Дрыбінскі раён пасля ўзбуйнення застанецца адным з найменшых у вобласці

Пасля планаванага ўзбуйнення Дрыбінскі раён стане больш за сярэднестатыстычны раён на Магілёўшчыне, сцвярджаюць у аблвыканкаме. Насамрэч гэта няпраўда.

Як раней паведамлялася, Дрыбінскаму раёну плануецца перадаць 10 тыс. га ад суседніх Горацкага, Шклоўскага і Магілёўскага раёнаў. Змены межаў зробяць яго вышэй сярэднестатыстычных раёнаў вобласці па плошчы, сцвярджае, спасылаючыся на старшыню Магілёўскага аблавканкама Анатоля Ісачанку, Белта.

Разам з тэрыторыямі да Дрыбіншчыны адыйдуць сельгаспрадпрыемствы. Цяпер іх там шэсць, а стане 12. Зараз прапановы, якія выпрацавалі ў Магілёўскай вобласці, разглядаюцца ў Мінску.

У цяперашні час плошча Дрыбінскага раёна 767,84 км2. 10 тыс.га, на якія збіраюцца павялічыць яго тэрыторыю, гэта плюс 100 км2. Такім чынам павялічаны Дрыбінскі раён будзе мець прыкладна 868 км2. Гэта ніяк не робіць яго большым па плошчы за сярэднестатыстычны сельскі раён на Магілёўшчыне. 

Практычна ўсе сельскія раёны маюць тэрыторыю больш за 1000 км2. Выключэнне, акрамя Дрыбінскага, складаюць толькі Крычаўскі (776,84 км2), Круглянскі (879,16 км2) і Хоцімскі (862,55 кв2) раёны. Такім чынам Дрыбінскі раён нават пасля запланаванага ўзбуйнення стане толькі перадапошнім па плошчы сельскім раёнам Магілёўскай вобласці. 

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Вожыкамі са сцягоў у Магілёве заглушылі прастору плошчы

На цэнтральнай плошчы Магілёва выраслі чырвона-зялёныя канструкцыі – сотні сцягоў на металічных каркасах. Майстры “пераможнага” крэатыву дабіліся таго, што ад чырвонага і зялёнага будзе міргацець ў вачах.

На галоўнай плошчы Магілёва да 9 мая ўсталявалі арт-аб’екты. З цэнтральных кропак разлятаюцца ва ўсе бакі металічныя штыры, на кожным – сцяг: чырвоны зверху, зялёны знізу. Здалёку – кветка. Зблізку – вожык. З вышыні птушынага палёту – выбух патрыятызму ў літаральным сэнсе слова.

Магілёўскія майстры “пераможнага” дэкору атрымалі заданне: больш, ярчэй, маштабней і выканалі яго на поўную катушку. 

Чырвонага і зялёнага тут столькі, што прастора плошчы ператвараецца ў аптычную галаваломку, здольную выклікаць прыступ эпілепсіі.

Карацей кажучы, ўсё запоўнена да краёў. Не пакінута месца для пустаты і, адпаведна, для іншадумства – толькі дзяды і перамогі.

Уражвае і сур’ёзнасць намераў дэкаратараў, і камічны вынік іх старанняў.

Фота ведамаснага сайта аблвыканкама.