Жыхарка Бабруйска цудам не паддалася тэлефонным махлярам – у яе проста не аказалася рахунку ў банку

Па аднаму з месенджараў бабруйчанцы Ларысе патэлефанавалі “супрацоўнікі службы бяяспекі аднаго з банкаў”. Яе папрасілі тэрмінова зрабіць фотаздымак пашпарта і сэлфі на фоне адной са старонак дакумента – нібыта неабходна абнавіць кліенцкую базу.

Нягледзячы на тое, што жанчына цудоўна ведала пра выпадкі тэлефоннага махлярства, упэўнены і буднічны голас суразмоўцы ўнушыў ёй поўны спакой. Яе не прасілі ўзяць крэдыт альбо перавесці грошы, а маніпуляцыі адносіліся толькі да дакумента і базы дадзеных Не сумняваючыся ў правільнасці сваіх дзеянняў, Ларыса тэрмінова зрабіла сканы неабходных старонак пашпарта, выслала ўсё што яе прасілі і дадаткова паставіла сабе “ахоўнае” прыкладанне AnyDesk (насамрэч ахоўным яно не з’яўляецца, а наадварот – дазваляе падлучыцца да выдаленага кампутара і кіраваць ім).

Праз некалькі хвілін пасля завяршэння размовы бабруйчанка апрытомнела – прыгадала, што не з’яўляецца кліентам банка, з якога ёй нібыта тэлефанавалі. Прыкладанне тут жа выдаліла, так што, на шчасце, ні крэдыту, ні мікразайму ад яе імя ўзяць не паспелі – піша “Камерцыйны кур’ер”.

Фота ілюстрацыйнае

У Магілёве затрымалі 16-гадовага кур’ера тэлефонных махляроў

Пажылой жыхарцы абласнога цэнтра патэлефанавалі невядомыя і расказалі, што яе дачка нібыта стала вінаватай у ДТЗ з пацярпелымі – паведамляе Тэлеграм-канал прэс-службы магілёўскага УУС. Для яе вызвалення ад крымінальнай адказнасці нібыта патрабавалася буйная сума. Нягледзячы на тое, што 64-гадовая жанчына ведала аб такім спосабе махлярства, у стрэсе яна аддала зламыснікам 8 тысяч еўра.

Супрацоўнікі Ленінскага РУУС Магілёва затрымалі кур’ера – 16-гадовага мясцовага жыхара. Ён растлумачыў, што знайшоў аб’яву аб падпрацоўцы ў інтэрнэце. Забраўшы грошы па ўказаным наймальнікам адрасе, адвёз іх на таксі ў Мінск і перадаў пасярэдніку, атрымаўшы свой працэнт. “Заробленае” патраціў на пакупку смартфона.

Фота ілюстрацыйнае.

Нават міліцыя не змагла ўгаварыць пенсіянераў не аддаваць грошы махлярам

Чарговы выпадак выманьвання грошай у пажылых людзей адбыўся ў Бабруйску. 

Пенсіянерцы патэлефанаваў незнаёмы, які пераканаў яе, што іх дачка стала вінаватай у ДТЗ, а для выратавання яе ад крымінальнай адказнасці патрабуецца 20 000 долараў. Для пераканаўчасці пенсіянерам таксама патэлефанавала “медсястра” з бальніцы, у якой нібыта ляжыць іх дачка разам з іншай пацярпелай, прычым тая ў рэанімацыі.

Як паведамляе  прэс-служба абласнога УУС, пенсіянеры нават звярнуліся ў міліцыю, каб спраўдзіць звесткі пра ДТЗ і пачулі ад аператара тлумачэнне, што гэта яны папаліся на звычайную махлярскую схему. Тым не менш, пажылыя людзі аддалі 10 000$ кур’ерам тэлефонных махляроў. 

Толькі пасля гэтага яны стэлефанаваліся з дачкой, зразумелі, што сталі ахвярамі махляроў і звярнуліся ў міліцыю.

Аператыўнікі праз некалькі гадзін затрымалі кур’ераў. Імі аказаліся мясцовыя жыхары: 24-гадовы малады чалавек і 21-гадовая дзяўчына. Палову сумы яны ўжо паспелі перавесці арганізатарам злачынства, астатняе вернута пацярпелым.

Фота ілюстрацыйнае, узята з адкрытых крыніц.

Шаснаццацігадовы кур’ер тэлефонных махляроў затрыманы ў Магілёве

У міліцыю паступілі паведамленні ад дзвюх магіляўчанак, якія сталі ахвярамі тэлефонных аферыстаў. Абедзве пенсіянеркі сабралі неабходныя сумы ў памеры 35 тысяч рублёў і аддалі кур’еру, што прыйшоў да іх.

Аператыўнікі ўстанавілі асобу і затрымалі кур’ера, які прыязджаў да жанчын. Ім аказаўся 16-гадовы жыхар абласнога цэнтра, навучэнец каледжа. Атрыманыя ад пацярпелых грошы ён пераводзіў наймальніку праз інфакіёск.

Следчыя распачалі крымінальную справу за махлярства – паведамляе Тэлеграм-канал прэсс-службы УУС Магілёўскага аблвыканкама.

Фота ілюстрацыйнае

Махляры выманілі ў пенсіянеркі дзесяць тысяч, не дапамог нават работнік банка

Супрацоўнік банка запытаў у 70-гадовай жыхаркі Магілёва, ці не тэлефанавалі ёй незнаёмыя асобы, і ці не яны папрасілі яе ўзяць крэдыт. “Не” – адказала яна, падазраючы, што работнік знаходзіцца ў змове з махлярамі.

Пенсіянерцы з Магілёва ў месэнджэры патэлефанаваў невядомы, які назваўся праваахоўнікам – паведамляе Тэлеграм-канал прэс-службы абласнога УУС. Невядомы паведаміў, што зламыснікі спрабуюць аформіць на яе крэдыт. Каб ім перашкодзіць, ёй неабходна самой узяць пазыку ў банку і адправіць нібыта на абаронены рахунак. Для пераканаўчасці мужчына нават даслаў фатаграфію свайго службовага пасведчання.

Магілявянка паверыла тэлефанаваўшаму, пайшла ў розныя банкі і ўзяла два крэдыты на агульную суму амаль 10 тысяч рублёў. Калі перад ухвалай выдачы крэдыту супрацоўнік банка паводле працэдуры праверкі пытаўся, ці не паступалі жанчыне званкі з невядомых нумароў, яна адказала адмоўна, лічачы, што ён у змове са зламыснікамі.

Усе атрыманыя грошы пацярпелая перавяла на ўказаны аферыстамі рахунак, у адказ атрымала скрыншот з інфармацыяй аб нібыта датэрміновым пагашэнні крэдыту і запэўненні, што з ёй хутка звяжуцца праваахоўнікі. Калі абумоўленыя тэрміны мінулі, яна звярнулася ў міліцыю.

Жыхарка Касцюковіч выстаяла перад махлярамі “з банку” – рэдкі выпадак у гісторыі злачынстваў

Тэлефонныя аферысты спрабавалі схіліць жанчыну з Касцюковіч узяць на сябе крэдыт – паведамляе Тэлеграм-канал прэс-службы абласнога УУС. Яны дазваніліся ёй праз месенджар і спрабавалі пераканаць, што зламысныя супрацоўнікі банка, у якім абслугоўвпецца жанчына, збіраюцца таемна адкрыць на яе імя крэдыт. 

“Ужо восемдзесят чалавек пацярпелі ад падобных злачынстваў, восем работнікаў банка затрымана” – бойка шпарыць у размове невядомы малады чалавек. Далей ён папрасіў яе ўзяць новы крэдыт на суму ў чатыры тысячы рублёў і перавесці на рахунак, які будзе названы асобна.

Жанчына, аднак, папрасіла ўзяць паўзу і патэлефанаваць ёй яшчэ раз заўтра. Назаўтра размова праходзіла ўжо ў прысутнасці работнікаў міліцыі. Па факце праводзіцца праверка.