Школьнік з Бабруйска стварыў музей піянерыі. «Патрыёты» Магілёўшчыны гэтаму ўзрадаваліся

Дзевяцікласніка з Бабруйска прынялі ў абласную арганізацыю «Патрыёты Беларусі» за тое, што ён сабраў калекцыю піянерскіх «артэфактаў».

Бабруйскі падлетак Мацвей Бержанін сабраў у сваім хатнім музеі калекцыю з 550 экспанатаў. Асаблівасць калекцыі ў тым, што яна звязаная з піянерскім рухам часоў СССР.

Пачалося ўсё з бюста Ільіча, якім Мацвей зацікавіўся ў першым класе. Цяпер, праз сем гадоў, у яго ёсць барабаны, горны, школьная форма, значкі, пасведчанні, кнігі, вымпелы і кубкі мінулага стагоддзя.

Сама па сабе калекцыя заслугоўвае ўвагі, але праблема ў тым, што ёю зацікавіліся старшыня абласной арганізацыі РГА «Патрыёты Беларусі» Аляксандр Шкадаў і яго памочніца Вольга Рудакоўская.

Псеўдапатрыятычная арганізацыя бачыць у падобных экспанатах не проста спадчыну таталітарнага мінулага. Шкадаў і яго паплечнікі ўпэўненыя, што менавіта ў гэтым і заключаецца «светлая будучыня» Беларусі.

Па рашэнні Шкадава і Рудакоўскай Мацвей Бержанін атрымаў сумнеўны гонар – стаў членам Магілёўскай абласной арганізацыі РГА «Патрыёты Беларусі».

Фота: «Магілёўскія ведамасці».

У Быхаве загінуў школьнік, яго засыпала пяском на кар’еры

Днём 11 ліпеня трое школьнікаў прыехалі на роварах на пясчаны кар’ер у Быхаве. Пакінуўшы веласіпеды, пачалі караскацца па абрыве кар’еры. 10-гадовы хлопчык працягнуў сваё “скалалазанне” нават пасля таго, як частка грунта абсыпалася – ён стаў забірацца яшчэ вышэй. Пясок абвяліўся разам з ім зноў. Ратавальнікі, якія прыбылі на месца трагедыі, ужо толькі канстатавалі гібель школьніка – паведамляе прэс-служба Следчага камітэта.

Фота: Следчы камітэт, скрыншот

Кампанія падлеткаў бегала па закінутых быхаўскіх казармах, адзін хлопчык праваліўся праз падлогу

Дзесяцігадовы школьнік атрымаў чэрапна-мазгавую траўму, пераломы рук і іншыя пашкоджанні – паведамляюць Судовыя экспертызы.

У Быхаве ў сярэдзіне чэрвеня кампанія падлеткаў зайшла ў стары двухпавярховы будынак былой казармы, у адной з частак якіх вядуцца рамонтныя работы. Тут 10-гадовы хлопчык па драўлянай лесвіцы падняўся на другі паверх і стаў там бегаць. У нейкі момант пад ім правалілася драўляная падлога і школьнік ўпаў на першы паверх.

Са шматлікімі цялеснымі пашкоджаннямі, у тым ліку з закрытай чэрапна-мазгавой траўмай, пераломамі абедзвюх кісцяў рук і іншымі траўмамі хлопчык шпіталізаваны ў раённую бальніцу, зараз знаходзіцца на лячэнні ў Магілёўскай абласной дзіцячай бальніцы.

Фота: Судовыя экспертызы