Шклоўскія камунальнікі бясплатна раздаюць туі

Шклоўскае УКП “Жылкамгас” прадастаўляе гараджанам саджанцы, каб яны сваімі рукамі ўпрыгожылі двары.

Туі, зямлю і ваду гатовы прадаставіць шклоўскія камунальнікі ў межах акцыі “Утульнасць сваімі рукамі” жыхарам шматкватэрных дамоў, каб тыя высадзілі іх у сваіх дварах. Для гэтага людзям трэба звярнуцца ў “Жылкамгас” са сваімі прапановамі і адрасам, дзе плануецца высадзіць дрэвы.

“Ад вас толькі добры настрой і жаданне зрабіць свой дом лепей і прыгажэй” – гавораць арганізатары акцыі.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Бабруйчанін хацеў бачыць раку. Вось як адрэагаваў пракурор

І вярба ломкая, і вольха чорная. Усё пусціў пад сякеру бабруйчанін, які купіў участак у Светлагорскім раёне.

Светлагорскаму раённаму аддзелу Следчага камітэта давялося займацца абставінамі незаконнай высечкі дрэў у вёсцы Васілеўка на тэрыторыі, што прымыкае да прыватнага домаўладання.

Гэты ўчастак набыў бабруйчанін, які доўгі час жыў і працаваў у Расіі і падышоў да добраўпарадкавання сваіх уладанняў з нядрэннай дзелавой хваткай і чыста расійскім самаўпраўствам.

Ён наняў брыгаду для зносу старых пабудоў і ўзвядзення новых, а таксама вырашыў добраўпарадкаваць тэрыторыю за межамі свайго ўчастка – зрабіць газон, пляж і прычал.

Васілеўка яшчэ не бачыла такіх гаспадарчых падыходаў і феадальных замашак.

Новы ўласнік аддаў загад спілаваць усе дрэвы ад плота дома да берага ракі, хаця гэта тэрыторыя адносіцца да зямель агульнага карыстання і СУП «Міхайлаўскае-агра». У выніку было знішчана 186 дрэў розных парод (вярба ломкая, вольха чорная, клён ясенелістны, груша, дуб). Шкода, нанесеная навакольнаму асяроддзю, склала 12 975 рублёў.

Улічваючы, што гэта першае злачынства 45-гадовага бабруйчаніна, якое не нясе вялікай грамадскай небяспекі, а таксама добраахвотнае кампенсаванне шкоды і шчырае раскаянне, пракурор дазволіў спыніць крымінальную справу і прыцягнуць вінаватага толькі да адміністрацыйнай адказнасці – штрафу.

Фота ведамаснага сайта Следчага камітэта.

У Магілёве высякаюць здаровыя дрэвы

Вырубка здаровых дрэў адбываецца ў гэтыя дні ўздоўж магілёўскіх вуліц.

Пра вырубку дрэў, у прыватнасці, уздоўж вуліцы Крыленка, паведаміла тэлеграм-каналу “Рэальная Беларусь” мясцовая жыхарка. 

“Ну вось аражэнькія, паглядзіце. Цэнтр горада, здаровыя дрэвы. Чаму б іх не захаваць? Чаму не скарыстацца прынцыпамі падыходаў, як гэта робіцца ў Еўропе – кожнае дрэва зберагаецца. Вельмі шкада” – кажа ў відэа, датаваным 14 лістапада 2025 года, ўсхваляваня жанчына. 

На відэа бачны пні, якія засталіся пасля вырубкі дрэў. Па іх бачна, што дрэвы былі здаровыя і была магчымасць іх захаваць. Відаць, што гэтыя пні ўжо выкарчоўвае спецыяльна падагнаны трактар з экскаватарным каўшом.

Скрыншот тэлеграм-канал “Рэальная Беларусь”

Пад Кіраўскам пасадзілі расійскія саджанцы, таму што яны “ўвасабляюць жыццё”

Старшыня Кіраўскага райвыканкама і школьнікі пасадзілі дрэвы, прывезеныя з Белгарадскай вобласці, і падвялі пад гэта дзіўную ідэалагічную базу.

Каля знака “Памяці спаленых вёсак” у вёсцы Боркі Кіраўскага раёна старшыня мясцовага райвыканкама Галіна Слабоднікава, работнікі жылкамгаса і школьнікі пасадзілі маладыя дубкі.

Саджанцы незразумела навошта прывезлі з Белгарадскай вобласці. Маўляў, таму што “саджанцы дуба, прывезеныя з Белгародскага раёна Расійскай Федэрацыі, ўвасабляюць новае жыццё, надзею і адраджэнне”.

Чаму менавіта расійскія саджанцы дазволяць “захаваць у памяці ўрокі мінулага і з надзеяй глядзець у новы дзень” – незразумела.

Вось і атрымліваецца: справу, нібыта, зрабілі добрую, але засталася нейкая недамоўленасць. З якіх гэта часоў беларускія саджанцы перасталі быць сімваламі надзеі?

Фота раённай газеты “Кіравец”.

Актывісты звярнуліся ў магілёўскі гарвыканкам і атрымалі некампетэнтную адпіску з памылкамі

Канал “Блог гарадскога актывіста з Магілёва” апублікаваў вынік калектыўнага зварота грамадзян у магілёўскі гарвыканкам. Нераўнадушныя грамадзяне, усхваляваныя наступствамі ліпеньскага ўрагану, запытваліся ў профільных служб гарадской адміністрацыі, як арганізавана праца па азеляненні Магілёва. Яны прапанавалі абследаваць дрэвы старэйшыя за 40 гадоў, распрацаваць праграму кампенсацыйнага азелянення, весці адкрыты рэестр зялёных насаджэнняў і прыцягваць да працы спецыялістаў-арбарыстаў.

У адказ яны атрымалі дакумент на трох старонках, у якім утрымлівалася шмат агульных фраз і спасылак на законы, але ключавыя пытанні проста праігнараваны. Так, без адказу засталіся такія пытанні:

  • Колькі ў горадзе спецыялістаў (арбарыстаў, дэндролагаў, фітапатолагаў)? 
  • Ці будзе створана праграма кампенсацыйнага азелянення? 
  • Ці будзе весціся рэестр дрэў? 
  • Як плануецца вырашаць праблему старых аварыйных дрэў? 

Больш за тое – гаворыцца ў паведамленні гарадскога актывіста – у адказе гарвыканкама прыведзены спасылкі на нарматывы, якія даўно страцілі сілу. Гэта значыць, грамадзянам афіцыйна даюць інфармацыю, заснаваную на дакументах, якія не дзейнічаюць. Гэта не проста памылка – гэта ставіць пад сумнеў кампетэнцыю супрацоўнікаў, якія рыхтавалі адказ, і службовых асоб «Магілёўзеленбуда».

Аўтар звароту паабяцаў накіраваць скаргу на гарвыканкам у абласны выканаўчы камітэт.

горисполком могилев отписка

Фота з адкрытых крыніц