Падарунак за шлюб: чыноўнікі Крычава інтрыгуюць, абяцаючы падтрымаць каханне

У Крычаве кіраўніцтва раёна зладзіла сустрэчу з маладымі спецыялістамі на навагоднім балі і зноўку пачало штурхаць іх у абдымкі адно аднаго. Тут прагучала галоўнае: паўжартаўлівае напамінанне пра падарунак ад райвыканкама для першай пары, якая вырашыць стварыць сям’ю.

Старшыня Крычаўскага райвыканкама Аляксей Шарай і лідар “дэпутацкага” корпуса Ірына Пруднікава пагутарылі з моладдзю ў межах навагодняга балю. Але галоўным акцэнтам сустрэчы стаў не фармат, а словы кіраўніка раёна.

Аляксей Шарай нагадаў пра сваё ранейшае абяцанне: асаблівы падарунак для першай пары маладых спецыялістаў, якія вырашаць пажаніцца. Прагучала гэта ў паўіранічнай форме.

Што за падарунак, Шарай не ўдакладніў. Такая дэманстрацыя лаяльнасці сама па сабе цікавая. Толькі вось жартаўлівы тон Шарая насцярожвае: магчыма, кіраўніцтва раёна хоча абмежавацца чымсьці накшталт качана капусты.

Фота раённай газеты.

У Крычаве трэція суткі аднаўляюць падачу цяпла ў жылыя дамы

У Крычаве пасля аварыі на цеплатрасе па вуліцы Мікрараён Сож камунальнікі пачалі падаваць гарачую ваду ў сістэму ацяплення.

Ацяпленне ўжо паступае ў домы па вул. Паркавая 1 і 3, вул. Мікрараён Сож 15, 31,12, 12а,16,13,30,36 і 14, у дом 31а па вул. Кастрычніцкай. Акрамя таго, цалкам адноўлена ацяпленне ў СШ №3, гаворыцца ў паведамленні тэлеграм-канал мясцовай раёнкі “Крычаўскае жыццё”

“Нагадваем, што працы яшчэ ідуць і цяпло вяртаецца паступальна”, – адзначаецца там.

Раней жыхарам паведамілі, што калі да 15:00 батарэі не стануць цёплымі, неабходна звяртацца ва УКПП «Камунальнік», каб выпусціць паветра з сістэмы.

Раней з-за няспраўнасці гарадской кацельні «Сож», зафіксаванай 10 снежня каля 16:30, у Крычаве без ацяплення засталіся 62 шматкватэрныя дамы, школа і 3 дзіцячыя сады. У ноч на 12 снежня ўдалося падключыць адзін павышальны насос, дзякуючы чаму цяпло вярнулі ў 14 дамоў (504 кватэры) і два дзіцячыя сады.

Увечары 12 снежня старшыня Крычаўскага райвыканкама Аляксей Шарай паведаміў, што з сацыяльных аб’ектаў без ацяплення ўсё яшчэ застаюцца школа № 3 і адзін дзіцячы сад.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Прусакі пасяліліся ў крычаўскай “Капеечцы”

У ТікТок завірусілася відэа, як прусак бегае па падлозе ў магазіне “Капеечка” ў Крычаве. Цяпер там правядуць дэзінсекцыю.

Відэа, якое з’явілася ў інтэрнэце два дні таму, на сённяшні дзень набрала больш за 40 тысяч праглядаў. На ім бачна, як па падлозе прадуктовага магазіна бегае даволі вялікі прусак.

Да відэа з’явілася шмат іранічных каментароў: “Не трэба здзіўляцца – гэта дырэктар магазіна, ён правярае свае уладанні”, “Такі харошанькі, укормлены”, “Бо ў кватэрах есці няма чаго, збеглі ў магазіны, там людзі дабрэйшыя”. Ёсць і тыя, якія спрабуюць нейкім чынам апраўдаць антысанітарыю ў асобна ўзятым магазіне: “У магазіне “Верас” тое ж самае… Прадавец сказала, што нічога зрабіць не могуць, бо прывозяць іх з хлебзавода”, “Няма чаму здзіўляцца, у кожным магазіне іх хапае”, “Нічога страшнага, гэта прадуктовы магазін, усюды так”.

Кіраўніцтва магазіна таксама адрэагавала на прусака. “Аб гэтым роліку мы ведаем. Даная сітуацыя вельмі непрыемная для нас. Меры прымаюцца. У бліжэйшы час санэпідэмстанцыя правядзе дэзінсекцыю” – заявіла загадчыца магазіна Кацярына Касценіч.

Скрыншот: Канал maratikzuv

Крычаўскія камунальнікі працуюць толькі пасля ўмяшання КДК

Калі б не ўмяшанне Камітэта дзяржкантроля, заяўкі грамадзян на выпраўленне камунальных праблем у Крычаўскім раёне дагэтуль не былі б выкананыя.

Тры месяцы спатрэбілася крычаўскім камунальнікам на замену няспраўнага газавага катла ў арэндным жыллі ў аграгарадку Бель-1. Уладальніца жылля звярнулася ва УКПП “Камунальнік” яшчэ ў чэрвені гэтага года з просьбай замяніць непрацуючае абсталяванне, паведамляе КДК Беларусі. Тры месяцы заява ляжала на сталах камунальных чыноўнікаў, пакуль яны нібыта ніяк не маглі ўзгадніць з аблвыканкамам пытанне фінансавання замены няспраўнага катла.

Калі да крычаўскіх камунальнікаў прыйшоў КДК з чарговай праверкай, ён выявіў факт такой валакіты і толькі тады работнікі “Камунальніка” хуценька падрыхтавалі пакет дакументаў у аблвыканкам, і новы кацёл был пастаўлены да пачатку ацяпляльнага сезона.

Таксама КДК выявіў, што камунальнікі праігнаравалі заяву жыхара Крычава, які прасіў ліквідаваць шчыліны на фасадзе дома, што засталіся пасля рамонта. Таксама пасля таго рамонту парушылася цеплаізаляцыя дома. Камунальнікі толькі далі адпіску, што нібыта ўсё ў парадку. І толькі пасля ўмяшання Дзяржкантроля паслярамонтныя недахопы былі ліквідаваныя.

У выніку такой працы пяцёра службовых асоб “Камунальніка” былі прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці.

Фотаздымак: krichev-jkh.by

У Крычаўскім раёне бізнес умацоўвае пазіцыі

Нягледзячы на тое, што “Тыдзень беларускага бізнесу” доўжыцца ўсяго чатыры дні, у Крычаўскім раёне ён паспяхова папаўняе бюджэт.

Крычаўскія журналісты пацікавіліся ў начальніка аддзела эканомікі райвыканкама, як ідуць справы з прадпрымальніцтвам у рэгіёне.

Цікаўнасць была зусім не фармальнай. З учорашняга дня ў Беларусі стартаваў “Беларускі тыдзень прадпрымальніцтва”, які, чамусьці, працягнецца толькі чатыры дні.

Высветлілася, што:

  • паступленні ў бюджэт за студзень-верасень 2025 года ад суб’ектаў гаспадарання малога і сярэдняга прадпрымальніцтва раёна склалі 7,23 мільёна рублёў, або 123 працэнты да аналагічнага перыяду 2024 года;
  • удзельная вага ў агульным аб’ёме падатковых паступленняў ад такіх суб’ектаў гаспадарання склала 33,9 працэнта, што больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года – тады паказчык ледзь перавышаў 15 працэнтаў.

Прыкладна такая ж сітуацыя і ў іншых раёнах Магілёўшчыны.

Можна толькі ўявіць, што было б, калі б прадпрымальніцтва ў Беларусі не выкаранялася ўсімі магчымымі спосабамі, а ягоны “тыдзень” сапраўды складаўся, як у Бібліі, з сямі дзён.

Фота ілюстратыўнага характару з адкрытых крыніц

Дзень у гісторыі. 8 лістапада. Паўстанне ў Крычаве, знішчэнне гета ў Бабруйску

1696 год. Крычаўскія паўстанцы разграмілі харугву ВКЛ

У 1696 годзе ў Крычаве была раскватараваная харугва харунжага Вялікага княства Літоўскага Рыгора Агінскага, якая пачала займацца ў горадзе разбоем. 8 лістапада пачалося сумеснае ўзброенае паўстанне гараджан і сялян староства. Жыхары занялі замак і захапілі гарматы з якіх абстралялі харугву. Пачаўся жорсткі бой, у выніку якога харугва была разбіта, ацалелыя ваяры ўцяклі з горада.

Крычаў ХІХ ст.
Від на Крычаў у пач. ХІХ ст.

1916 год. Нарадзіўся Георгій Бенядзіктаў, заслужаны архітэктар БССР

Адзін з аўтараў праекта гасцініцы «Магілёў», пабудаванай у 1972 г. 

гасцініца Магілёў

1941 год. Знішчэнне гета ў Бабруйску.

Гета было створана ў Бабруйску ўжо ў першыя дні акупацыі горада нямецкімі войскамі. Асноўная частка масавых растрэлаў яўрэяў адбылася 7-8 лістапада 1941 года. Яўрэям было абвешчана, што іх павязуць у Палестыну. У рэальнасці ў дзевяці кіламетрах ад горада, каля дарогі на Слуцк іх ужо чакалі тры ямы, загадзя выкапаныя ваеннапалоннымі.

Бабруйскае гета

Чарговы кіраўнік сельгаспрадпрыемства атрымаў турэмны тэрмін за прыпіскі

У Крычаўскім раёне кіраўнік прадпрыемства АПК асуджаны да зняволення з адтэрміноўкай з-за ўкрывання падзежу 112 кароў.

Летам 2025 года пракуратура Крычаўскага раёна разам з міліцыяй праверыла буйны жывёлагадоўчы аб’ект мясцовага прадпрыемства АПК. Падчас пераліку жывёлы высветлілася, што на ферме не хапае значнай колькасці кароў.

Далейшае расследаванне паказала, што кіраўнік у 2024 годзе даваў падначаленым указанні не складаць акты аб падзежы жывёлы і ўносіць у справаздачы фіктыўныя даныя. Такім чынам, у дакументах “жывыя” каровы існавалі, хаця ў рэальнасці яны загінулі ці былі нібыта “накіраваныя на забой”.

У выніку на прадпрыемстве былі ўтоеныя факты падзежу 112 кароў. Усе гэтыя выпадкі афіцыйна не адлюстроўваліся ў бухгалтарскіх і вытворчых дакументах, што дазваляла трымаць “прыгожыя” паказчыкі і пазбягаць адказнасці за страты.

Справа дайшла да суду, дзе кіраўнік, на той момант ужо былы, цалкам прызнаў сваю віну.

Суд Крычаўскага раёна прызнаў мужчыну вінаватым у перавышэнні службовых паўнамоцтваў. Ён атрымаў пакаранне ў выглядзе трох гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання прысуду на два гады, штраф у памеры 300 базавых велічынь (каля 12,6 тысячы рублёў) і пяцігадовую забарону займаць кіраўнічыя пасады.

Прысуд пакуль не ўступіў у законную сілу.

Нагадаем, што такі самы прысуд быў вынесены ў Клічаве, дзе на лаўку падсудных трапіла былая намесніца дырэктара сельгаспрадпрыемства ў Бабруйскім раёне, якая праз прыпіскі хавала падзеж жывёлы.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

“Гэты знак – не проста ўказальнік” – у Мсціславе і Крычаве паднавілі ў’язныя знакі

У Крычаве і Мсціславе былі ў чарговы раз ўпарадкаваны ўяўзныя зкакі: першы кардынальна змяніў свой выгляд, другі абнавіў афарбоўку.   

Уяздны знак Крычава, які знаходзіцца пры заездзе у горад з боку Чэрыкава і Слаўгарада зноўку змяніў свой знешні выгляд. Верхняя яго частка была пафарбавана ў чырвоны колер, а таксама быў нанесены раслінны арнамент. На самім пастаменце з’явіўся герб горада: чырвоны крыж са срэбраным мячом на чырвоным шчыце. Такім чынам, уяздны знак стаўся больш каляровым і заўважным з боку дарогі чым папярэдні яго варыянт, пра што раней згадвалі  mogilev media.  

Не адстаюць ад суседзяў і жыхары Мсціслава. Падчас суботніку супрацоўнікі раённага Дома рамёстваў перафарбавалі ўяздны знак горада, што знаходзіцца на вуліцы Магілёўскай.

Мсціслаў знак

“Гэты знак – не проста ўказальнік, а сімвал гонару за родны горад, візітоўка, якая гасцінна сустракае кожнага, хто, як кажуць, пераступае парог Мсціслава. Таму важна, каб ён заўсёды меў акуратны выгляд.” цытуе словы жырэктара Дома рамёстваў Арцёма Сяргеева мсціслаўская газета “Святло Кастрычніка”

У Крычаве з’явілася выданне пра гісторыю мясцовай футбольнай каманды

Спартыўны краязнавец з Крычава Сяргей Пятроў падрыхтаваў і выдаў брашуру, прысвечаную выступленню мясцовай каманды «Сож» ў чэмпіянаце Рэспублікі Беларусь па футболе ў другой лізе.

 “У ёй сабраныя не толькі статыстычныя даныя пра выступленне каманды “Сож”, але і падрабязныя агляды матчаў, падрыхтаваныя журналістамі раённых газет тых мясцін, дзе праходзілі гульні «Сажа». Чытачы змогуць акунуцца ў атмасферу кожнага матчу, а таксама даведацца пра найлепшыя моманты, якія запомніліся гледачам і заўзятарам” распавядае пра новае выданне раённая газета “Крычаўскае жыццё”.

Адзначым, што для Беларусі гэта адметная падзея, бо рэгіянальным спортам ў нашай краіне займаецца вельмі малая колькасць людзей, а тым больш рыхтуе спецыялізаваныя выданні. У сваю чаргу Сяргей Пятроў вядомы спартыўным краязнаўцам і гісторыкам беларускага футбола як аўтар выданняў “Страницы футбольной истории Кричева” і “Четыре памятных сезона”, якія прысвечаны гісторыі футбола ў Крычаве.

У Крычаве з’явіліся прыпынкі з выявамі гістарычных аб’ектаў

Два прыпынкі з гістарычнымі будынкамі і выявамі горада з’явіліся ў старой частцы Крычава. Прычым яны аформлены як інфармацыйна-выставачныя канструкцыі, выкананыя ў выглядзе металічных рамаў кругавой формы. Унутры рамаў змешчаны плакаты з гістарычнымі выявамі і надпісамі, якія атрыбутуюць архітэктурныя аб’екты і месцы старадаўняга Крычава.

Напрыклад, на адным з прыпынкаў размешчана выява крычаўскай суднаверфі, якая была пабудавана напрыканцы XVIII стагоддзя, калі Крычаўскае староства знаходзілася ва ўладанні графа Пацёмкіна. На гэтым жа прыпынку таксама размешчаны плакат, на якім выяўлены горад, што быў зафіксаваны на акварэлі мастака М.Іванова напачатку ХІХ стагоддзя.

Фота: krichevlive.by