На Магілёўшчыне актыўна распаўсюджваюцца небяспечныя гатункі раслін

На Магілёўшчыне інвазіўныя небяспечныя гатункі раслін – баршчэўнік Сасноўскага і сумнік канадскі – з’яўляюцца на ўсё новых тэрыторыях.

Паводле Магілёўскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, за 2025 год удалося цалкам знішчыць 29 месцаў росту баршчэўніка (на фота справа) на агульнай плошчы 41 гектар, аднак было выяўлена 90 новых месцаў яго росту.

Пры гэтым не зафіксавана папуляцыі баршчэўніка ў Бабруйскім, Глускім, Клічаўскім і Слаўгарадскім раёнах, а таксама ў Бабруйску. 

Таксама ў 2025 годзе цалкам знішчана 110 месцаў росту сумніка канадскага (на фота злева) на агульнай плошчы 88,34 га. Аднак ужо выяўлена 575 новых месцаў вырастання гэтага інвазіўнага віду. 

Сёння на ўсіх выяўленых месцах росту баршчэўніка (447 месцаў агульнай плошчай 163,77 га) і сумніка (1372 месцы агульнай плошчай 1871,27 га) праводзяцца хімапрацоўкі, сцвярджае кіраўнік камітэта Канстанцін Цеплякоў.

Асноўная небяспека ад сумніка канадскага звязана з яго здольнасцю выцясняць іншыя культуры і збядняць глебы, якія ён захапіў. Таксама можа правакаваць алергічныя рэакцыі. Сімптомы могуць ўключаць набор стандартных для паліноза рэакцый: сверб вачэй, носа, моцны насмарк.

У сваю чаргу баршчэўнік Сасноўскага валодае здольнасцю выклікаць у людзей моцныя апёкі на скуры пры ўздзеянні сонца, якія доўга не загойваюцца. Таксама ён выцясняе мясцовую расліннасць.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Расія ўладкоўвае пляцоўкі для запуску баявых дронаў каля Магілёўскай вобласці

У Смаленскай і Бранскай абласцях Расіі непадалёк ад Магілёўшчыны ўладкоўваюцца новыя расійскія пускавыя комплексы.

Смаленская вобласць

Вайсковы аэрадром Шаталава ў Смаленскай вобласці знаходзіцца за 46 км да мяжы з Беларуссю і за 145 км да Магілёва. Яго пачалі выкарыстоўваць з 2025 года. Гэта найбліжэйшае да краін NATO вядомае месца запуску расійскіх баявых дронаў.

Маштабнае ўладкаванне інфраструктуры на гэтым аб’екце пачалося год таму. Ужо ў першыя месяцы на ўсходняй частцы аэрадрома былі заўважаныя дзве стацыянарныя пускавыя ўстаноўкі для запуску беспілотнікаў тыпу «Шахед». Пазней колькасць такіх пазіцый істотна павялічылася. На спадарожнікавым здымку ад 5 траўня 2026 года, які апынуўся ў распараджэнні Радыё Свабода, можна налічыць каля дзесяці пускавых установак.

Работы на тэрыторыі аэрадрома працягваюцца і цяпер. Акрамя новых стартавых пазіцый, тут былі размешчаныя элементы супрацьпаветранай абароны, а таксама збудаванне, якое па сваіх прыкметах можа выкарыстоўвацца як сховішча для беспілотнікаў.

Паводле інфармацыі ўкраінскіх маніторынгавых рэсурсаў, запускі дронаў з гэтай пляцоўкі адбываюцца рэгулярна і ў асобныя перыяды могуць фіксавацца некалькі разоў на працягу аднаго тыдня.

Спадарожнікавы здымак ад 1 сакавіка 2026 года сведчыць, што аэрадром, верагодна, выкарыстоўваецца не толькі для запуску стандартных «Шахедаў», але і для больш сучасных рэактыўных беспілотнікаў сямейства «Герань». На фотаздымку бачныя цёмныя сляды на снежным покрыве, якія могуць быць вынікам працы рэактыўных рухавікоў падчас стартаў з пускавых установак.

Бранская вобласць

Вайсковы аэрадром Сешча ў Бранскай вобласці знаходзіцца за 45 км да мяжы з Беларуссю і за 190 км да Магілёва. Ён выкарыстоўваўся ў 2022—2023 гадах.

Гэты аэрадром ужо не першы год згадваецца ў кантэксце выкарыстання расійскіх беспілотнікаў у вайне супраць Украіны. Яшчэ ў 2023 годзе прадстаўнікі ўкраінскага вайсковага камандавання заяўлялі, што гэты аб’ект належыць да ліку асноўных пляцовак, з якіх ажыццяўляліся запускі дронаў-камікадзэ. Падобныя высновы агучвала і брытанская разведка, адзначаючы выкарыстанне аэрадрома для атак па ўкраінскай тэрыторыі, у тым ліку на кіеўскім напрамку.

Акрамя выканання баявых задач, Сешча доўгі час захоўвала значэнне аднаго з ключавых лагістычных цэнтраў расійскай арміі. Паводле звестак маніторынгавай супольнасці «Беларускі Гаюн», у перыяд з 2022 па 2024 год праз гэты аэрадром рэгулярна праходзіла перамяшчэнне авіяцыйнай тэхнікі і розных вайсковых грузаў паміж Расіяй і Беларуссю.

У траўні 2023 года аб’ект трапіў пад удар украінскіх беспілотнікаў. Пасля гэтай атакі згадкі пра Сешчу як пра месца запуску «Шахедаў» сталі з’яўляцца значна радзей. Разам з тым аэрадром не страціў свайго значэння для расійскай ваеннай авіяцыі і працягнуў выкарыстоўвацца для транспартных і дапаможных аперацый.

Свежыя спадарожнікавыя здымкі ад 4 чэрвеня 2026 года сведчаць пра далейшае развіццё інфраструктуры аб’екта. На тэрыторыі аэрадрома зафіксаваныя новыя інжынерныя работы, а ў шэрагу месцаў абсталяваныя спецыяльныя земляныя пазіцыі, якія могуць выкарыстоўвацца для размяшчэння сродкаў супрацьпаветранай абароны.

Звяртае на сябе ўвагу і размяшчэнне авіяцыйнай тэхнікі. Транспартныя самалёты знаходзяцца на значнай адлегласці адзін ад аднаго, што можа быць звязана з мерамі бяспекі. Частка паветраных суднаў дадаткова прыкрытая аўтамабільнымі шынамі – такі спосаб абароны расійскія вайскоўцы ўжо неаднаразова выкарыстоўвалі на іншых аэрадромах для зніжэння рызыкі пашкоджанняў у выніку атак беспілотнікаў.

***

Акрамя гэтых двух аэрадромаў, комплекс для запуску дронаў створаны каля вёскі Цымбулава ў Арлоўскай вобласці, за 200 кіламетраў ад межаў Беларусі, комплекс запуску «Шахедаў» пад Наўляй у Бранскай вобласці за 127 км ад беларускай мяжы і комплекс запуску беспілотнікаў каля Асавіцы ў Бранскай вобласці за 163 км да мяжы з Беларуссю.

Фотаздымак: Радыё Свабода

Турызм на Магілёўшчыне развіваецца: можна паглядзець на Мірскі замак

Прапагандыстка Віталіна Петрусевіч у сваёй аўтарскай праграме «Версія Петрусевіч» вырашыла паразважаць пра вартасці ўнутранага турызму і пачала расказваць пра цудоўныя беларускія балоты, якія нібыта куды больш прывабныя за сярэднявечныя замкі Еўропы.

Захады сонца над балотамі, вядома, справа густу, але нават яны – не заслуга Лукашэнкі і яго паплечнікаў.

Куды цікавейшая праграма «Замкі Беларусі», пра якую Віталіна таксама ўзгадала і на якую былі выдаткаваны сотні мільярдаў рублёў.

Паводле версіі Петрусевіч, грошы падаткаплацельшчыкаў не аселі ў кішэнях чыноўнікаў, а пайшлі на рэстаўрацыю айчынных замкаў – Мірскага, Нясвіжскага, Лідскага, Гродзенскага. Але…

Навошта мысліць рэспубліканскімі катэгорыямі, калі ты працуеш на тэлеканале «Магілёў-4»? Менавіта туды Віталіну ўладкавала яе маці – «сенатар» і дырэктар ІА «Магілёўскія ведамасці» Ірына Петрусевіч.

Зразумела, што дзяўчына імкнецца перабрацца ў Мінск гэтак жа, як у 2020 годзе з-за недахопу кадраў перабралася з Касцюковіч у Магілёў. Аднак пакуль Петрусевіч-дачка ўсё яшчэ працуе на рэгіянальным тэлебачанні, а дзяржаўная праграма «Замкі Беларусі» ў разрэзе Магілёўшчыны, шчыра кажучы, кульгае на ўсе чатыры нагі.

Мы маем руіны Быхаўскага замка, якімі палохаюць турыстаў, разбураны барочны храм на Мсціслаўшчыне, закінутую сядзібу Талстых у Грудзінаўцы і храм у Княжыцах, на рэстаўрацыю якога ўлады спрабуюць сабраць грошы ўсім светам.

І адсюль узнікае вузкаабласное пытанне: дзе грошы, Зін?

Што адбылося з дзяржаўнай праграмай «Замкі Беларусі» ў нашай вобласці? Ці былі атрыманы сродкі? Ці былі яны скрадзены? І калі скрадзены, то кім? Імперыялістамі, англасаксамі, палякамі ці ўсё ж нашымі роднымі «моцнымі гаспадарнікамі»?

Чаму пры выдаткаваных невядома куды мільярдах магілёўскія прапагандысты раяць любавацца замкамі ў іншых абласцях і рэкламуюць краявіды балот?

Фота ілюстрацыйнага характару.

У лясгасах Магілёўшчыны маса недахопаў у працы ў пажаранебяспечны сезон

Нечаканыя рэйды спецыялістаў Мінлясгаса паказалі, што не ўсё добра ў гатоўнасці да барацьбы з ляснымі пажарамі на Магілёўшчыне.

Так, у Фашчаўскім лясніцтве Магілёўскага лясгаса, як высветлілася, дзяжурства ажыццяўляецца адным лесаводам. Пры гэтым памочнік ляснічага выйшаў на сувязь праз 15-20 хвілін. Бочка з вадой была запоўненая напалову, а шлагбаўмы былі адкрытымі ў перыяд дзеяння забарон і абмежаванняў на наведванне лясоў. 

У Дабранскім лясніцтве Горацкага лясгаса таксама былі адкрытыя шлагбаўмы. Ёмістасць для вады не ўстаноўлена на аўтамабіль. Камбінаваны лясны плуг (ПКЛ-70), прызначаны для стварэння супрацьпажарных бар’ераў не быў устаноўлены на трактар. Дзяжурства арганізавана ў складзе аднаго майстра лесу.

У Чавускім лясгасе ўзбуйнёная пажарна-хімічная станцыя неўкамплектавана асабовым складам (адсутнічаюць лесавод і вадзіцелі).

У Слаўгарадскім лясніцтве Чэрыкаўскага лясгаса ў памяшканні пажарна-хімічнай станцыі не аказалася асвятлення.

Фотаздымак: ТГ “Мінлясгас”

Шклоў пахваліўся ростам тавараабароту, але амаль 70% пакупак прыйшлося на ежу

Шклоўскія ўлады з гонарам паведамілі, што рознічны тавараабарот Шклоўскага раёна ў першым квартале 2026 года вырас на 4,8 працэнта.

Аднак радавацца рана. Паказчык рознічнага тавараабароту паказвае, на якую суму жыхары і госці раёна купілі тавараў у крамах за пэўны перыяд.

У дадзеным выпадку:

  • за студзень-сакавік 2026 года праз крамы і гандлёвыя арганізацыі Шклоўскага раёна было прададзена тавараў на 42,2 мільёна рублёў;
  • з улікам інфляцыі і змянення цэн аб’ём продажаў аказаўся на 4,8 працэнта большым, чым за той жа перыяд 2025 года;
  • з гэтых 42,2 мільёна рублёў на харчовыя тавары прыпала 27,9 мільёна рублёў;
  • на нехарчовыя тавары прыпала 12,3 мільёна рублёў.

Аднак гэта не азначае, што землякі Лукашэнкі сталі багацейшымі на 4,8 працэнта.

Рост тавараабароту можа быць звязаны з рознымі прычынамі:

  • павелічэннем рэальных даходаў насельніцтва;
  • ростам колькасці пакупнікоў з іншых раёнаў;
  • развіццём гандлёвай сеткі;
  • змяненнем структуры спажывання;
  • адкрыццём новых крам.

Акрамя таго, Шклоўскі раён невялікі. Калі падзяліць 42,2 мільёна рублёў на колькасць насельніцтва раёна (каля 22 тысяч чалавек), атрымаецца прыкладна 1900 рублёў пакупак на аднаго жыхара за квартал або каля 630 рублёў у месяц. Гэта ўжо дазваляе прыкладна ацаніць маштабы спажывання.

Самая цікавая лічба ў гэтай хітрай статыстыцы нават не рост тавараабароту, а тое, што 69,4 працэнта ўсіх пакупак прыпала на харчовыя тавары. 

Гэта вельмі высокая доля. У развітых эканоміках па меры росту дабрабыту доля выдаткаў на ежу звычайна змяншаецца, а больш грошай ідзе на паслугі, адпачынак, тэхніку, жыллё і іншыя нехарчовыя тавары. Таму такая структура выдаткаў ускосна паказвае, што для большасці жыхароў раёна прадукты харчавання застаюцца асноўным артыкулам спажывецкіх выдаткаў.

Фота ілюстрацыйнага характару.

Магілёўшчына абагнала Брэсцкую вобласць па ўзроўні пенсій

У Беларусі назвалі рэгіёны з самымі высокімі сярэднімі прызначанымі пенсіямі. Адпаведныя даныя апублікавалі галоўныя статыстычныя ўпраўленні Мінска і абласцей.

Сярэдні памер прызначанай пенсіі разлічваецца шляхам дзялення агульнай сумы прызначаных пенсій на колькасць пенсіянераў.

Паводле даных на канец 2025 года, сярэдні памер прызначаных пенсій у Беларусі склаў 922,9 рубля.

Лідарам па гэтым паказчыку стаў Мінск. У сталіцы сярэдняя прызначаная пенсія дасягнула 998,3 рубля. Далей у тройку рэгіёнаў з найбольш высокімі пенсіямі ўвайшлі Гомельская і Мінская вобласці.

Рэгіёны-лідары выглядаюць так:

  1. Мінск – 998,3 рубля.
  2. Гомельская вобласць – 918,1 рубля.
  3. Мінская вобласць – 914,4 рубля.

Астатнія рэгіёны размясціліся ніжэй за агульнарэспубліканскі ўзровень. Пры гэтым розніца паміж шэрагам абласцей аказалася невялікай.

Далей у спісе ідуць:

  • Віцебская вобласць – 907,1 рубля;
  • Гродзенская вобласць – 905,8 рубля;
  • Магілёўская вобласць – 904,5 рубля;
  • Брэсцкая вобласць – 877,5 рубля.

Нарэшце Магілёўская вобласць не толькі не замкнула спіс беднякоў, але нават абагнала росквітную Брэстчыну. 

Аднак гэтая статыстыка вельмі і вельмі адносная. Найхутчэй у Магілёўскай вобласці да пенсіі дажывае менш людзей.

Фота ілюстрацыйнага характару.

Паўтарагадзінны лівень затапіў вуліцы Бабруйска

Стыхія разбушавалася ў Бабруйску 7 чэрвеня пасля 16:00. За паўтары гадзіны ліўню вуліцы горада ператварыліся ў рэкі, паведамляе тэлеграм-чат «Дарогі Бабруйска».

У сацыяльных сетках пішуць, што найбольш дасталося вуліцам Сацыялістычнай і Чангарскай.

А вось абласны цэнтр ліўні чамусьці абыходзяць бокам.

«Магілёўаблгідрамет» прагназуе, што пагроза ліўняў па вобласці захаваецца і сёння.

Фота – скрыншот тэлеграм-чата «Дарогі Бабруйска».

“Дэпутат” Гарошкін любіць талаку. У Дрыбіне і Касцюковічах да яе таксама неабыякавыя

На нарадзе ў Вейна “сенатар-дэпутат” Аляксандр Гарошкін заклікаў чыноўнікаў больш актыўна выкарыстоўваць талаку і суботнікі для вырашэння надзённых пытанняў.

У чым-у чым, а ва ўжыванні бясплатнай працы грамадзян улады Магілёўшчыны сапраўды дасягнулі поспехаў.

Найбольш салідарныя з Гарошкіным у гэтым плане самыя слабыя раёны вобласці – Касцюковіцкі і Дрыбінскі.

Там талака – справа звыклая, а займаюцца яе арганізацыяй мясцовыя РАУС, якія прымушаюць жыхароў, што вядуць асацыяльны лад жыцця, выконваць грамадска-карысныя работы.

У Касцюковічах удзельнікі такой талакі днямі бралі ўдзел у прыборцы прыдамавой тэрыторыі на вуліцы Камсамольскай. У Дрыбіне грамадзяне гэтай жа катэгорыі таксама ўсёй талакой дапамаглі УКП «Жылкамгас».

Яно і зразумела. Пасля масавай алкагалізацыі і дэбілізацыі насельніцтва, праведзенай Гарошкіным і яго калегамі, на талаку выйдуць толькі тыя, каму ад клопату ўладаў ужо папросту не схавацца.

Фота раённай газеты.

Шлюбы і разводы на Магілёўшчыне: хто часцей стварае сем’і

Жыхары Магілёўскай вобласці працягваюць актыўна ствараць сем’і, аднак узрост тых, хто ўступае ў шлюб, паступова павялічваецца. Пра гэта сведчаць даныя Галоўнага статыстычнага ўпраўлення рэгіёна па выніках 2025 года.

За мінулы год у вобласці было зарэгістравана 5723 шлюбы. Найбольш актыўнымі ў стварэнні сем’яў застаюцца маладыя людзі ва ўзросце ад 20 да 29 гадоў. Менавіта на гэтую ўзроставую групу прыпала амаль палова ўсіх зарэгістраваных шлюбаў.

Сярод маладажонаў:

  • 43 працэнты мужчын уступілі ў шлюб ва ўзросце ад 20 да 29 гадоў;
  • 45,5 працэнта жанчын зарэгістравалі шлюб у гэтай жа ўзроставай катэгорыі.

Пры гэтым сямейнае жыццё пачынаюць не толькі маладыя людзі. У Магілёўскай вобласці працягваюць ствараць сем’і і прадстаўнікі старэйшага пакалення.

Ва ўзроставай групе 60 гадоў і старэй шлюб зарэгістравалі:

  • 268 мужчын;
  • 189 жанчын.

Большасць жыхароў рэгіёна, якія вырашылі стварыць сям’ю ў 2025 годзе, зрабілі гэты крок упершыню. Сярод усіх, хто ўступіў у шлюб:

  • 63 працэнты мужчын упершыню зарэгістравалі адносіны;
  • 58,5 працэнта жанчын упершыню ўступілі ў шлюб.

Пераважная большасць саюзаў заключаецца паміж грамадзянамі Беларусі. На такія шлюбы прыпадае амаль 94 працэнты ад агульнай колькасці зарэгістраваных сем’яў.

Разам з тым захоўваецца і міжнародны характар шлюбных адносін. Цягам года былі зарэгістраваны:

  • 169 шлюбаў, у якіх замежным грамадзянінам быў жаніх;
  • 177 шлюбаў, у якіх замежнай грамадзянкай была нявеста.

Статыстыка паказвае яшчэ адну ўстойлівую тэндэнцыю. Жыхары рэгіёна ўсё пазней прымаюць рашэнне пра стварэнне сям’і.

За апошнія 10 гадоў сярэдні ўзрост уступлення ў першы шлюб павялічыўся:

  • у мужчын на 1,5 года і дасягнуў 29,3 года;
  • у жанчын на 1,1 года і склаў 26,8 года.

Прыкметна вырас узрост і тых, хто ўступае ў паўторны шлюб. Калі дзесяць гадоў таму мужчыны ў сярэднім стваралі новую сям’ю ў 41,9 года, то сёння гэты паказчык дасягнуў 44 гадоў. У жанчын сярэдні ўзрост паўторнага ўступлення ў шлюб павялічыўся з 38,5 да 40,9 года.

Адначасова з рэгістрацыяй новых сем’яў фіксуюцца і разводы. У 2025 годзе ў Магілёўскай вобласці афіцыйна скасавалі шлюб 3876 сем’яў, а гэта 67,7% ад колькасці новых сем’яў за гэты ж год.

Найбольш высокі ўзровень разводнасці быў зафіксаваны сярод мужчын і жанчын ва ўзросце ад 35 да 44 гадоў. Менавіта на гэты перыяд жыцця прыпадае пік сямейных расставанняў.

Такім чынам, статыстыка паказвае адразу некалькі важных тэндэнцый. Жыхары Магілёўшчыны па-ранейшаму актыўна ствараюць сем’і, аднак робяць гэта ў больш сталым узросце. Пры гэтым значная частка шлюбаў застаецца трывалай, хаця праблема разводаў сярод людзей сярэдняга ўзросту працягвае заставацца актуальнай.

Фота ілюстрацыйнага характару.

Затрыманы жыхар Магілёўшчыны – прыхільнік ідэалогіі “рускага міру”

Сілавікі з Мінскай вобласці затрымалі 26-гадовага жыхара Магілёўшчыны за “рэабілітацыю нацызма”.

Паволе паведамлення блізкага да сілавікоў тэлеграм-канала “Шосты рэгіён”, затрымлівалі маладога чалавека супрацоўнікі ГУБАЗіК з 10-га ўпраўлення па Мінскай вобласці з дапамогай спецназаўцаў з атраду “Рысь”.

Як сцвярджаецца, затрыманы з’яўляецца актыўным прадстаўніком неафашысцкага руху, прытрымліваецца праварадыкальных нацыяналістычных ідэй і поглядаў.

 “З траўня 2022 года ён вырабляў і публікаваў відэа, фотавыявы, а таксама аўдыёзапісы, накіраваныя на апраўданне ідэалогіі нацызму, прызнання яе правільнай, якая мае патрэбу ў падтрымцы і перайманні, а таксама на гераізацыю нацысцкіх злачынцаў і іх памагатых, праслаўленні ўчыненых імі злачынстваў”, – гаворыцца ў паведамленні.

Усе матэрыялы малады чалавек, нібыта, размяшчаў у створаных ім каналах і групах у месенджарах, а таксама ў сацыяльных сетках. Затрыманы з’яўляўся іх адміністратарам і атрымліваў прыбытак ад сваёй дзейнасці. Толькі на песнях экстрэмісцкага характару ён зарабіў больш за тры тысячы долараў.

На адным з прадстаўленых у паведамленні фотаздымку, нягледзячы на заблюрванне, бачна, што чалавек ў балаклаве трымае ў руцэ расійскі імперскі чорна-жоўта-белы сцяг з надпісам “Слава Русі!”. А з відэа там жа бачна, што ён быў дастаўлены ў будынак Упраўлення Следчага камітэта па Магілёўскай вобласці.

У адносінах да затрыманага ўзбуджана крымінальная справа паводле артыкула аб рэабілітацыі нацызма, а сам ён знаходзіцца ў ІЧУ.

Фотаздымак: ТГ “Шосты рэгіён”