Магілёўскія камунальнікі наракаюць на невыхаваных дзяцей

Камунальнікам у Магілёве не спадабалася, што добраўпарадкаваная імі дзіцячая пляцоўка была папсаваная за тры дні.

Як сцвярджаюць камунальнікі, 22 траўня 2026 года яны разам з адміністрацыяй Ленінскага раёна добраўпарадкавалі дзіцячыую гульнявую пляцоўку. Паводле Magilev.by, гэтая пляцоўка знаходзіцца на вуліцы Якубоўскага. 

Праз тры дні там ужо было пагнутае баскетбольнае кальцо, парваная сетка на ім і на гандбольных варотах, а таксама адарваныя квадраты гумавага пакрыцця. 

“Зварот да бацькоў: калі ласка, размаўляйце са сваімі дзецьмі. Тлумачце, што гэта месца для гульняў, а не для разбурэнняў. Нашы дзеці – наша будучыня, і выхоўваць павагу да агульнай маёмасці трэба з самага ранняга ўзросту. Давайце разам захаваем тое, што зроблена сёння, для шчаслівага заўтра нашых дзяцей!” – заклікаюць пакрыўджаныя камунальнікі.

Зразумела, што лягчэй за ўсё скардзіцца на невыхаваных дзяцей, забываючы, што рыба гніе з галавы. І хоць даўно, яшчэ ў 1995 годзе, вышэйшае кіраўніцтва дзяржавы на кавалкі рэзала на той момант дзяржаўны бел-чырвона-белы сцяг, прыклад для ўсёй Беларусі быў дадзены паказальны – так рабіць можна і нічога за гэта не будзе. 

Падзеі 2020 года, калі цяперашні намеснік міністра МУС Мікалай Карпянкоў разам са сваімі падзельнікамі граміў шкло ў кавярні, каб затрымаць пратэстоўцаў, таксама не забытыя. І паводзіны гэтага, у прыватнасці, чыноўніка таксама ёсць дурным прыкладам для беларусаў і іх дзяцей. Так што не да бацькоў варта звяртацца магілёўскім камунальнікам, а да вышэйшага кіраўніцтва краіны з асуджэннем яго паводзін.

Скрыншот: ТГ ЖРЭУ Ленінскага раёна г. Магілёва

Шклоўскія камунальнікі бясплатна раздаюць туі

Шклоўскае УКП “Жылкамгас” прадастаўляе гараджанам саджанцы, каб яны сваімі рукамі ўпрыгожылі двары.

Туі, зямлю і ваду гатовы прадаставіць шклоўскія камунальнікі ў межах акцыі “Утульнасць сваімі рукамі” жыхарам шматкватэрных дамоў, каб тыя высадзілі іх у сваіх дварах. Для гэтага людзям трэба звярнуцца ў “Жылкамгас” са сваімі прапановамі і адрасам, дзе плануецца высадзіць дрэвы.

“Ад вас толькі добры настрой і жаданне зрабіць свой дом лепей і прыгажэй” – гавораць арганізатары акцыі.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

На сцяне інтэрнату магілёўскіх камунальнікаў з’явілася антываенная ўлётка

На сцяне інтэрнату №19 КУП ЖРЭУ Ленінскага раёна з’явілася ўлётка з заклікам не дапусціць уцягвання Беларусі ў вайну.
Фотаздымак шыльды магілёўскага інтэрната з прыклеенай ніжэй улёткай размясціў тэлеграм-канал “The Бульба”. Паводле яго, расклееныя падобныя ўлёткі былі і ў іншых гарадах Беларусі. “У гарадах Беларусі прайшла антываенная акцыя сіл супраціву, якая аб’яднала грамадзян, якія выступаюць супраць уцягвання краіны ў любыя ваенныя дзеянні. Сілы супраціву заявілі аб сваёй прынцыповай пазіцыі: “Беларусь павінна заставацца тэрыторыяй свету, а не пляцоўкай для эскалацыі канфлікту”, – гаворыцца ў паведамленні пад фотаздымкамі расклееных улётак.
Там жа адзначаецца, што прадстаўнікі беларускай грамадзянскай супольнасці заклікалі ўлады спыніць любыя ваенныя правакацыі ў бок Украіны і іншых краін і адмовіцца ад дзеянняў, якія ставяць пад пагрозу бяспеку беларускага народа.
“Сілы супраціву падкрэслілі неабходнасць павагі суверэнітэту суседніх дзяржаў і захавання нормаў міжнароднага права. Беларускае грамадства ясна дае зразумець, што будучыня краіны – у свеце дэмакратыі і адказнасці ўлады перад міжнародным правам”, – адзначаецца ў паведамленні.
Тэлеграм-канал “The Бульба” пазіцыянуе сябе як “канал, некрануты лукашысцкай прапагандай”.
Фотаздымак: ТГ “The Бульба”

Працэс пайшоў – у Быхаве стартаваў ямачны рамонт

У Быхаве не даюць зіме спакойна скончыцца – ужо пачаўся ямачны рамонт.

Асноўную масу навін з Быхава, якія распаўсюджвае мясцовая газета, складаюць паяданне бліноў і ўкладка асфальту.

Вось і цяпер паведамляецца пра тое, што камунальнікі раённага цэнтра, вядомага разумнымі начальнікамі і дрэннымі дарогамі, не даюць зіме спакойна скончыцца – у горадзе ўжо стартаваў ямачны рамонт.

Не абыходзіцца без хітрасцяў, або, як іх называюць быхаўскія журналісты, “фішак”. Спецыялісты выкарыстоўваюць спецыяльную халодную асфальтабетонную сумесь, якую можна ўкладваць нават у мароз і пры ападках.

Пры гэтым не трэба чакаць застывання – транспарт можа ехаць па абноўленым участку адразу пасля ўкладкі.

Падобна, што векавая мара беларускіх камунальнікаў у Быхаве стала рэальнасцю: асфальт можна ўкладваць у дождж.

Аднак, галоўнай “фішкай” Быхава застаецца тое, што там да гэтага часу не могуць знайсці дырэктара УКП “Быхаўскі жылкамгас”, затрыманага ў сакавіку мінулага года. Ён таксама лічыўся вялікім аматарам асфальтавання вуліц.

Фота раённай газеты.

Бабруйчанка атрымала траўмы ад падзення гурбы снегу з даху

Гурба снегу з даху двухпавярховага будынка па вуліцы Сацыялістычнай у Бабруйску звалілася на галаву жанчыне.

У доме з нячышчаным ад снега даху знаходзіцца аптэка, куды і пайшла 55-гадовая бабруйчанка. Калі жанчына выйшла з яе, ёй на галаву звалілася куча снегу. У выніку пацярпелай спатрэбілася медыцынская дапамога, пасля аказання якой бабруйчанцы было прызначана амбулаторнае лячэнне.

На сайце МНС сцвярджаецца, што месца здарэння было агароджана папераджальнай стужкай. Праўда, не тлумачыцца, якім жа чынам там апынулася пацярпелая жанчына. З чаго вынікае падазрэнне, што тая стужка была абсалютна незаўважнай для пешаходаў, па меншай меры з таго боку, з якога ў небяспечнае месца зайшла бабруйчанка.

“Падзенне снегу і ледзяшоў з дахаў можа прадстаўляць сур’ёзную небяспеку для жыцця і здароўя. Не хадзіце пад стрэхамі, карнізамі, гаўбцамі дамоў і будынкаў. Папярэдзьце аб небяспецы дзяцей! Звяртайце ўвагу на папераджальныя знакі і агароджы”, – заклікаюць ратаўнікі. Звароту да камунальнікаў з патрабаваннем своечасова рабіць бяспечным знаходжанне людзей у цэнтры гораду ў МНС-аўскім паведамленні няма.

Фотаздымак: mogilev.mchs.gov.by

Цяпер і па магілёўскіх тратуарах пачалі катацца на каньках

Няздольнасць камунальнікаў даць рады галалёду выкарысталі магілёўскія дзяўчыны, пракаціўшыся на каньках па тратуары.

Магіляўчанкі Віялета Астаповіч і Дар’я Котава пракаціліся па тратуары на Пушкінскім праспекце побач з былым Палацам культуры вобласці. Дзяўчыны даволі шпарка разганяліся і ўмела рабілі піруэты на нерукатворным катку.

Падобныя праблемы з катком на тратуарах тычацца не толькі Магілёве. Так, трэнд з катаннем на каньках па вуліцах горада запачаткавала гамяльчанка, выклаўшы пару дзён таму відэа сваіх піруэтаў у ТікТок.

Фотаздымак: ТГ “МагілёўАнлайн”

У Крычаве, здаецца, пачалася “гульня тронаў”

Двойчы чалавек года і “дэпутат” трох скліканняў, Ірына Пруднікава абяцае Крычаву росквіт, але ёй перашкаджаюць камунальнікі, вандроўныя сабакі і кіроўцы маршрутных таксі.

Днямі, у крычаўскім раённым цэнтры гігіены і эпідэміялогіі прайшло выступленне Ірыны Пруднікавай. Яе ўважліва выслухалі два дзясяткі чалавек.

Дэлегат усенароднага сходу, старшыня раённага савета “дэпутатаў” старшыня павятовага палітбюро “Белай Русі”, чалавек года Крычаўшчыны, чалавек года Магілёўшчыны, уладальнік памятнага партыйнага знака “Залаты фонд” і маці начальніка крычаўскага аддзялення пазаведамаснай аховы Пруднікава ў чарговы раз праславіла эру Лукашэнкі.

Яна напірала на моцныя рэгіёны, рост чагосьці і транслявала пакрытыя павуціннем тэзісы трыццацігадовай даўніны.

Крычаў

А мы проста працягнем знаёміцца ​​з біяграфіяй самых яскравых дэпутатаў Магілёўшчыны, сярод якіх Ірына Віктараўна – зорка не апошняй велічыні.

Ёй шэсцьдзесят два гады, дваццаць з якіх яна аддала працы ў райспажыўтаварыстве. У час работы, завочна, трэба меркаваць, скончыла Гомельскі кааператыўны інстытут па спецыяльнасці эканаміст.

Прайшла шлях ад прадаўца да старшыні праўлення райспажыўтаварыства, а калі ўперлася ў столь кар’ернага росту ў гандлі, то ў 2003 годзе перайшла ў райвыканкам – у аддзел эканомікі. 

У 2017 годзе Пруднікаву прызначылі старшынёй раённай рады “дэпутатаў”. Узнагароды і званні пасыпаліся на Ірыну Віктараўну як з рога багацця. Часам, праўда, у бочцы мёда з’яўляліся лыжкі дзёгцю. 

Так у даносе, накіраваным у КДБ, Пруднікаву абвінавачвалі ў тым, што яна празмерна апякуе крычаўскую пазаведамасную ахову і дрэнна ўплывае на былога старшыню райвыканкама Андрэя Седукова. 

На першы погляд, можа падацца, што Пруднікава выконвае толькі дэкаратыўныя функцыі. 

Але з іншага боку, дама з белкаапсаюзаўскай хваткай і доўгім пералікам званняў можа з’яўляцца сур’ёзным удзельнікам крычаўскай “гульні тронаў”.

Бо камяні, якія раённая газета кідае ў агарод УКПП “Камунальнік”, могуць прызначацца старшыні райвыканкама Аляксею Шараю, які, па чутках, паставіў на чале камунальнага прадпрыемства свайго чалавека. 

На чыім баку Ірына Пруднікава – пакуль незразумела. Зрэшты сітуацыя хутка высветліцца. Калі нават крычаўская “раёнка” перастане рэзаць праўду-матку, пра тое, што адбываецца ў раёне, раскажуць самі крычаўляне цераз сацыяльныя сеткі.

Фота раённай газеты.

На Ленінскай у Магілёве з’явіліся прыгожыя коцікі

Вуліцу Ленінскую ў Магілёве ўпрыгожылі два мілых коцікі – іх можна пагладзіць і “пачаставаць” манеткай.

У двары дома № 26 па вуліцы Ленінскай у Магілёве з’явіліся два прыгожыя металічныя каты. Адзін загінае спіну, як бы заклікаючы: пагладзь мяне. Другі відавочна напрошваецца на пачастунак.

Мы часта крытыкуем магілёўскіх камунальнікаў, але калі ў іх нешта атрымліваецца – чаму б і не пахваліць?

Такія каты-прыгажуны, вядома, паднімуць настрой магілёўцам.

Хочацца спадзявацца, што такое стаўленне да добраўпарадкавання не спыніцца на цэнтры Магілёва, а дакоціцца і да ўскраін.

Фота: “Магілёўскія ведамасці”.

Крычаўскія камунальнікі працуюць толькі пасля ўмяшання КДК

Калі б не ўмяшанне Камітэта дзяржкантроля, заяўкі грамадзян на выпраўленне камунальных праблем у Крычаўскім раёне дагэтуль не былі б выкананыя.

Тры месяцы спатрэбілася крычаўскім камунальнікам на замену няспраўнага газавага катла ў арэндным жыллі ў аграгарадку Бель-1. Уладальніца жылля звярнулася ва УКПП “Камунальнік” яшчэ ў чэрвені гэтага года з просьбай замяніць непрацуючае абсталяванне, паведамляе КДК Беларусі. Тры месяцы заява ляжала на сталах камунальных чыноўнікаў, пакуль яны нібыта ніяк не маглі ўзгадніць з аблвыканкамам пытанне фінансавання замены няспраўнага катла.

Калі да крычаўскіх камунальнікаў прыйшоў КДК з чарговай праверкай, ён выявіў факт такой валакіты і толькі тады работнікі “Камунальніка” хуценька падрыхтавалі пакет дакументаў у аблвыканкам, і новы кацёл был пастаўлены да пачатку ацяпляльнага сезона.

Таксама КДК выявіў, што камунальнікі праігнаравалі заяву жыхара Крычава, які прасіў ліквідаваць шчыліны на фасадзе дома, што засталіся пасля рамонта. Таксама пасля таго рамонту парушылася цеплаізаляцыя дома. Камунальнікі толькі далі адпіску, што нібыта ўсё ў парадку. І толькі пасля ўмяшання Дзяржкантроля паслярамонтныя недахопы былі ліквідаваныя.

У выніку такой працы пяцёра службовых асоб “Камунальніка” былі прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці.

Фотаздымак: krichev-jkh.by

Не гавары «гоп». Магілёўскія чыноўнікі заявілі, што гатовыя сустрэць зіму

Снег зімой на Магілёўшчыне заўсёды выпадае нечакана, але чыноўнікі гатовыя не толькі прыбіраць снег, але і знаходзіць апраўданні, калі гэтага не атрымліваецца.

Чыноўнікі Магілёва заявілі пра тое, што гатовыя сустрэць зіму цалкам узброенымі.

Пра тое, каб снег не стаў сур’ёзнай праблемай, камунальныя службы і работнікі дарожна-моставага прадпрыемства паклапаціліся загадзя.

Закуплена каля 7 тысяч тон супрацьгалалёдных матэрыялаў, падрыхтавана спецыяльная тэхніка, і гэта дазволіць хутка і эфектыўна спраўляцца з непагаддзю.

Аднак, снег зімой у Магілёўскай вобласці вельмі часта выпадае нечакана. Так здаралася не раз, і тады тыя, хто ў лістападзе абвяшчаў снегу вайну на знішчэнне, пачыналі апраўдвацца.

Калі абласныя цэнтры і раёны завальвала снегам або скоўвала лёдам – не хапала ні тэхнікі, ні пяску.

Тады чыноўнікі скардзіліся на цыклоны, якія, як заўсёды, наляталі на Беларусь, быццам санкцыі, з Захаду, і заклікалі грамадзян дапамагчы ў прыборцы снегу.

Хутчэй за ўсё, так будзе і ў гэтым годзе. Які ж сэнс рапартаваць пра перамогу ў бітве, якая яшчэ не пачалася? Адказ просты: звычка.

Улады так прывыклі балбатаць пра тое, што ў іх усё пад кантролем ужо трыццаць гадоў, што часова змаўкаюць толькі пасля таго, як іх тыкаюць носам у разбітае карыта.

Фота: скрыншот відэа тэлеканала «Беларусь-4».