Пад Кіраўскам пасадзілі расійскія саджанцы, таму што яны “ўвасабляюць жыццё”

Старшыня Кіраўскага райвыканкама і школьнікі пасадзілі дрэвы, прывезеныя з Белгарадскай вобласці, і падвялі пад гэта дзіўную ідэалагічную базу.

Каля знака “Памяці спаленых вёсак” у вёсцы Боркі Кіраўскага раёна старшыня мясцовага райвыканкама Галіна Слабоднікава, работнікі жылкамгаса і школьнікі пасадзілі маладыя дубкі.

Саджанцы незразумела навошта прывезлі з Белгарадскай вобласці. Маўляў, таму што “саджанцы дуба, прывезеныя з Белгародскага раёна Расійскай Федэрацыі, ўвасабляюць новае жыццё, надзею і адраджэнне”.

Чаму менавіта расійскія саджанцы дазволяць “захаваць у памяці ўрокі мінулага і з надзеяй глядзець у новы дзень” – незразумела.

Вось і атрымліваецца: справу, нібыта, зрабілі добрую, але засталася нейкая недамоўленасць. З якіх гэта часоў беларускія саджанцы перасталі быць сімваламі надзеі?

Фота раённай газеты “Кіравец”.