Навучэнцаў магілёўскіх каледжаў адправілі на зону – новы фармат экскурсій

Наведванне папраўчай установы праводзяць для выпрацоўкі законапаслухмянасці ў маладых людзей.

Як піша «Веснік Магілёва», навучэнцаў каледжа мастацтваў і каледжа сферы абслугоўвання адправілі на гадзіну ў магілёўскую турму №4. Калі навучэнцы каледжаў зайшлі на тэрыторыю турмы, яны сталі падпарадкоўвацца ўнутраным правілам установы: мусілі здаць на захоўванне тэлефоны і іншыя асабістыя рэчы, пашыхтавацца ў шэраг і прадэманстраваць змесціва кішэняў. На пэўны час дзверы папраўчай установы для маладых людзей зачыніліся. 

Навучэнцаў, з якімі ў іх установах адукацыі праводзіцца індывідуальная выхаваўчая работа, азнаёмілі з побытам зняволеных, далі магчымасць пагутарыць з равеснікам, асуджаным за незаконны абарот наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў, бо менавіта такія злачынствы ў апошнія гады лідзіруюць сярод моладзі.

Па меркаванні намесніка пракурора Магілёва Яўгена Фурманава, падобныя мерапрыемствы – адзін з дзейсных спосабаў прафілактыкі. Па словах Фурманава мэта такіх “экскурсій” – стымуляванне маладых людзей быць законапаслухмянымі і ўсведамляць адказнасць за свае ўчынкі. 

У 2022 годзе турму № 4 г. Магілёва наведала больш за 400 навучэнцаў устаноў адукацыі горада. 

Фота ілюстрацыйнае 

На Магілёўшчыне завяршылася аперацыя “Нелегал”, семярых выслалі

Міліцыя падвяла вынікі аперацыі “Нелегал” ў Магілёўскай вобласці.

У Магілеўскай вобласці завершана галоўная стадыя прафілактычнага мерапрыемства “Нелегал” – паведамляе УУС Магаблвыканкама.

Пад час аперацыі “Нелегал” асаблівая ўвага надавалася контролю за ўездам, выездам, знаходжаннем замежных грамадзян і асоб без грамадзянства на тэрыторыі Магілёўскай вобласці. Адначасова праводзілася прафілактыка парушэнняў, адпрацоўка адрасаў фактычнага і магчымага іх пражывання, а таксама рынкаў, вакзалаў, аўтастанцый, інтэрнатаў, забаўляльных устаноў.

Па інфармацыі кіраўніка Дэпартамента грамадзянства і міграцыі УУС Магілеўскага аблвыканкама палкоўніка Пятра Сімончыка, у выніку праведзеных мерапрыемстваў выяўлена 192 адміністрацыйных правапарушэнняў, з якіх 183 – гэта парушэнні правіл уезду, выезду, знаходжання і транзіту. Зафіксавана 9 фактаў парушэнняў парадку ажыццяўлення працоўнай дзейнасці. 7 замежных грамадзян па выніках праверкі вырашана выслаць, 8 ужо пакінулі краіну. Заведзены 2 крымінальныя справы.