На пасяджэнні калегіі галоўнага ўпраўлення ЖКГ Магілёўшчыны абмеркавалі ідэалогію

У Магілёве адбылося пасяджэнне калегіі галоўнага ўпраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі аблвыканкама.

У цэнтры ўвагі ўдзельнікаў пасяджэння, нібыта былі вынікі працы ў мінулым ацяпляльным перыядзе і задачы па падрыхтоўцы галіны да працы ў асенне-зімовы перыяд 2026/2027 гадоў.

Але асноўны ўпор кіраўнік прафсаюза работнікаў ЖКГ Павел Жуйкоў зрабіў на “вынікі выканання арганізацыямі ЖКГ вобласці патрабаванняў дырэктывы Лукашэнкі №12 «Аб рэалізацыі асноў ідэалогіі беларускай дзяржавы”.

Жуйкоў заявіў, што “праца ў гэтым кірунку будуецца праз інфармацыйную, выхаваўчую і сацыяльна-культурную дзейнасць”.

І гэта пры тым, што “TikTok ” завалены скаргамі беларусаў на бардак у ЖКГ.

Замест таго, каб абмеркаваць тое, як лепш абслугоўваць насельніцтва, магілёўскія чыноўнікі прымяняюць “план Качанавай” па закрыцці ратоў тым, хто скардзіцца.

Фота ведамаснага сайта аблвыканкама.

Галоўны ідэолаг Магілёўшчыны занепакоена, што нага яе калег не ступала на прыватныя прадпрыемствы

Ідэолагі Магілёўскай вобласці вырашылі не навязваць свае думкі людзям, а пераконваць народ. Гэта будзе проста – у вобласці засталося 15 працэнтаў тых, каго яшчэ не “пераканалі”.

Выступаючы з дакладам перад буйнымі прапагандыстамі і раённай ідэалагічнай чэляддзю начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Кацярына Музычэнка заявіла, што ў мінулым годзе яе калегі дасягнулі ўсяго, чаго хацелі.

Выглядае гэта так:

  • праведзена больш за 27 тысяч сустрэч у працоўных калектывах;
  • 85% жыхароў задаволены якасцю жыцця;
  • 61% станоўча ацэньваюць эканамічную сітуацыю;
  • падпісны тыраж на друкаваныя выданні павялічыўся на 26 працэнтаў;
  • колькасць унікальных наведвальнікаў сайтаў вырасла на 40 працэнтаў;
  • рост колькасці крытычных матэрыялаў у СМІ вырас на 12 працэнтаў – іх апублікавалі 1567 штук.

Увогуле, махавік хлусні раскручаны ў Магілёўскай вобласці так, што не спыніш. Занепакоена Музычэнка толькі прыватнымі прадпрыемствамі, да якіх шчупальцы прапаганды яшчэ не дацягнуліся.

Ну і, канешне, тыя самыя пятнаццаць працэнтаў жыхароў Магілёўшчыны, якія не згодны з лухтой, якую нясе Музычэнка і яе падначаленые, таксама выклікаюць у ўладаў смутнае занепакоенне.

Фота: “Могилевские ведомости“

Магілёўскія “дэпутаты” звярталіся да савета пры савеце і давалі парады

Магілёўскія дэпутаты і ідэолагі спрабуюць заручыцца падтрымкай моладзі.

У магілёўскім аблвыканкаме прайшла сустрэча на тэму ролі моладзі ў развіцці самакіравання. 

Галоўнымі спікерамі былі “дэпутат-сенатар” Аляксандр Гарошкін, ідэолаг-прапагандыст Алег Пішчанка і рэктар Магілёўскага дзяржаўнага абласнога інстытута развіцця адукацыі Міхаіл Жудро – вучоны, які піша навуковыя працы ў суаўтарстве то ці з сваякамі, то ці з аднафамільцамі.

Спікеры звярталі свае прамовы да моладзевага “савета” пры “савеце рэспублікі”. Ключавую заяву зрабіў Аляксандр Гарошкін. Паводле яго слоў, пасля падзей 2020 года быў праведзены сур’ёзны аналіз: мы забыліся пра такі аспект, як выхаванне маладых людзей, і ў выніку ледзь не страцілі нашу краіну. Калі б не кіраўнік дзяржавы, сілавы блок і свядомая частка насельніцтва, маглі б адбыцца непапраўныя наступствы.

Судзячы па ўсім, пад непапраўнымі наступствамі Гарошкін меў на ўвазе тое, што дэпутатаў у Беларусі сталі б абіраць, а не прызначаць па спісе.

У гэтым выпадку і сам Гарошкін, і Пішчанка, і Жудро маглі б многа страціць. Праўда не краіну, а ўсяго толькі мандаты і цёплыя месцы ў мутных структурах па “развіцці і росквіце”.

Фота “Могилевские ведомости”.

Падлічаны патрыёты Магілёўскай вобласці і тыя, хто сумняваецца

Ідэолаг Музычэнка паведаміла пра колькасную перавагу патрыётаў у Магілёўскай вобласці і расказала пра гэта студэнтам архітэктурнага каледжа.

На адзіны дзень інфармавання ў архітэктурна-будаўнічы каледж БРУ прыехала начальніца галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Кацярына Музычэнка.

Яна распавяла педагогам і навучэнцам пра ўзброеныя сілы, а таксама паведаміла, што “ў нашай Магілёўскай вобласці патрыётаў значна больш, чым тых, хто сумняваецца ва ўласнай дзяржаве”.

Дакладных суадносін лічбаў ідэолаг не назвала, але, мяркуючы па тварах студэнтаў, яны не падзялілі аптымізму прапагандысткі і відавочна засумняваліся ў аргументах Музычэнкі.

Напрыканцы Кацярына Анатольеўна заявіла, што яе ведамства працуе з “велізарнай колькасцю” блогераў, якія асвятляюць дзяржаўную павестку.

Калі ж усё-такі не верыць псеўдапатрыятычным заявам Музычэнкі, а зазірнуць у “Тык-Ток”, то колькасць тых, хто “топіць” за ўладу, не такая ўжо і вялікая. Тыя, хто сумняваецца і спачувае, таксама ёсць, а вось тых, хто не жадае мець з рэжымам Лукашэнкі нічога агульнага, – пераважная большасць.

 

Фота “Магілёўскія ведамасці”.

Чорны ідэолаг лукашэнкаўскай «культуры» Ірына Дрыга пабывала ў Магілёве

У Магілёў прыязджала Ірына Дрыга – складальніца чорных спісаў творчай інтэлігенцыі Беларусі.

На калегіі ўпраўлення культуры аблвыканкама абмеркавалі дасягненні галіны ў мінулым годзе і будавалі планы на год цяперашні. Гучала шмат лічбаў, якія сведчаць пра поспехі, але самай прыкметнай падзеяй калегіі стала прысутнасць сталічнай госці – Ірыны Дрыгі.

Калі Лукашэнка скардзіцца на тое, што беларускія пісьменнікі не напісалі ніводнай вартай увагі кнігі, а кінематаграфісты не знялі ніводнага вартага ўвагі фільма, то гэтыя праблемы яму трэба адрасаваць зусім не творчай інтэлігенцыі краіны, а Ірыне Дрызе.

Гэта зараз яна – начальнік аддзела па кінематаграфіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, а ў прапагандысцкіх колах яна замацавалася так даўно, што заслужыла дрэнную славу пахавальніцы ўсіх добрых культурных пачынанняў.

Фактычна Дрыга з’яўляецца прадзюсарам самых вычварных беларускіх «кіно» – сексуальна-прапагандысцкіх твораў Мукавозчыка і Азаронка. Яна складала спісы творчых асоб, якія, на яе думку, перашкаджалі планамернаму развіццю лукашэнкаўскага цемрашальства.

Ірына Дрыга заявіла, што «Магілёўская вобласць стварае, у пэўнай ступені, культурнае аблічча Рэспублікі Беларусь». 

Такі «камплімент» з вуснаў Дрыгі, па сутнасці, азначае, што ў культуры Магілёўшчыны ўсё вельмі дрэнна.

Тым не менш, спецпасланніцы цёмных сіл даверылі ўручаць граматы.

Фота “Магілёўскія ведамасці”.

У Чавусах вельмі актыўныя прыхільнікі тэорый Алега Гайдукевіча

У чавускай ячэйцы ЛДБП налічваецца семдзесят два чалавекі. Сярод іх – першы намеснік старшыні райвыканкама.

Чавускую раённую арганізацыю Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі ўзначальвае ідэолаг Чавускага лясгаса Надзея Падалякіна, якая набывала карысны досвед, працуючы ў сферы культуры рэгіёна.

Падалякіна ганарыцца тым, што ў яе партыю ўваходзіць першы намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Пухоўскі, створаны ТГ-канал «ЛДПБ Чавусы Надзея Падалякіна», партыйныя ўнёскі плаціць не трэба, а свой адміністрацыйны рэсурс для вярбоўкі новых адэптаў Алега Гайдукевіча яна не выкарыстоўвае.

Ліберальныя дэмакраты Чавус жывуць поўным жыццём – удзельнічаюць у акцыях «Збяром школьны партфель», «Нашы дзеці» і «Ад усёй душы».

Калі ж глядзець на рэчы цвярозым позіркам, то сярод чатырох беларускіх партый, беззаветна адданых Лукашэнку, ЛДБП заслужыла імідж партыі злодзеяў і махляроў.

Не без падстаў. Многія вядомыя дзеячы гэтай структуры былі асуджаныя зусім не за прыхільнасць ліберальна-дэмакратычным каштоўнасцям:

  • у 2018 годзе за махлярства і карупцыю асудзілі намесніка старшыні партыі Уладзіміра Карунаса;
  • у 2019 годзе судзілі кіраўніка Віцебскай абласной арганізацыі ЛДПБ Сяргея Ермыкіна – за махлярства;
  • у 2021 годзе ў «зону» адправіўся бліжэйшы паплечнік Гайдукевіча Аляксандр Косач – за хабарніцтва і махлярства.

Пра тое, як ідуць партыйныя справы ў спецыялісткі па культурных і лясных угоддзях Надзеі Падалякінай, відаць па яе знакамітым тэлеграм-канале – на яго падпісаныя 40 актывістаў, гэта значыць нават не ўсе мясцовыя члены партыі.

Тым не менш, асабістыя заслугі ў Падалякінай усё ж маюцца. Яна прыйшла ў лясгас у лістападзе 2023 года, а ўжо ў сакавіку 2025-га атрымала дыплом за лепшую арганізацыю ідэалагічнай работы.

Дарэчы, у сферу культуры настаўніца хіміі Падалякіна перайшла з пасады першага сакратара раённай арганізацыі ГА «БРСМ».

Такім чынам, у шэрагі ліберальных дэмакратаў актывістка ўпіса́лася вельмі гарманічна.

Цяпер для Надзеі галоўнае – не перахімічыць з «лібералізмам», бо сёння за яго ў Беларусі даюць да васьмі гадоў.

Фота раённай газеты.

Магілёўскі “патрыёт” Шкадаў ужо стаў чалавекам-легендай

Размову аб патрыятызме ў магілёўскай школе вёў Аляксандр Шкадаў, жыццё якога – бляклы ўзор служэння Айчыне.

У СШ №21 Магілёва прайшла сустрэча ў рамках праекта “Школа актыўнага грамадзяніна”. Тэмай дыялогу стала пытанне аб тым, што значыць быць дастойным грамадзянінам Рэспублікі Беларусь і ў чым заключаецца гатоўнасць да абароны Радзімы. Галоўны спікер – старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі РГА “Патрыёты Беларусі” Аляксандр Шкадаў. Для яго праблема з тым, як стаць дастойным грамадзянінам, гатовым абараняць Радзіму, ужо лічы вырашана.

Нараджэнне легенды

У публікацыі “Магілёўскіх ведамасцей” Шкадава называюць “чалавекам-легендай, чыё жыццё – ўзор служэння Айчыне”. 

Што вядома аб яго прафесійным шляху, акрамя бягучай пасады ў грамадскім аб’яднанні? 

Толькі тое, што Аляксандр Яўгенавіч быў вядучым спецыялістам аддзела эканамічнай бяспекі, вядучым эканамістам і  выконваючым абавязкі намесніка начальніка ўпраўлення матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння ААТ “Магілёўхімвалакно”. 

Вядома таксама, што прадпрыемства і дагэтуль з’яўляецца глыбока стратным.

Такім чынам, вялікіх поспехаў Шкадаў там не дамогся і яго працу на ААТ “Магілёўхімвалакно” нельга назваць узорам служэння Айчыне нават з вялікай нацяжкай. 

Ды і згадваўся Аляксандр Шкадаў у публікацыях абласных СМІ не як перадавік вытворчасці, а як ўдзельнік патрыятычных акцый.

Здаецца, што з вытворчасцю хларата натрыю і перакісу вадароду Шкадаў завязаў канчаткова і пачаў займацца патрыятызмам на прафесійным узроўні. 

Так ці інакш, але афіцыйна абласная арганізацыя РГА “Патрыёты Беларусі” зарэгістраваная ў галоўным упраўленні юстыцыі аблвыканкама ў красавіку 2023 года. 

Стаў маральным арыенцірам

З цягам часу і пры такім частым мільганні Шкадава на розных праўладных мерапрыемствах, у тым, што Шкадаў з’яўляецца ўзорам служэння Айчыне ўжо перастануць сумнявацца. А тут яшчэ і фота з Віктарам Лукашэнкам, Мукавозчыкам і Азаронкам у асабістым інстаграм-акаўнце Аляксандра Яўгенавіча не пакідае ніякіх сумневаў у тым, што ён менавіта той, каго “абраў час”. 

У выпадку са Шкадавым не патрабуецца нават указваць адрас фермы па вырошчванні патрыётаў. 

Ты проста ездзіш на аўтапрабегі, заводзіш карысныя знаёмствы, затым рэгіструеш нейкую разнавіднасць саюза “Мяча і арала”, потым цябе прадстаўляюць школьнікам як маральны арыенцір і прыклад для пераймання і… Калі зараз Шкадава ўзнагародзяць медалём “За адвагу на пажары” ніякіх сумневаў у яго адвазе ўжо не будзе.

А што на справе? Хлопец проста зразумеў, што пры цяперашняй свістаплясцы меркаванняў і перакананняў у Беларусі кар’еру зрабіць значна прасцей не ў гарачым цэху, а на рэжымных патрыятычных пачуццях.

Фота – асабісты  акаўнт ў Instagram.

Школьнік з Бабруйска стварыў музей піянерыі. «Патрыёты» Магілёўшчыны гэтаму ўзрадаваліся

Дзевяцікласніка з Бабруйска прынялі ў абласную арганізацыю «Патрыёты Беларусі» за тое, што ён сабраў калекцыю піянерскіх «артэфактаў».

Бабруйскі падлетак Мацвей Бержанін сабраў у сваім хатнім музеі калекцыю з 550 экспанатаў. Асаблівасць калекцыі ў тым, што яна звязаная з піянерскім рухам часоў СССР.

Пачалося ўсё з бюста Ільіча, якім Мацвей зацікавіўся ў першым класе. Цяпер, праз сем гадоў, у яго ёсць барабаны, горны, школьная форма, значкі, пасведчанні, кнігі, вымпелы і кубкі мінулага стагоддзя.

Сама па сабе калекцыя заслугоўвае ўвагі, але праблема ў тым, што ёю зацікавіліся старшыня абласной арганізацыі РГА «Патрыёты Беларусі» Аляксандр Шкадаў і яго памочніца Вольга Рудакоўская.

Псеўдапатрыятычная арганізацыя бачыць у падобных экспанатах не проста спадчыну таталітарнага мінулага. Шкадаў і яго паплечнікі ўпэўненыя, што менавіта ў гэтым і заключаецца «светлая будучыня» Беларусі.

Па рашэнні Шкадава і Рудакоўскай Мацвей Бержанін атрымаў сумнеўны гонар – стаў членам Магілёўскай абласной арганізацыі РГА «Патрыёты Беларусі».

Фота: «Магілёўскія ведамасці».

Інтэлектуальная «Белая Русь» Магілёва стала яшчэ больш інтэлектуальнай

Магілёўскія актывісты «Белай Русі» ездзілі ў Мінск, каб набрацца інтэлекту і сінэргіі.

Актывісты Магілёўскай абласной арганізацыі РГА «Белая Русь» сталі ўдзельнікамі форуму «Беларусь інтэлектуальная» і паразмаўлялі пра:

  • тэхналагічнае лідарства;
  • здаровую нацыю;
  • харчовую бяспеку;
  • захаванне гістарычнай праўды.

Па сутнасці, актывісты кішэннай партыі рэжыму абмяркоўвалі тое, чаго не існуе ў прыродзе Беларусі, а сам з’езд больш нагадваў сход сацыялістаў-утапістаў.

Цалкам прадказальна, што і высновы, да якіх прыйшлі ўдзельнікі мерапрыемства, не патрабавалі ад іх празмерных інтэлектуальных здольнасцяў.

Напрыклад, старшыня Чавускай раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» Ганна Падворная пасля форуму ўсвядоміла, што «толькі сінэргія ўсіх сіл можа прывесці да значных зменаў».

Варта адзначыць, што сінэргія ў коле прыхільнікаў Лукашэнкі даўно карыстаецца папулярнасцю: гэта калі ніхто не разумее, хто менавіта будзе працаваць і хто будзе адказваць за вынікі прпацы.

Фота «Магілёўскія ведамасці».

Як аграном Музычэнка стала галоўным ідэолагам Магілёўшчыны – знаёмімся

Галоўны ідэолаг Магілёўскай вобласці, аграном па адукацыі, Кацярына Музычэнка вучыць членаў інфармацыйна-прапагандысцкіх груп сеяць разумнае, добрае, вечнае.

Начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама Кацярына Музычэнка праводзіць інструктыўна-метадычныя семінары і не стамляецца нагадваць іх удзельнікам самыя трапныя выказванні Лукашэнкі.

Напрыклад, на апошнім семінары Кацярына Анатольеўна акцэнтавала ўвагу ідэолагаў на аўтарскай фразе, якая «пайшла ў народ» – «Час выбраў нас», а мы паспрабуем разабрацца, дзе, калі і як час выбраў яе.

Музычэнка пяцьдзясят гадоў. Нарадзілася яна ў пасёлку Дрыбін. У 2000 годзе скончыла сельскагаспадарчую акадэмію па спецыяльнасці «аграномія» і адразу ж адправілася жаць ураджай на палетках… аддзела па справах моладзі Дрыбінскага райвыканкама.

З 2005 па 2012 год працавала начальнікам аддзела ідэалагічнай работы, а ў 2012 годзе стала намеснікам старшыні Клімавіцкага райвыканкама.

У 2015 годзе Кацярына Анатольеўна ўмацавала свае веды ў акадэміі кіравання Лукашэнкі, а ў 2017 годзе атрымала пасаду, на якой працуе і па сённяшні дзень.

Афіцыйную біяграфію Кацярыны Музычэнка ўдалося адшукаць толькі на састарэлай версіі сайта Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, дзе яна названа дзяржаўным дзеячам.

Дзеячы такога кшталту ў Беларусі звычайна не распаўсюджваюцца пра свае жыццёвыя шляхі-дарогі, каб у народных мас не ўзнікала няёмкіх пытанняў. А між тым, Музычэнка няма чаго хаваць – не кожнаму аграному ўдаецца пасеяць у аблвыканкаме столькі разумнага, добрага і вечнага.

Фота афіцыйнага сайта Магілёўскага аблвыканкама.