Жыхарка Касцюковіч выстаяла перад махлярамі “з банку” – рэдкі выпадак у гісторыі злачынстваў

Тэлефонныя аферысты спрабавалі схіліць жанчыну з Касцюковіч узяць на сябе крэдыт – паведамляе Тэлеграм-канал прэс-службы абласнога УУС. Яны дазваніліся ёй праз месенджар і спрабавалі пераканаць, што зламысныя супрацоўнікі банка, у якім абслугоўвпецца жанчына, збіраюцца таемна адкрыць на яе імя крэдыт. 

“Ужо восемдзесят чалавек пацярпелі ад падобных злачынстваў, восем работнікаў банка затрымана” – бойка шпарыць у размове невядомы малады чалавек. Далей ён папрасіў яе ўзяць новы крэдыт на суму ў чатыры тысячы рублёў і перавесці на рахунак, які будзе названы асобна.

Жанчына, аднак, папрасіла ўзяць паўзу і патэлефанаваць ёй яшчэ раз заўтра. Назаўтра размова праходзіла ўжо ў прысутнасці работнікаў міліцыі. Па факце праводзіцца праверка.