Ідэолаг Музычэнка паведаміла пра колькасную перавагу патрыётаў у Магілёўскай вобласці і расказала пра гэта студэнтам архітэктурнага каледжа.
На адзіны дзень інфармавання ў архітэктурна-будаўнічы каледж БРУ прыехала начальніца галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Кацярына Музычэнка.
Яна распавяла педагогам і навучэнцам пра ўзброеныя сілы, а таксама паведаміла, што “ў нашай Магілёўскай вобласці патрыётаў значна больш, чым тых, хто сумняваецца ва ўласнай дзяржаве”.
Дакладных суадносін лічбаў ідэолаг не назвала, але, мяркуючы па тварах студэнтаў, яны не падзялілі аптымізму прапагандысткі і відавочна засумняваліся ў аргументах Музычэнкі.
Напрыканцы Кацярына Анатольеўна заявіла, што яе ведамства працуе з “велізарнай колькасцю” блогераў, якія асвятляюць дзяржаўную павестку.
Калі ж усё-такі не верыць псеўдапатрыятычным заявам Музычэнкі, а зазірнуць у “Тык-Ток”, то колькасць тых, хто “топіць” за ўладу, не такая ўжо і вялікая. Тыя, хто сумняваецца і спачувае, таксама ёсць, а вось тых, хто не жадае мець з рэжымам Лукашэнкі нічога агульнага, – пераважная большасць.
Фота “Магілёўскія ведамасці”.