Дрыбінскі раён

Дрыбінскі раён пасля ўзбуйнення застанецца адным з найменшых у вобласці

Пасля планаванага ўзбуйнення Дрыбінскі раён стане больш за сярэднестатыстычны раён на Магілёўшчыне, сцвярджаюць у аблвыканкаме. Насамрэч гэта няпраўда.

Як раней паведамлялася, Дрыбінскаму раёну плануецца перадаць 10 тыс. га ад суседніх Горацкага, Шклоўскага і Магілёўскага раёнаў. Змены межаў зробяць яго вышэй сярэднестатыстычных раёнаў вобласці па плошчы, сцвярджае, спасылаючыся на старшыню Магілёўскага аблавканкама Анатоля Ісачанку, Белта.

Разам з тэрыторыямі да Дрыбіншчыны адыйдуць сельгаспрадпрыемствы. Цяпер іх там шэсць, а стане 12. Зараз прапановы, якія выпрацавалі ў Магілёўскай вобласці, разглядаюцца ў Мінску.

У цяперашні час плошча Дрыбінскага раёна 767,84 км2. 10 тыс.га, на якія збіраюцца павялічыць яго тэрыторыю, гэта плюс 100 км2. Такім чынам павялічаны Дрыбінскі раён будзе мець прыкладна 868 км2. Гэта ніяк не робіць яго большым па плошчы за сярэднестатыстычны сельскі раён на Магілёўшчыне. 

Практычна ўсе сельскія раёны маюць тэрыторыю больш за 1000 км2. Выключэнне, акрамя Дрыбінскага, складаюць толькі Крычаўскі (776,84 км2), Круглянскі (879,16 км2) і Хоцімскі (862,55 кв2) раёны. Такім чынам Дрыбінскі раён нават пасля запланаванага ўзбуйнення стане толькі перадапошнім па плошчы сельскім раёнам Магілёўскай вобласці. 

Фотаздымак з адкрытых крыніц

← Усе навіны Магілёва