Крычаўлянін хацеў купіць вадзіцельскія правы і думаў, што гэта законна

У адным з месенджараў мужчына натыкнуўся на аб’яву пра нібыта легальны выраб вадзіцельскіх правоў. Пры гэтым сам ён не меў ніякай катэгорыі на кіраванне аўтамабілем.

Падчас перапісак невядомая асоба пераканала хлопца, што дадзеная працэдура абсалютна легальная і права на кіраванне транспартным сродкам ён атрымае ў хуткім часе ў адпаведнасці з заканадаўствам, а сам дакумент забярэ у дзяржаўтаінспекцыі Крычаўскага раённага аддела ўнутраных спраў. 

За пасведчанне кіроўцы невядомая асоба папрасіла перавесці на банкаўскую картку грошы. Крычаўлянін даверыўся і перавёў ды не адзін раз: са сваёй карты і з карты жонкі на агульную суму 1150 рублёў.

Спачатку ён сапраўды думаў, што ўсё законна, але пасля да мужчыны дайшло, што яго падманулі і звярнуўся ў міліцыю. У працэсе разбіральніцтва высветлілася, што крычаўлянін ніколі не праходзіў навучанне ў аўташколе і не меў ніякай катэгорыі на права кіравання транспартным сродкам.

Фота ілюстрацыйнае

Старая спадніца замест снуда – махляры з Магілёва і Горак прадавалі неіснуючыя тавары

Абодва беспрацоўных маладых чалавека хацелі зарабіць на онлайн-продажах, свядома падманваючы пакупнікоў.

У магілёўскі аддзел міліцыі звярнуліся адразу сем чалавек з розных рэгіёнаў краіны, якія распавялі, што сталі ахвярамі махляра. Следчыя высветлілі, што пакупнікоў падманваў 19-гадовы магілёвец, які нідзе не працуе. 

На онлайн-пляцоўках ён  размяшчаў аб’явы аб продажы арыгінальнай прадукцыі, прымацоўваючы да абвестак пераканаўчыя фатаграфіі брэндавых рэчаў. Як толькі людзі пераводзілі прадаўцу грошы, ён альбо пераставаў ім адказваць ці дасылаў пасылкі з незамоўленымы і бескарыснымы рэчамі паведамляе упраўленне ўнутраных спраў Магілёўкага аблвыканкама. 

У дачыненні да маладога магілёўца ўзбуджана крымінальная справа. 

Другім фігурантам свядомага махлярства стаў малады жыхар Горак, які таксама нідзе не працуе. Ён нібыта прадаваў шалік-снуд, якога насамрэч у яго не было. Сам прадавец прызнаўся супрацоўнікам міліцыі, што на ўчынак ён вырашыўся свядома, хацеў такім чынам зарабіць. На інтэрнэт-пляцоўцы па продажы рэчаў ён правёў аналіз тавараў і вызначыў для сябе, што будзе онлайн “прадаваць” снуд, бо ён карыстаецца попытам у моладзі. 

Размясціў аб’яву, дадаўшы фатаграфію шаліка з інтэрнэту. У той жа дзень на аб’яву адгукнуўся пакупнік, які захацеў набыць снуд за 65 рублёў. Дамовіліся аб адпраўцы тавару поштай. Аднак, замест неіснуючага тавара прадавец адправіў поштай старую спадніцу сваёй дзяўчыны пішуць пра гэты выпадак “Магілёўскія ведамасці”. 

Пасля адпраўкі пасылкі ён заблакаваў акаўнт пакупніка на онлайн-пляцоўцы, каб той не змог звязацца з ім. Аднак гэта не дапамагло – маці непаўнагадовага пакупніка з Пінскага раёна своечасова звярнулася ў міліцыю з просьбай прыцягнуць да адказнасці несумленнага прадаўца.

У выніку горацкага махляра прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці. Грошы падманутаму пакупніку прыйшлося кампенсаваць.  

Фота ілюстрацыйнае

“Кіраўніка” ліпавага прадпрыемства асудзілі ў Горках

Махляр з Магілёва стварыў на паперы арганізацыю па вырабу мэблі і прадаваў людзям паветра.

Як паведамляе прэс-служба Генпракуратуры, у Горках вынеслі абвінавачванне ў дачыненні да 39-гадовага магілёўца. Яму інкрымінуюць махлярства ў буйным памеры. 

Было ўстаноўлена, што абвінавачаны з 3 студзеня 2019 года па 22 лютага 2022 года завалодаў грашыма 30 грамадзян у суме звыш 30 тысяч рублёў. Ён прадстаўляўся кіраўніком прадпрыемства, якое вырабляе мэблю, і абяцаў выканаць дамовы і вырабіць заказчыкам прадметы мэблі.

Але высветлілася, што  ў штаце “прадпрыемства” лічыўся толькі ён адзін. Больш за тое, арганізацыя не мела маёмасці, у ёй адсутнічалі вытворчыя памяшканні, інструменты і абсталяванне для вырабу мэблі. Акрамя таго, яна не вяла бухгалтарскі ўлік і не складала справаздачнасці.

“Кіраўнік” ліпавай арганізацыі з самага пачатку і не збіраўся выконваць свае абавязкі.

На цяперашні момант абвінавачаны кампенсаваў частку  нанесенай шкоды на 18 тысяч рублёў. Суд Горацкага раёна прызначыў яму 3  гады калоніі ўзмоцненага рэжыму і штраф у 150 базавых (5,5 тысячы рублёў).

Фота ілюстрацыйнае

У Магілёве затрымалі 16-гадовага кур’ера тэлефонных махляроў

Пажылой жыхарцы абласнога цэнтра патэлефанавалі невядомыя і расказалі, што яе дачка нібыта стала вінаватай у ДТЗ з пацярпелымі – паведамляе Тэлеграм-канал прэс-службы магілёўскага УУС. Для яе вызвалення ад крымінальнай адказнасці нібыта патрабавалася буйная сума. Нягледзячы на тое, што 64-гадовая жанчына ведала аб такім спосабе махлярства, у стрэсе яна аддала зламыснікам 8 тысяч еўра.

Супрацоўнікі Ленінскага РУУС Магілёва затрымалі кур’ера – 16-гадовага мясцовага жыхара. Ён растлумачыў, што знайшоў аб’яву аб падпрацоўцы ў інтэрнэце. Забраўшы грошы па ўказаным наймальнікам адрасе, адвёз іх на таксі ў Мінск і перадаў пасярэдніку, атрымаўшы свой працэнт. “Заробленае” патраціў на пакупку смартфона.

Фота ілюстрацыйнае.

Жанчына распрадала сядзібу сваякоў пад Бабруйскам – і дом па частках, і тэхніку, і нават плот

Гаспадары дома рэдка прыяжджалі на радзіму з Расіі, а махлярка высылала ім старыя фотаздымкі каб пераканаць, што ўсё ў парадку.

45-гадовая жыхарка Бабруйскага раёна знайшла ключы ад дачнага доміка сваіх родных у сядзібе маці, калі тая памерла ў 2020 годзе. Раней асуджаная за махлярства і прысваенне чужой уласнасці, жанчына стала пастаянна наведвацца на прысядзібны ўчастак сваякоў – паведамілі прадстаўнікі Следчага камітэта па Магілёўскай вобласці агенцтву БелТА.

Падчас візітаў жанчына паступова распрадавала маёмасць сваіх родных, выкладаючы паведамленні пра продаж на папулярнай інтэрнэт-пляцоўцы. 

– Інструменты, газонакасілку, трымер, бетонамяшалку і мэблю яна рэалізавала праз віртуальную гандлёвую пляцоўку, затым пайшлі ў ход будаўнічыя матэрыялы, з якіх быў пабудаваны прысядзібны домік, і заборная агароджа – расказала агенцтву БелТА афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Таццяна Старасотнікава.

З уласнікамі сядзібы звязаліся прадстаўнікі сельскага савета, калі на ўчастку ўтварылася пустка, якая праз дэмантаж агароджы і збудавання стала небяспечнай для жыхароў населенага пункта. Супрацоўнікі сельсавета прадманстравалі рэальны стан дачнага ўчастка на фотаздымках гаспадарам, якія даўно не прыяжджалі ў Беларусь з Расіі.

45-гадовая жанчына, што падазраецца ў махлярстве, спрабавала пераканаць сваякоў, што з іх уласнасцю нічога не здарылася. Дзеля гэтага яна высылала ім старыя фотаздымкі сядзібы, якія зрабіла да продажу маёмасці. Супраць жанчыны ўзбуджана крымінальная справа па артыкуле “Крадзёж.

фота з адкрытых крыніц

Бабруйчанка ўзяла крэдыт на пашпарт сужыцеля сваёй маці

Як высветлілі праваахоўнікі, неназваны 65-гадовы жыхар Бабруйска раней жыў з мясцовай жыхаркай. Яе 21-гадовая дачка здолела падманам завалодать пашпартнымі звесткамі мужчыны. Праз сістэму анлайн-крэдытавання маладая жанчына аформіла пазыку на імя сужыцеля сваёй маці. Сума крэдыту склала 1956 рублёў – паведамляе Тэлеграм-канал прэс-службы абласнога УУС. Цяпер супраць дзяўчыны ўзбуджана крымінальная справа.

 

Бабруйскую махлярку асудзілі ў Кіраўску на 7 гадоў за непрыбраныя магілы

Жанчына атрымала тэрмін зняволення ў 7 гадоў калоніі за злачынствы на могілках і нявыкананыя паслугі. 

Суд Кіраўскага раёна разгледзеў крымінальную справу ў дачыненні да жыхаркі горада Бабруйска, якую абвінавацілі ў махлярстве ў асабліва буйным памеры – злачынства, прадугледжанага ч. 4 арт. 209 КК і прызнаў яе вінаватай. 

Прэс-служба Вярхоўнага суда паведаміла, што абвінавачаная К., ажыццяўляючы індывідуальную прадпрымальніцкую дзейнасць у перыяд з 2018 па 2021 гады заключала з грамадзянамі дамовы бытавога заказу, куплі-продажы, аб выкананні работ і аказанні паслуг. Яна ж вусна дамаўлялася з грамадзянамі аб выкананні работ па вырабе рытуальнай прадукцыі, па добраўпарадкаванні месцаў пахаванняў, пераконвала перадаваць ёй у якасці папярэдняй аплаты грашовыя сродкі. Вось толькі выконваць прынятыя на сябе абавязацельствы яна не спяшалася. 

У выніку злачынных дзеянняў абвінавачаная супрацьпраўна завалодала грашовымі сродкамі грамадзян, прычыніла ім маёмасную шкоду ў асабліва буйным памеры, які цяжка сабе ўявіць – на агульную суму 69 170 рублёў 80 капеек, што склала 2 385,2 базавых велічынь.

Прысуд:

абвінавачаная К. прызнана вінаватай у завалоданні маёмасцю шляхам падману (махлярстве), у асабліва буйным памеры, і на падставе ч.4 арт.209 КК ёй прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 7 гадоў з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму са штрафам у памеры 300 базавых велічыняў.

Таксама пастаноўлена спагнаць з абвінавачанай К. на карысць пацярпелых матэрыяльную шкоду, а таксама кампенсацыю маральнай шкоды.

Грамадзяніна Расіі арыштавалі за махлярства. Ён падманам завалодаў грашыма 87-гадовай жыхаркі Магілёўскага раёну

Ён патэлефанаваў кабеце, назваўшыся следчым, паведаміў, што яе дачка ўчыніла дарожна-транспартнае здарэнне і каб яе выбавіць ад адказнасці патрабуецца 20 тысяч долараў. У жанчыны было толькі васямнаццаць, якія яна аддала махляру.

Каб пераканаць кабету ў праўдзівасці гісторыі з ДТЗ ёй далі пагутарыць па тэлефоне, нібыта, з дачкой і тая заплаканая папрасіла дапамогі.

Затрыманы расіянін меў саўдзельнікаў, якія падтрымлівалі з пацярпелай сувязь пакуль іх завадатар ездзіў да яе па грошы. Яны не давалі магчымасці пажылой жанчыне звязацца з дачкой, піша l газета «СБ. Беларусь сегодня».

Крымінальнай справа займаецца Магілёўскі міжраённы аддзел Следчага камітэту. Пракурор санкцыянаваў арышт абвінавачанага з улікам абставін злачынства, яго цяжкасці і дадзеных аб асобе расіяніна.