Аграрыі Быхаўшчыны спадзяюцца на добрае надвор’е і фартуну

Першы намеснік старшыні Быхаўскага райвыканкама Сяргей Сыса (на фота) ў свежым паведамленні пра ход першага ўкосу намаляваў цалкам добразычлівую карціну. Травы сёлета лепшыя, надвор’е паспрыяла, тэхніка часткова абноўлена, аграрыі працуюць на поўную сілу, а нарыхтаваных кармоў павінна хапіць жывёле на ўвесь асенне-зімовы перыяд.

Накасілі – яшчэ не значыць нарыхтавалі

На першы погляд гэта звычайная сезонная справаздача: колькі гектараў убрана, колькі сена і сенажу трэба нарыхтаваць, колькі галоў буйной рагатай жывёлы неабходна забяспечыць кармамі. Але калі супаставіць гэтыя словы з матэрыяламі Камітэта дзяржаўнага кантролю, пракуратуры і публікацыямі ў самім раёне, аптымістычная карцінка пачынае рассыпацца.

Праблема Быхаўшчыны не ў тым, што ў чэрвені 2026 года дрэнна растуць травы. Праблема ў тым, што добрыя травы і добрае надвор’е не адмяняюць сістэмных правалаў у якасці кармоў, утрыманні жывёлы, падзяжы жывёлы і арганізацыі працы гаспадарак.

Начальнік быхаўскага райсельгасхарчу робіць акцэнт на ўдалым старце корманарыхтоўкі. Пад першы ўкос у раёне адведзена амаль 11 300 гектараў, з іх убрана каля пятай часткі. Асобна падкрэсліваецца, што люцэрна і бабовыя травы ўдаліся добра.

Аднак ключавое пытанне не толькі ў тым, колькі травы скасілі, а ў тым, якой якасці корм потым апынуўся ў траншэях і на фермах.

У 2023 годзе Камітэт дзяржаўнага кантролю паведамляў пра парушэнні тэхналогіі нарыхтоўкі і захоўвання кармоў у Магілёўскай вобласці. Паводле вынікаў лабараторных даследаванняў значная частка праверанага сенажу была аднесена да нізкаякасных кармоў трэцяга класа, а сярод раёнаў з найбольшай доляй такога сенажу называўся менавіта Быхаўскі раён.

Гэтыя даныя дапаўняла і інфармацыя БелТА пра вынікі даследавання якасці травяных кармоў больш чым у трохстах сарака сельскагаспадарчых арганізацыях.

То-бок афіцыйны аптымізм адносна зялёнай масы сам па сабе нічога не даказвае. Трава можа вырасці добрай, але корманарыхтоўчая кампанія ўсё роўна можа скончыцца нізкапажыўным сенажом, парушэннямі захоўвання і прыпіскамі аб’ёмаў.

Што з падзяжом?

Тым часам падзёж БРЖ у раёне вылічаўся сотнямі галоў.

Сыса кажа, што якасны корм забяспечыць здароўе пагалоўя і дасць станоўчы вынік у надоях і прывагах. Гучыць як па нотах. Але менавіта здароўе пагалоўя ў раёне ўжо станавілася прадметам жорсткага разбору.

На пасяджэнні Быхаўскага райвыканкама ў лютым 2024 года былі названы лічбы, якія дрэнна спалучаюцца з дабратворнай рыторыкай.

Паводле афіцыйнай публікацыі райвыканкама, за 2023 год у сельскагаспадарчых арганізацыях раёна пала шэсцьсот восемдзесят дзве галавы буйной рагатай жывёлы. З іх дзевяноста чатыры галавы склалі звышнарматыўны падзёж.

Гэта не дробная статыстычная хібнасць і не выпадковы эпізод. Калі падзеж ідзе на сотні галоў, гаворка ўжо не пра надвор’е і не пра адзін няўдалы месяц, а пра якасць кіравання жывёлагадоўляй.

Тым больш што ў той жа публікацыі проста гаварылася пра грубыя парушэнні кармлення і ўтрымання, безгаспадарчасць, ігнараванне тэхналагічных рэгламентаў, невыкананне заатэхнічных і ветэрынарных правілаў. Прычыны называліся адкрыта: не стыхія, а арганізацыя працы.

Асабліва паказальны студзень 2024 года. Толькі за адзін месяц у Быхаўскім раёне пала сто дваццаць галоў буйной рагатай жывёлы. У якасці прычын называліся несвоечасовае выпойванне малодзівам нованароджаных цялят і неналежны санітарны стан на малочна-таварных комплексах і фермах. Гэта таксама было зафіксавана ў матэрыяле райвыканкама.

Менавіта тут узнікае галоўнае супярэчанне. Цяпер намеснік старшыні райвыканкама гаворыць пра пільную ўвагу да кармоў і будучага здароўя жывёл. А ў больш ранніх афіцыйных матэрыялах улады самі прызнавалі, што жывёлы гінулі не праз анамальную засуху або надзвычайную сітуацыю, а праз элементарныя парушэнні догляду, кармлення і санітарыі.

Колькі ёсць і колькі было

Яшчэ адзін прыгожы паказчык са свежай справаздачы Сысы – больш за 22 тысячы галоў буйной рагатай жывёлы ў раёне і больш за 8,6 тысячы галоў малочнага статка. Але агульны раённы паказчык хавае сітуацыю па канкрэтных гаспадарках.

Увосень 2024 года раённая прэса пісала, што ў ААТ «Абідавічы», ААТ «Вароніна», КУП «Мокранскі Агра» і СК «Дуброва» было дапушчана зніжэнне пагалоўя буйной рагатай жывёлы. Там жа гаварылася пра гаспадаркі, якія не дацягнулі да леташніх прываг. Гэтыя даныя змяшчаліся ў публікацыі Быхаўскай раённай газеты пра жывёлагадоўлю.

Таму спасылка на агульнае пагалоўе гучыць уражліва толькі да таго часу, пакуль не паглядзець на дынаміку ў асобных арганізацыях. Калі частка гаспадарак губляе жывёлу і не выконвае паказчыкі па прывагах, то размова пра будучую эканоміку ад якасных кармоў застаецца хутчэй надзеяй, чым даказаным вынікам.

Надоі таксама пад пытаннем

Сяргей Сыса звязвае якасць кармоў з будучымі надоямі. Але ў раёне ўжо былі прыклады, калі ўзорныя аб’екты з часам апыналіся сярод праблемных.

Так, малочна-таварны комплекс «Новы Свет» ААТ «Абідавічы» некалькі гадоў таму падаваўся як паспяховы аб’ект. У 2020 годзе раённая прэса пісала, што комплекс штодня здаваў дзяржаве амаль дзве тысячы семсот кілаграмаў малака. Пра гэта расказвалася ў артыкулеі пра работу комплексу «Новы Свет».

Але ўжо ў 2024 годзе гэты ж комплекс апынуўся сярод адстаючых па надоях. Загаварылі пра тое, што на малочна-таварных комплексах «Сялец» і «Новы Свет» не змаглі атрымаць нават 1000 кілаграмаў малака за справаздачны перыяд. Такі паварот добра паказвае, наколькі асцярожна трэба ставіцца да парадных публікацый пра жывёлагадоўлю.

Вось гэта залудзілі

Вось і новая тэхніка не адмяняе старыя правалы. У справаздачы асобна пералічваецца абнаўленне парка: два новыя аўтамабілі МАЗ, два кормаўборачныя камбайны і дзве касілкі. Для справаздачы гэта важная дэталь, але яна не закрывае пытанне арганізацыі работ.

Раней падчас маніторынгу КДК высвятлялася, што ў ААТ «Навабыхаўскі» правядзенне корманарыхтоўкі стрымлівалася недахопам паліва. Пра гэта паведамлялася ў публікацыі пра праверкі корманарыхтоўкі. То-бок праблема была не толькі ў наяўнасці тэхнікі, але і ў элементарным забеспячэнні работ. Машыны можна купіць, але гэта не гарантуе своечасовую ўборку, правільнае захоўванне кармоў і дысцыпліну на месцах.

Сёння Сыса гаворыць пра перазалужэнне плошчаў і ўцягванне зямель пасля меліярацыі. Але і гэты пункт выглядае лепш у справаздачы, чым у кантрольных матэрыялах мінулых гадоў.

Яшчэ ў 2022 годзе ў Магілёўскай вобласці фіксаваліся праблемы з перазалужэннем луговых угоддзяў. У публікацыі пра вынікі кантролю гаварылася, што ў гаспадарках Быхаўскага раёна да такіх работ не прыступалі, хаця яны непасрэдна ўплываюць на ўраджайнасць травяных кармоў.

Пра гэта паведамлялі «Магілёўскія ведамасці». Таму фраза пра перазалужэнне ў справаздачы гучыць не як доказ устойлівага парадку, а як напамін пра праблему, якую гадамі даводзілася падцягваць праз кантроль і адміністрацыйны ціск.

А чыноўнікі ўсё спадзяюцца

Усе думкі Сяргея Сысы пабудаваны вакол надзеі. Надвор’е дапамагло, травы выраслі лепшыя, тэхніка абноўлена, кармы будуць нарыхтаваны, жывёлы павінны даць надоі і прывагі. Але ранейшыя афіцыйныя матэрыялы паказваюць, што слабое месца Быхаўскага раёна не толькі ў надвор’і і не толькі ва ўраджайнасці траў.

Слабое месца – у якасці кармоў, выкананні тэхналогій, санітарыі, захаванасці пагалоўя і кіраванні гаспадаркамі. Менавіта таму словы пра добры першы ўкос не адказваюць на галоўнае пытанне: што змянілася ў сістэме, якая ўжо прыводзіла да нізкаякаснага сенажу, звышнарматыўнага падзяжу, парушэнняў утрымання жывёл і скарачэння пагалоўя ў асобных сельскагаспадарчых арганізацыях?

Пакуль на гэтае пытанне няма адказу, справаздача выглядае не як доказ пераадолення праблем, а як чарговая сезонная карцінка-размалёўка: надвор’е дапамагло, травы пайшлі, чыноўнікі спадзяюцца на лепшае. Але надзея – гэта яшчэ не эканоміка. Між тым Быхаўскі раён не выключэнне з агульнага правіла. Да таго ж гэта самы вялікі раён на Магілёўшчыне.

Фота БелТА.

Мода на продаж старых сартыраў укараняецца на Магілёўшчыне

Яшчэ адзін туалет выставілі на продаж у Магілёўскай вобласці. На гэты раз прыбіральня была арыштавана і выстаўлена на продаж за даўгі МПМК-280 у Чэрыкаўскім раёне.

Відавочна, іншых актываў у прадпрыемства няма, таму прадаўцы ўчапіліся ў туалет мёртвай хваткай і патрабуюць за яго 3440 рублёў.

І гэта пры тым, што “збудаванне неўстаноўленага прызначэння”, а менавіта так называюць туалет у аб’яве, размешчана не ў цэнтры Чэрыкава, а на перыферыі –

у вёсцы Гронаў Вепрынскага сельсавета.

Фота e-auction.

У Магілёўскай вобласці, аказваецца, больш за 250 прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці

Напярэдадні прафесійнага свята – Дня работнікаў лёгкай прамысловасці, які ў 2026 годзе адзначаецца 14 чэрвеня, Галоўнае статыстычнае ўпраўленне Магілёўскай вобласці прадставіла даныя пра стан галіны ў рэгіёне.

Паводле інфармацыі статупраўлення, лёгкая прамысловасць Магілёўшчыны сёння прадстаўлена больш чым 250 арганізацыямі. У 2025 годзе ў іх было занята 12,5 тысясячы чалавек, прычым 80 працэнтаў работнікаў – жанчыны. Сярэдні ўзрост занятых у галіне – 41,4 года.

Адукацыйны ўзровень работнікаў:

  • прафесійна-тэхнічная адукацыя – 60,3 працэнта;
  • сярэдняя спецыяльная – 21,7 працэнта;
  • вышэйшая – 11,9 працэнта.

Намінальная налічаная сярэднемесячная заработная плата работнікаў лёгкай прамысловасці ў студзені – красавіку 2026 года склала 1 975,2 рубля, што на 9,5 працэнта вышэй за паказчык за аналагічны перыяд мінулага года.

Структура вытворчасці

У 2025 годзе аб’ём выпускаемай прадукцыі галіны размеркаваўся наступным чынам:

  • тканіны і тэкстыльныя вырабы – 55,9 працэнта;
  • пашыў адзення – 34,2 працэнта;
  • вытворчасць абутку – 6,2 працэнта;
  • дубленне і выраб скуры, вырабы са скуры – 3,7 працэнта.

Да ліку вядучых вытворцаў рэгіёна статупраўленне адносіць «Магатекс», «Стужку», «Легпрамразвіццё», «Славянку», «Махіну-ТСТ», «ГроссТэкс», Бабруйскі гарбарны камбінат, «Проммаш», вытворча-тэхналагічную кампанію «Мадэрам-Захад» і «Бабруйсктрыкатаж».

Але ў галіне не ўсё так бясхмарна. Увосень 2025 года Лукашэнка зняў з пасады старшыню канцэрна «Беллегпрам» Таццяну Лугіну і прызначыў на яе месца Надзею Лазарэвіч, былую першую намесніцу старшыні Мінскага гарвыканкама. Лугіну перавялі на праблемнае прадпрыемства «Камволь», у якога назапасіліся даўгі ў 200 мільёнаў рублёў.

Тады ж Лукашэнка, які некалі раіў красці лекалы ў замежных вытворцаў, не выключыў, што канцэрн можа быць пераўтвораны ў паўнавартаснае міністэрства.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

На Магілёўшчыне летась адзін дзіцёнак загінуў у ДТЗ

Па ўсёй Беларусі летась адбыўся рост дзіцячай смяротнасці на дарогах, на Магілёўшчыне – значнае зніжэнне.

Паводле статыстыкі, на якую спасылаецца “Люстэрка”, у Магілёўскай вобласці ў 2024 годзе быў усплёск дзіцячай смяротнасці на дарогах – пяць смерцяў. Летась гэты паказчык знізіўся на адной.

У той жа час агулам па Беларусі сітуацыя была іншая. З 2020 па 2023 год колькасць дзіцячых смерцяў у ДТЗ паслядоўна зніжалася – з 22 да 14. Аднак у 2024-м пазітыўная тэндэнцыя перарвалася рэзкім скокам да 22 загінулых. У 2025 годзе сітуацыя працягнула пагаршацца: загінулі 26 дзяцей. Гэта самы высокі паказчык з 2015 года.

Калі паглядзець на статыстыку па рэгіёнах, то самы трагічны рост у 2025 годзе зафіксаваны ў Мінскай вобласці – дзевяць загінулых (у 2024-м – тры). У Гродзенскай, Гомельскай і Віцебскай абласцях загінулі па чатыры дзіцяці (у 2024-м – два, тры і пяць адпаведна). У Брэсцкай вобласці ў ДТЗ загінулі тры дзіцяці (у 2024-м – чатыры).

Мінск, які два гады запар паказваў нулявую статыстыку, у 2025 годзе страціў у аварыі адно дзіця.

Фотаздымак: mstrok.ru

Уздоўж мяжы Магілёўшчыны з Расіяй ідуць два вандроўнікі

Вандроўнікі Уладзімір Пасанен і Ігар Касабуцкі выправіліся ў экспедыцыю ўздоўж беларуска-расійскай мяжы. Зараз яны праходзяць па тэрыторыі Магілёўшчыны.

Мэта падарожнікаў – пешшу пераадолець увесь маршрут ад самай паўднёвай кропкі беларуска-расійскай мяжы да Кургана Дружбы на стыку межаў Беларусі, Расіі і Латвіі. Гэта 1283 кіламетры. 

Экспедыцыя стартавала ў сакавіку і ўжо прайшла тэрыторыю Гомельскай вобласці. Цяпер вандроўнікі знаходзяцца на Магілёўшчыне, у Крычаўскім раёне. Маршрут падзелены на дзевяць тыднёвых этапаў, а завяршыць падарожжа плануюць у лістападзе.

Кіраўнік экспедыцыі – Уладзімір Пасанен, а ўласна праект арганізаваны Беларускім геаграфічным таварыствам. Пасанен – вядомы беларускі падарожнік, даследчык і краязнаўца, які за гады вандровак прайшоў дзясяткі складаных маршрутаў і вывучыў многія куткі краіны.

Нават падчас кароткага знаходжання ў Крычаўскім раёне ўдзельнікі экспедыцыі паспелі пазнаёміцца з мясцовымі славутасцямі. “Уражанні самыя лепшыя. Мы наведалі гарадзішчы, мясцовыя цэрквы, палац Пацёмкіна. Усё вельмі цікава, але, на жаль, часу на больш падрабязнае знаёмства не хапае”, – адзначыў Пасанен.

Вандроўнікі прызнаюцца, што графік экспедыцыі вельмі шчыльны. Штодня неабходна праходзіць не менш за дваццаць кіламетраў незалежна ад надвор’я. “Снег, дождж або сонца – мы ўсё адно ідзём наперад. І гэта прыносіць вялікае задавальненне”, кажа кіраўнік экспедыцыі.

Другі ўдзельнік экспедыцыі – Ігар Касабуцкі. Ён матэматык па адукацыі і аўтар шэрагу турыстычных выданняў. На працягу апошніх пятнаццаці гадоў ён займаецца турызмам, а разам з Пасаненам даследаваў найвышэйшыя пункты Беларусі і працаваў над краязнаўчымі даведнікамі.

Для ўдзельнікаў экспедыцыі гэта не толькі навуковы праект. Яны хочуць пабачыць жыццё прыгранічных тэрыторый, зафіксаваць прыродныя ландшафты і сустрэцца з людзьмі, якія жывуць удалечыні ад буйных гарадоў.

“Галоўнае ў любой экспедыцыі – гэта людзі. Мясцовыя жыхары заўсёды гатовыя дапамагчы, падказаць дарогу ці проста падтрымаць добрым словам”, – кажа Пасанен.

Такая падтрымка шмат значыць, сцвярджае ў сваю чаргу Касабуцкі, бо без яе пераадолець больш за тысячу кіламетраў было б значна цяжэй.

Увесь шлях вандроўнікі праходзяць пешшу. Начуюць у палатцы і самастойна рыхтуюць ежу. На сняданак у іх каша з тушонкай, на абед – гарачы суп, а на вячэру – зноў каша або макароны з тушонкай. Дзень праходзіць у руху, а вечары каля вогнішча становяцца часам для адпачынку і размоў.

Наперадзе ў Пасанена і Касабуцкага яшчэ сотні кіламетраў дарогі. Калі праект будзе паспяхова завершаны, падарожнікі плануюць працягнуць даследаванне межаў Беларусі і прайсці астатнія 3617 кіламетраў дзяржаўнай граніцы краіны.

Фотаздымак: krichevlive.by

На Магілёўшчыне не хапае каталіцкіх святароў

Кадравыя праблемы Каталіцкага касцёла ў Беларусі найбольш адбіліся на усходзе краіны.

Колькасць каталіцкага духавенства ў Беларусі паступова памяншаецца, асабліва ва ўсходніх рэгіёнах, распавёў мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, арцыбіскуп Юзаф Станеўскі Vatican News. Напрыклад, на Магілёўшчыне адзін святар вымушаны абслугоўваць па тры парафіі, пераадольваючы сотні кіламетраў.

Сітуацыя ўскладняецца і тым, што святары з Польшчы, якія служылі дзесяцігоддзямі, усё часцей не атрымліваюць дазволу на далейшую працу. 

Юзаф Станеўскі перакананы, што беларуская каталіцкая супольнасць павінна быць самадастатковай. “Кожная сям’я, дзяржава і Касцёл – гэта сям’я сем’яў”, – заўважыў ён, заклікаючы саміх вернікаў і ў першую чаргу бацькоў больш актыўна спрыяць пакліканням.

Асобным пунктам для беларускіх вернікаў застаецца стварэнне ўласнай духоўнай пляцоўкі ў Рыме. Як прызнаўся мітрапаліт, усё яшчэ актыўна абмяркоўваецца ідэя праекта “Беларусікум”, бо, на яго думку, у Вечным горадзе не хапае жывой беларускай каталіцкай прысутнасці. Святары з Беларусі маглі б працаваць на базе рымскай парафіі, дапамагаючы землякам, студэнтам і пілігрымам. “Каб яны мелі месца, дзе маглі б затрымацца, падзяліцца, сустрэцца, каб нас убачылі і пачулі”, – адзначыў іерарх, дадаючы, што гэта дазволіць дзяліцца багатымі літургічнымі і народнымі традыцыямі нашай краіны.

Для рэалізацыі гэтай ініцыятывы неабходна накіраваць святароў з Беларусі. Аднак усё ўпіраецца ў кадравае пытанне.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Пешаходны мост у Горках як сімвал эпохі бардака

У той час, калі касмічныя караблі барозняць прасторы Сусвету, пешаходны мост у Горках, які злучае вуліцы Талстога і Матросава, разваліўся. 

Пра гэта “ў рэдакцыю раённай газеты паступіў электронны ліст ад жыхаркі горада, якая наракала на аварыйны стан пешаходнага моста, які злучае вуліцы Талстога і Матросава”.

З пешаходнымі масткамі ў Горках, як дакладна заўважылі мясцовыя журналісты,

“далёка не ўсюды сітуацыя была станоўчай”.

Яшчэ б! Пешаходныя масты ў горадзе, дзе знаходзіцца цэлая сельгасакадэмія, не стаяць на балансе ніводнай з арганізацый раёна, а УКВП «Коммунальник» займаецца іх рамонтам па магчымасці.

А магчымасць, штука такая, што масты гэтыя ўсім да лямпачкі.

Больш за тое, дастаткова зірнуць на фота, каб зразумець: справа зусім не ў мастах, а ў сістэме, асновай якой з’яўляюцца безгаспадарчасць і бескантрольнасць.

Трапіць з Матросава на Талстога ў Горках гэтак жа цяжка, як пазбавіцца ад паўсюднага бардака ў Беларусі.

Фота “Горацкія навіны”.

Сярэдні заробак на Магілёўшчыне – найменшы па краіне

У Магілёўскай вобласці намінальны налічаны сярэдні заробак у красавіку 2026 года склаў 2473 рублі, што з’яўляецца найменшым паказчыкам па рэгіёнах Беларусі.

У сярэднім за перыяд са студзеня па красавік на Магілёўшчыне таксама быў найменшы паказчык – 2373 рублі.

Пры гэтым рост рэальнага заробку, згодна даных Белстата, на Магілёўшчыне быў адзін з набольшых. У параўнанні да красавіка 2025 года – 7,3%, а да студзеня-красавіка мінулага года – 7,1%.

Найбольшы намінальны сярэдні заробак у прайшоўшым красавіку быў у Мінску – 3889 рублёў. Сярод іншых абласцей бліжэй за ўсё да Магілёўскай па заробку Віцебская – 2519 рублёў. Далей па нарастаючай ідуць Гомельская (2600 руб.), Брэсцкая (2610 руб.), Гродзенская (2650 руб.) і Мінская (2990 руб.) вобласці.

У сярэдні па Беларусі гэты паказчык складае 2953 рублі, што амаль на 500 рублёў больш за ўзровень сярэдняга заробку ў красавіку на Магілёўшчыне.

Фотаздымак: БелТА

Два лукашэнкаўскія шпіёны, родам з Магілёўшчыны, раскрыты ініцыятывай Belpol

Магілёвец Дзяніс Мельнікаў і бабруйчанін Аляксандр Грыневіч выконваюць шпіёнскую працу пад дыпламатычным прыкрыццём, высветліла ініцыятыва былых беларускіх сілавікоў Belpol.

На YouTube з’явіўся фільм Belpol “Шпіёны Лукашэнкі па ўсім свеце”. “У новым расследаванні раскрываем сетку лукашэнкаўскіх шпіёнаў, якія дзейнічаюць пад дыпламатычным прыкрыццём у дзясятках краін свету. Пад выглядам дыпламатаў, дарадцаў, аташэ і супрацоўнікаў пасольстваў за мяжой працуюць прадстаўнікі КДБ і ГРУ Беларусі. Іх задачы – разведка, сачэнне за беларусамі за мяжой, ціск на дэмакратычныя сілы, дапамога рэжыму Лукашэнкі ў абыходзе санкцый і ўзаемадзеянне з расійскімі спецслужбамі”, – гаворыцца ў апісанні фільму, які названы першай часткай масштабнага расследавання.

Сярод раскрытых шпіёнаў, якія працуюць у дыпламатычных прадстаўніцтвах Беларусі за мяжой, названы двое ўраджэнцаў Магілёўскай вобласці. 

Так, у беларускай амбасадзе ў Швейцарыі пад выглядам дарадцы, які курыруе пытанні бяспекі і адміністратыўныя пытанні, працуе супрацоўнік КДБ Дзяніс Мікалаевіч Мельнікаў, 1979 года нараджэння, родам з Магілёва. Служыў ва Упраўленні КДБ па Магілёўскай вобласці, а потым у Цэнтральным апараце КДБ з 2015 года. Цяпер месцам яго рэгістрацыі з’яўляецца Мінск, вуліца Нёманская. Ініцыятыва высветліла, што яго бацька таксама быў супрацоўнікам КДБ.

У Расіі, як сведчаць расследавальнікі, найбольш шырокая і разгалінаваная сетка лукашэнкаўскіх шпіёнаў. Адзін з іх – былы супрацоўнік Галоўнага разведвальнага ўпраўлення Генеральнага штаба Узброеных сіл Беларусі, а цяпер дарадца беларускай амбасады ў Маскве, паўнамоцны прадстаўнік Беларусі пры АДКБ Аляксандр Яўгенавіч Грыневіч. Служыў таксама у дзяржаўным сакратарыяце Савета бяспекі Беларусі. 

Ён нарадзіўся ў Бабруйску ў 1966 годзе. Ваенны пенсіянер.  Цяпер зарэгістраваны ў вёсцы Чудзенічы Лагойскага раёна Мінскай вобласці, дзе пабудаваў цэлы маёнтак з некалькіх збудаванняў.

Расследавальнікі падкрэсліваюць, што пералічылі толькі афіцэрскі склад агентуры. У наступнай частцы яны абяцаюць прадставіць шпіёнаў, даўно ўкаранёных у МЗС, а таксама шпіёнаў беларускага дыктатара ў іншых краінах свету.

Фотаздымак: Belpol

Палітзняволены журналіст магілёўскага YouTube-канала знаходзіцца ў цяжкім стане

Палітзняволены журналіст Кірыл Пазняк трапіў у шпіталь пры следчым ізалятары №1 у Мінску.

“У шпіталі пры СІЗА №1 у цяжкім стане знаходзіцца журналіст Кірыл Пазняк. З запушчанымі наступствамі пнеўманіі і кавіду, якія падхапіў у ізалятары на Акрэсціна восем месяцаў таму. Права на ахову здароўя – гэта базавае права чалавека”, – напісала ў Фэйсбуку яго былая жонка Алёна Пакала.

Жанчына просіць тых, ад каго гэта залежыць – зрабіць усё, “каб захаваць чалавечае жыццё”.

Нагадаем, што Кірыл Пазняк быў затрыманы ў верасні 2025 года пасля прызнання “экстрэмісцкім фарміраваннем” YouTube-канала “Платформа 375”, дзе ў асвячэнні беларускіх навін рабіўся акцэнт на Магілёўскую вобласць. Разам з ім, як потым аказалася, была арыштаваная і яго дачка Яніна. У студзені 2026 дзяўчына таксама знаходзілася ў СІЗА №1. Праваабаронцы прызналі яе палітзняволенай. 

“Платформа 375” пазіцыянавала сябе як незалежную медыяпляцоўку. “Наш кантэнт: навіны Беларусі (акцэнт на Магілёў і вобласць), расследаванні, ток-шоу (дэбаты) і докфільмы” – гаворыцца ў яе апісанні.

Скрыншот: «Платформа 375»