільярды чалавек.

Дата святкавання абрана не выпадкова. Па легендзе, стваральнікам кітайскага пісьменства лічыцца прыдворны гістарыёграф Цан Цзэ і менавіта ў гэты дзень, які супадае з пачаткам сезона “гуюй” (“дождж проса”), нябесныя сілы аддзячылі Цан Цзэ за стварэнне кітайскага пісьменства, паслаўшы жыхарам Паднябеснай дождж з хлебных зерняў, які выратаваў многіх людзей ад голаду.

Пісьмовая кітайская мова лічыцца адной з самых складаных у свеце, у ёй выкарыстоўваецца каля 80 000 іерогліфаў. Пры гэтым у паўсядзённым жыцці кітайцы звычайна карыстаюцца 2000–5000 іерогліфаў.

1626 год. Вечарам загарэўся Магілёў.

Згарэлі цэнтр разам з недабудаванай ратушай, умацаванні Бліжняга Вала.

1639 год. Магілёўскі друкар Спірыдон Собаль быў выгнаны з Маскоўскай дзяржавы.

У 1637–1639 гадах Собаль займаўся асветніцкай дзейнасцю, прадаў маскоўскаму выдаўцу Бурцаву-Пратапопаву шрыфты, планаваў адкрыццё друкарні і школы друкароў.

1660 год. Нарадзіўся Крыштоф Завіша (1660–1721).

Дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай, пісьменнік-мемуарыст. Ваявода менскі, староста менскі і чачэрскі.

Навучаўся ў Віленскай акадэміі, потым у Кракаве.

Браў актыўны ўдзел у палітычным жыцці: некалькі разоў абіраўся дэпутатам на соймы, маршалак.

Адзін з асноўных фундатараў капліцы Святога Феліцыяна ў касцёле Імя Найсвяцейшай Дзевы Марыі пры калегіуме езуітаў у Мінску.

Аўтар пераробкі італьянскага раману «Любасць бяз зменаў», шэрагу прамоваў на соймах, сабраных ягонай дачкой Барбарай Радзівіл у кнізе «Водгук прыемных мелодыяў» і іншых.

Найбольш значнае з літаратурнай спадчыны К. С. Завішы – яго мемуары, у якіх апісваюцца палітычныя падзеі і шляхецкі побыт Рэчы Паспалітай XVII–XVIII стагоддзяў.

1855 год. Яўстах Тышкевіч заклаў Музей старажытнасцяў у будынку бібліятэкі Віленскага ўніверсітэту.

Музейныя прадметы былі сістэматызаваны паводле калекцыйнага прынцыпу, што адпавядала дасягненням экспазіцыйнай практыкі тагачаснай Еўропы. На момант адкрыцця экспазіцыя выглядала наступным чынам: калекцыя манет і медалёў, гравюр, геаграфічных карт і атласаў, карцін, партрэтаў і скульптур, дыпломаў, рукапісаў, аўтографаў гістарычных дзеячаў; мемарыяльная калекцыя, у складзе якой меліся скарбы мясцовых шляхецкіх родаў; археалагічная калекцыя; бібліятэка.

1895 год. Нарадзіўся Ежы Петэрбурскі (1895–1979).

Польскі, беларускі дырыжор і кампазітар. Вядомы як аўтар музыкі танга “Стомленае сонца” і вальса “Сіняя хустачка”.

Вучыўся ў Варшаўскай кансерваторыі, Венскай акадэміі музыкі. Імрэ Кальман высока цаніў яго талент. Працаваў у аркестры варшаўскага тэатра-кабарэ «Qui Pro Quo».

Аўтар аперэт, музыкі да многіх польскіх кінафільмаў 1930-х гадоў, песень. Найбольшую вядомасць Петэрбурскаму прынеслі яго танга. Сярод самых знакамітых танга «Апошняя нядзеля».

У верасні 1939 года атрымаў савецкае грамадзянства і ўзначаліў Дзяржаўны джаз-аркестр БССР. Для свайго калектыву напісаў вальс «Сіняя хустачка». У 1942 годзе ўступіў у польскую армію Андэрса.

Пасля вайны з’ехаў у Лацінскую Амерыку, з 1949 па 1967 жыў у Аргентыне і працаваў у Teatro El Nacional у Буэнас-Айрэсе капельмайстрам. Разам з паэтам А. Шэвахам напісаў вядомую калыханку на ідышы, якая ўваходзіла ў рэпертуар Сары Горбі. У 1967 годзе вярнуўся ў Польшчу.

Памёр 7 кастрычніка 1979 года. Пахаваны на варшаўскіх могілках Старыя Павонзкі.

1906 год. Адна з першых сцэнічных пастановак на беларускай мове адбылася ў маёнтку Пятроўшчына (цяпер у межах Мінска).

Арганізатары А. Бурбіс, А. Уласаў, С. Кукель і іншыя. Была пастаўлена камедыя М. Крапіўніцкага «Па рэвізіі». 

“Па рэвізіі” – аднаактавая п’еса-вадэвіль, напісаная Маркам Крапіўніцкім у 1882 годзе, апублікаваная ў 1885, папулярная ў беларускіх тэатрах пачатку XX стагоддзя. 

Сцэну абсталявалі на падворку. Прысутнічала больш за 300 гледачоў. Прадстаўленне ішло ў музычным суправаджэнні цымбалаў, скрыпак і бубнаў. Прагучалі таксама вершы Янкі Купалы ў выкананні Бурбіса.

Марк Крапіўніцкі

1910 год. Загінуў Сяргей Палуян (1890–1910).

Беларускі публіцыст, празаік, літаратуразнавец, адзін з кіраўнікоў Беларускай сацыялістычнай грамады.

Аўтар апавяданняў, вершаваных і драматычных твораў, рэцэнзій, першага ў беларускай крытыцы агляднага артыкула «Беларуская літаратура ў 1909 г.», першага гістарычнага нарыса новай беларускай літаратуры «Беларуская паэзія ў яе тыповых прадстаўніках».

Даследаваў украінскую культуру і літаратуру, беларуска-ўкраінскія літаратурныя сувязі.

Адстойваў правы беларусаў на развіццё сваёй мовы і культуры.

Сябраваў з Янкам Купалам, Якубам Коласам, М. Багдановічам, Цішкам Гартным, Ядвігіным Ш. і іншымі.

Скончыў жыццё самагубствам у 1910 годзе, у 20 гадовым узросце.

Памяці Сяргея Палуяна Янка Купала прысвяціў паэму «Курган» і верш, Максім Багдановіч —зборнік  «Вянок»  і верш, Ядвігін Ш. — верш у прозе «Раны».

1918 год. “Менскае беларускае прадстаўніцтва” дамаглося згоды германскага камандавання на стварэнне груп беларускіх саветнікаў пры акупацыйнай адміністрацыі – губернскіх і павятовых камендантаў.

Раман Скірмунт – лідар прадстаўніцтва.

1939 год. На другі дзень пасля ўхвалення ЦК ВКП(б) і Саўнаркамам СССР пераноса сталіцы з Мінска,  ЦК КП(б)Б вызначыла тэрмін пераноса сталіцы ў Магілёў –  лістапад 1939 года.

Мары магілёўцаў не ажыццявіліся. Планы пераносу былі скасаваны пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР у верасні 1939 года. 

1957 год. Нарадзілася Людка Сільнова.

Беларуская паэтэса. Скончыла БДУ.

Працавала на Маладзечанскай фабрыцы мастацкіх вырабаў, БДУ, ва ўстановах асветы Уздзенскага раёна і Мінска, у Нацыянальнай бібліятэцы.

Вершы паэтэсы перакладзены на польскую, украінскую, славацкую мовы. Аўтар 6 кніг і зборнікаў паэзіі.

1960 год. Створана першае ў БССР Магілёўскае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі на чале з Пятром Шасцярыкавым.

1986 год. У Мінску на Траецкім прадмесці некалькі дзясяткаў удзельнікаў Афганскай вайны, нацкаваных камсамолам і КДБ, напалі на падлеткаў, што святкавалі Гуканне вясны.

Фота з адкрытых крыніц.

Экскурсія для моладзі ў СІЗА – калядны падарунак ад пракурораў

Пракуратура Магілёўскай вобласці развівае новы від турэмна-экстрэмальнага турызму для падлеткаў.

Днямі вось так арыгінальна вырашылі павіншаваць падлеткаў з Калядамі ў Асіповічах. Як паведаміла газета «Асіповіцкі край», падлеткі з Асіповічаў, якія знаходзяцца на ўліку, сустрэліся з прадстаўнікамі пракуратуры і наведалі магілёўскі следчы ізалятар.

Напачатку школьнікі горада і раёна, якія знаходзяцца на розных відах уліку, сустрэліся з прадстаўнікамі пракуратуры і структур, якія працуюць з непаўналетнімі, а пасля наведалі СІЗА-5 Магілёва.

Сустрэча прайшла ў аддзеле па адукацыі і мела прафілактычны характар. Навучэнцам расказалі аб росце злачыннасці сярод падлеткаў, растлумачылі адказнасць за адміністрацыйныя і крымінальныя правапарушэнні і адзначылі, што пракурор раёна санкцыянаваў узяцце пад варту 5 непаўналетніх. Таксама падлеткаў падрыхтавалі да атрымання інфармацыі ў следчым ізалятары.

Практыка знаёмства з жыццём за кратамі распаўсюджаная ў дэмакратычных краінах. Але беларуская сістэма ўтрымання злачынцаў мала падобная на санаторныя ўмовы скандынаўскіх турэмных устаноў. 

Аўтару даводзілася бачыць фанабэрыстага самаўпэўненага юнака, які пасля экскурсіі ў спецыяльнае вучылішча на каленях маліў свайго класнага кіраўніка не адпраўляць яго ў калонію. Што жудаснага ён там пабачыў? Цяжка адказаць пэўна, але найхутчэй – нічога прыемнага.

Патрабуе асобнага вывучэння ўплыў на яшчэ неакрэплую псіхіку падлеткаў такіх экскурсаў. З аднаго боку гэта рэальная прафілактыка, а з іншага – не вядома як малюнак жорсткіх беларускіх умоў утрымання затрыманых скажацца на псіхіцы маладых людзей. Якія сны ім будуць сніцца? 

Нягледзячы на спрэчнасць такіх метадаў выхавання, магілёўская пракуратура пачала эксперымент па развіццю турэмнага турызму для моладзі.  

Фота: «Асіповіцкі край».