У Магілёве аўтамабіль BMW збіў 6-гадовага хлопчыка

Трагічна скончылася веласіпедная прагулка для 6-гадовага магілёўца.

Хлопчык перасякаў дарогу з сябрамі на веласіпедах па рэгуляваным пешаходным пераходзе і быў збіты аўтамабілем BMW.

Бяда здарылася ўчора ўвечары на скрыжаванні вуліц Крупскай і Мытнай. За рулём аўтамабіля быў 30-гадовы кіроўца.

У выніку ДТЗ хлопчык з траўмамі дастаўлены ў бальніцу.

Фота: скрыншот відэа тэлеграм-канала «Міліцыя Магілёўшчыны».

Ахвярай ДТЗ пад Магілёвам аказаўся студэнт БРУ на пераддыпломнай практыцы

Сталі вядомыя новыя падрабязнасці смяротнага ДТЗ на трасе Р-122 «Магілёў – Чэрыкаў – Касцюковічы» ў Магілёўскім раёне.

Як паведамляла ДАІ, днём 22 чэрвеня 51-гадовы кіроўца Fiat збіў двух мужчын, якія ішлі па ўзбочыне да месца правядзення дарожных работ. У выніку аварыі 23-гадовы мужчына загінуў, яго 41-гадовага калегу шпіталізавалі.

Як стала вядома mogilev.media ад уласных крыніц, загінулы быў студэнтам Беларуска-Расійскага ўніверсітэта. Ён праходзіў пераддыпломную практыку і накіроўваўся да месца работ.

У афіцыйных паведамленнях пра аварыю гэтая акалічнасць не згадвалася: ахвяру назвалі проста «рабочым». Прычыны і дакладныя абставіны здарэння пакуль высвятляюцца.

Фота: УУС Магілёўскага аблвыканкама

Пад Клічавам перакуліўся Opel: загінуў 16-гадовы пасажыр

У Клічаўскім раёне ўвечары 21 чэрвеня адбылася аварыя з удзелам непаўналетніх. Паводле папярэдняй інфармацыі УУС Магілёўскага аблвыканкама, каля 21:00 на другім кіламетры дарогі Клічаў — Смолярня — Буднеў 16-гадовы юнак за рулём Opel Astra не справіўся з кіраваннем.

Аўтамабіль з’ехаў у левы па ходзе руху кювет і перакуліўся. Адзін з пасажыраў — равеснік кіроўцы — загінуў на месцы. Яшчэ адну дзяўчыну з траўмамі даставілі ў бальніцу.

Абставіны здарэння высвятляюцца. ДАІ праводзіць праверку.

Фота: УУС Магілёўскага аблвыканкама

Чатырнаццатая смяротная лабавая аварыя за тры гады – што адбываецца на трасах Магілёўшчыны

Днём 13 чэрвеня ў Чэрыкаўскім раёне каля аграгарадка Рэчыца адбылося смяротнае ДТЗ. Пад кіраваннем 52-гадовага гамяльчаніна мікрааўтобус Mercedes-Benz Sprinter выехаў на сустрэчную паласу і сутыкнуўся з лесавозам. Кіроўца загінуў на месцы, а яго 22-гадовы сын, што ехаў на пасажырскім сядзенні, быў дастаўлены ў лякарню з траўмамі.
Лабавыя сутыкненні на гэтай двухпалоснай трасе сталі ўжо звычайнай справай. За апошнія тры гады на Р-43, што ідзе ад мяжы з РФ праз Крычаў на Бабруйск, адбылося шэсць аварый з ахвярамі, чатыры з якіх – гэта лабавыя сутыкненні пры абгоне. 

Усяго па Магілёўскай вобласці за перыяд з 2023 па 2026 год налічваецца чатырнаццаць лабавых аварый, пры якіх загінулі альбо моцна пацярпелі людзі.

Ажыўленыя двухпалосныя дарогі, загружаныя ціхаходнай цяжкай тэхнікай, штогод гуляюць у латэрэю з магілёўскімі кіроўцамі, цана якой – жыццё.

Фота: ДАІ

На Магілёўшчыне летась адзін дзіцёнак загінуў у ДТЗ

Па ўсёй Беларусі летась адбыўся рост дзіцячай смяротнасці на дарогах, на Магілёўшчыне – значнае зніжэнне.

Паводле статыстыкі, на якую спасылаецца “Люстэрка”, у Магілёўскай вобласці ў 2024 годзе быў усплёск дзіцячай смяротнасці на дарогах – пяць смерцяў. Летась гэты паказчык знізіўся на адной.

У той жа час агулам па Беларусі сітуацыя была іншая. З 2020 па 2023 год колькасць дзіцячых смерцяў у ДТЗ паслядоўна зніжалася – з 22 да 14. Аднак у 2024-м пазітыўная тэндэнцыя перарвалася рэзкім скокам да 22 загінулых. У 2025 годзе сітуацыя працягнула пагаршацца: загінулі 26 дзяцей. Гэта самы высокі паказчык з 2015 года.

Калі паглядзець на статыстыку па рэгіёнах, то самы трагічны рост у 2025 годзе зафіксаваны ў Мінскай вобласці – дзевяць загінулых (у 2024-м – тры). У Гродзенскай, Гомельскай і Віцебскай абласцях загінулі па чатыры дзіцяці (у 2024-м – два, тры і пяць адпаведна). У Брэсцкай вобласці ў ДТЗ загінулі тры дзіцяці (у 2024-м – чатыры).

Мінск, які два гады запар паказваў нулявую статыстыку, у 2025 годзе страціў у аварыі адно дзіця.

Фотаздымак: mstrok.ru

У Магілёве жанчына ўцякла пасля ДТЗ у двары

У Магілёве кіроўца-жанчына ўдарыла чужую машыну і ўцякла з месца ДТЗ. Ад камер відэаназірання сысці не ўдалося.

У адным з двароў Магілёва кіроўца Suzuki заднім ходам зачапіла прыпаркаваны Nissan. Агледзела пашкоджанні – і з’ехала.

Парушальніцай аказалася 50-гадовая мясцовая жыхарка. Вынік – штраф 10 базавых велічынь і пазбаўленне правоў на чатыры месяцы, паведамляе УУС Магілёўскага аблвыканкама.

Фота: скрыншот тэлеграм-канала УУС Магілёўскага аблвыканкама.

Трагедыя ў Чавусах – пад коламі аўтобуса загінула пажылая пара

На пляцоўцы аўтастанцыі ў Чавусах аўтобус без кіроўцы адвольна пачаў рух, загінулі два чалавекі.

Трагедыя адбылася раніцай 16 траўня 2026 года. 41-гадовы кіроўца не заглушыў рухавік, не прыняў мер па недапушчэнні адвольнага руху аўтобуса і пакінуў яго, пайшоўшы адзначаць пуцявы ліст. 

Тым часам транспартны сродак самаадвольна пачаў рух і наехаў на сямейную пару 70 і 66 гадоў, якія ішлі па пляцоўцы аўтастанцыі і не маглі заўважыць аўтобус, бо ён знаходзіўся за іх спінамі.

Следчыя сцвярджаюць, што папярэдне ўстаноўлена нібы кіроўца нейкім чынам спрабаваў прадухіліць рух аўтобуса. Тым не менш узбуджана крыінальная справа па артыкуле аб парушэнні дарожнага руху, якое прывяло па неасцярожнасці да смерці двух асоб.

Скрыншот: ТГ Следчага камітэта

Пад Бабруйскам Citroen перакуліўся на дарозе з-за дзікай жывёлы

Аварыя адбылася ўвечары 14 мая на трасе Бабруйск-Мазыр. Кіроўца спрабаваў пазбегнуць сутыкнення з дзікай жывёлай, але не справіўся з кіраваннем.

ДТЗ здарылася 14 мая каля 21 гадзіны на восьмым кіламетры аўтадарогі Бабруйск- Мазыр.

Паводле папярэдняй інфармацыі, 41-гадовы кіроўца Citroen Jumper заўважыў на дарозе дзікую жывёлу і паспрабаваў пазбегнуць наезду.

У выніку мужчына не справіўся з кіраваннем, пасля чаго аўтамабіль перакуліўся на праезнай частцы.

Людзей, якія знаходзіліся ў машыне, агледзелі медыкі. Трох пасажыраў даставілі ў бальніцу для аказання дапамогі.

Фота: скрыншот тэлеграм-канала “Міліцыя Магілёўшчыны”.

Дзень у гісторыі. 2 мая. Прывілей Ягелончыка. Захоп Берліна. Нарадзіўся Л. Акінчыц. Сышоў Тытан Адраджэння

Сусветны дзень тунца (World Tuna Day, з 2016 года).

Абвешчаны рэзалюцыяй Генеральнай Асамблеі ААН з мэтай павышэння дасведчанасці насельніцтва планеты аб каштоўнасці гэтай разнавіднасці рыб, аб пагрозах, з якімі сутыкаюцца тунцавыя папуляцыі, і аб эканамічных і сацыяльных перавагах устойлівага кіравання тунцавымі запасамі.

Тунцы – група марскіх рыб сямейства скумбрыевых. Налічваецца каля 40 разнавіднасцяў тунца. Самы буйны прадстаўнік роду – звычайны тунец – вырастае да 4,5 м і можа важыць больш за 600 кг.

Жывуць тунцы ў трапічных і субтрапічных водах.

Тунцы – важны прамысловы аб’ект. Каля 100 краін заняты ў тунцавой прамысловасці. Штогод вылоўліваецца каля 7 мільёнаў тон тунцавых.

Мяса гэтай рыбы шануецца за далікатны густ, поўную адсутнасць старонніх пахаў, высокае ўтрыманне бялку і велізарны спектр карысных уласцівасцяў.

1447 год. Пашырэнне правоў баяр і закабаленне сялян.

Вялікі князь ВКЛ Казімір ІV Ягелончык выдаў прывілей, які замацаваў шырокія правы баяраў.

Адзін з першых актаў аб увядзенні прыгоннай залежнасці сялян ад феадалаў. Прывілей гарантаваў права ўласнасці на зямлю, вольны выезд за мяжу, права судзіць залежных ад феадалаў людзей.

Прадугледжвалася, што зямлю і дзяржаўныя пасады ў ВКЛ маглі атрымліваць толькі мясцовыя феадалы.

1519 год. Памёр Леанарда да Вінчы (1452–1519).

Сусветна вядома мастак, музыка, пісьменнік, архітэктар, анатам, інжынер, вынаходнік. Тытан Адраджэння.

З усяго ім зробленага да нас дайшло толькі 15% – а гэта не толькі карціны, але і праекты танка, лятальных апаратаў, калькулятара, выкарыстання сонечнай энергіі, тэорыя тэктанічных пліт, план «ідэальнага горада» і іншае.

З’яўляўся пачынальнікам Высокага Адраджэння. Спалучаючы распрацоўку новых сродкаў мастацкай мовы з тэарэтычнымі абагульненнямі, стварыў гарманічны вобраз чалавека, які адпавядае гуманістычным ідэалам эпохі Адраджэння – поўны жыцця, духоўнай прыгажосці і фізічнай дасканаласці.

«Геній ад Бога». Наблізіўся да стварэння геліяцэнтрычнай сістэмы, аспрэчваў ідэю аб тым, што Зямля знаходзіцца ў цэнтры Сусвету.

Ставіў навуковае пазнанне вышэй хрысціянскай веры, хаця верыў у Бога як стваральніка ўсяго Сусвету.

Яго асоба – рэальнае ўвасабленне гуманістычнага ідэалу ўсебакова развітай асобы, універсальнага генія.

Леанарда да Вінчы. Дабравешчанне

1835 год. Нарадзіўся Людвік Акінчыц (1835–1903).

Лекар, паўстанец 1863 года, адзін з заснавальнікаў курортнай медыцыны.

Скончыў медыцынскі факультэт Маскоўскага ўніверсітэта. Займаўся лекарскай практыкай у Свіслачы Гродзенскай губерні.

За ўдзел ў паўстанні сасланы на Урал, дзе працаваў земскім урачом, стаў адным з заснавальнікаў курортнай медыцыны.

Памёр у 1903 годзе, пахаваны ў Пермі на Егашыхінскіх «польскіх» могілках.

Яго сын Людвік Акінчыц (1874–1941) стаў вядомым расійскім хірургам-гінеколагам, эндакрынолагам.

1888 год. Нарадзіўся Іван Віткоўскі (1888–1937).

Беларускі гісторык, прафесар.

Скончыў Пецярбургскую каталіцкую духоўную семінарыю, Петраградскую духоўную акадэмію. Быў вікарыям у Мазыры, выкладчыкам у школах Растова-на-Доне, чырвонаармейцам.

У 1920-1930-х гадах працаваў у савецкіх і партыйных органах у Оршы і Сянно, прарэктарам Віцебскага ветэрынарнага інстытута, выкладчыкам Камуністычнага ўніверсітэта, намеснікам загадчыка польскага аддзела Інбелкульта, дырэктарам Інстытута польскай пралетарскай культуры акадэміі навук, загадчыкам кафедры гісторыі Мінскага педінстытута.

Аўтар прац па гісторыі нацыянальна-вызваленчага і рэвалюцыйна-дэмакратычнага руху, паўстання 1863–1864 гадоў.

Рэпрэсаваны ў 1933 і 1937 гадах. Расстраляны.

Будынак Інбелкульта

1900 год. Памёр Іван Айвазоўскі (Аванэс Айвазян, 1817–1900).

Украінскі і расійскі мастак-марыніст армянскага паходжання.

Шматлікія палотны марыніста складаюць свайго роду энцыклапедыю пра мора.

Яго творы дэманструюць рамантычнае, эмацыянальнае ўспрыманне прыроды, амаль заўсёды перадаюць моцныя пачуцці, яркія перажыванні.

Некалькі яго палоцен, што захоўваюцца у музеях Пецярбурга і Феадосіі, прысвечаны подзвігу камандзіра брыга “Меркурый” беларуса А. Казарскага (1798–1833).

І. Айвазоўскі. Брыг “Меркурый” атакуе турэцкую эскадру.

1920 год. У  Менску выйшаў першы нумар часопіса “Рунь”.

Штотыднёвы ілюстраваны літаратурна-мастацкі часопіс. Выходзіў з 2 мая да 4 ліпеня 1920 года на беларускай мове. Рэдактар Я. Луцэвіч, выдавец В. Іваноўскі. Лічыўся пераемнікам выдання «Беларускае жыццё».

Выступаў за нацыянальнае самавызначэнне беларускага народа, усебаковае развіццё яго эканомікі і культуры. Актыўны ўдзел у выданні прымалі Л. Родзевіч, М. Кудзелька, мастак Я. Драздовіч, супрацоўнікі беларускага тэатра і грамадскіх культурна-асветніцкіх устаноў.

Апублікаваў шэраг мастацкіх твораў, артыкулаў, у тым ліку А. Гаруна, М. Чарота, К. Буйло, У. Жылкі, А. Петрашкевіча, М. Краўцова, М. Багдановіча, 3. Бядулі, І. Піліпава, Л. Родзевіча, Я. Карскага, Ф. Аляхновіча, У. Ігнатоўскага, І. Гердэра.

У № 5–8 часопіса была ўпершыню надрукаваная п’еса Янкі Купалы «Прымакі».

1922 год. Памерла Ганна Місуна (1868–1922).

Беларускі, польскі, літоўскі і расійскі геолаг. Першая ў Беларусі і адна з першых у Расіі жанчын-геолагаў, якая праводзіла палявыя геалагічныя даследванні. Геамарфолог, дацэнт Маскоўскага ўніверсітэта, дала навуковае тлумачэнне ледавіковаму рэльефу Беларусі.

У 1899 годзе пачалі выходзіць яе навуковыя артыкулы пра ледавіковыя адкладанні і рэльеф Беларусі, Літвы і Польшчы.

Асаблівую вядомасць набылі працы па геалогіі Гродзенскай і Мінскай  губерняў, карта-даведнік будаўнічых матэрыялаў заходніх раёнаў. Распрацавала методыку вывучэння канцавых марэн.

Падчас яе працы дацэнтам Маскоўскага ўніверсітэта, арганізавала геалагічны пакой (1919), які паступова ператварыўся ў музей.

У яе гонар названа вуліца і ўсталяваны помнік у г.п. Ветрына Полацкага раёна.

1945 год. Савецкія войскі цалкам авалодалі сталіцай Германіі Берлінам.

Аперацыю здзейснілі войскі 1-га Беларускага фронта пад кіраўніцтва маршала М. Жукава пры садзейнічанні войск 1-га Украінскага фронта.

Усяго ў аперацыі, якая пачалася 24 красавіка, было задзейнічана 464 тысячы чалавек, 12,7 тысяч гармат, 2100 установак реактыўнай артылерыі, 1500 танкаў супраць 120 тысяч чалавек нямецкіх войск, якія мелі 3 тысячы гармат і 60 танкаў.

Савецкая бронетэхніка ў Берліне.

1997 год. Загінуў у дарожна-транспартным здарэнні Валерый Шаблюк (1953–1997).

Беларускі гісторык. Кандыдат гістарычных навук.

Скончыў БДУ. Працаваў настаўнікам гісторыі ў Мінску, навуковым супрацоўнікам Інстытута гісторыі акадэміі навук.

Распрацоўваў новы накірунак у Беларусі – археалогія сярэднявечных сельскіх паселішчаў і мястэчак. Аўтар прац “Сельскія паселішчы Верхняга Панямоння XIV–XVIII ст.ст.”, “Двор у Туганавічах”, публікацый па гісторыі і археалогіі Беларусі, каля 100 артыкулаў у Энцыклапедыі гісторыі Беларусі.

На Койданаўшчыне даследваў археалагічныя помнікі ў вёсках Вялікія Навасёлкі, Клыпаўшчына, Машчонае, Павуссе.

З 1994 года быў генеральным сакратаром Беларускай Хрысціянска-Дэмакратычнай Партыі.

2009 год. Памёр Фёдар Шмакаў (1917–2009).

Беларускі акцёр, рэжысёр. Народны артыст Беларусі і СССР. Ганаровы грамадзянін Віцебска.

Пасля заканчэння Ленініградскага тэатральнага інстытута, з 1939 года працаваў у Дзяржаўным рускім драматычным тэатры Беларусі ў Магілёве (адчынены Ул. Кумельскім). Больш за 60 год працаваў у трупе Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Якуба Коласа. На яго творчым рахунку каля 200 роляў у тэатры і каля 30 роляў у кіно.

Узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй БССР, прэміяй «За духоўнае адраджэнне», прызам «Крыштальная Паўлінка».

Самыя запамінальныя яго ролі ў тэатральных пастаноўках – «Несцерка», «Пяюць жаваранкі», «Сэрца на далоні», “Кастусь Каліноўскі», «А досвіткі тут ціхія…», «Гамлет», «Сямнаццаць імгненняў вясны». Сярод фільмаў трэба выдзеліць «Узнятая цаліна», «Мора ў вагні», «Доўгія вёрсты вайны», «Час выбраў нас»,  «Людзі на балоце», «Подых навальніцы», «Дзяржаўная мяжа. Год сорак першы», «Плач перапёлкі».

2005 год. Адкрыты музей памяці Уладзіміра Мулявіна.

Ён размешчаны ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі на бульвары Уладзіміра Мулявіна.

У ім экспануюцца асабістыя рэчы, музычныя інструменты, сцэнічныя касцюмы кіраўніка і ўдзельнікаў ансамбля “Песняры”. Музейныя прадметы даюць магчымасць наведвальніку дакрануцца да творчасці, акунуцца ў атмасферу тых гадоў і пражыць маленькі адрэзак жыцця разам з У Мулявіным і яго знакамітым калектывам.

Пылавая бура на трасе Магілёў – Бабруйск: сутыкнуліся пяць аўтамабіляў

На аўтастрадзе Магілёў – Бабруйск з-за моцнага ветру ўтварылася пылавое воблака, што прывяло да сутыкнення пяці машын.

ДТЗ адбылося ўчора на трасе Р93 паміж Бабруйскам і вёскай Ясны Лес. 

Паводле папярэдняй інфармацыі, з-за рэзкага пагаршэння бачнасці ў пылавым воблаку сутыкнуліся адразу пяць аўтамабіляў.

Паведамляецца, што ў выніку аварыі аднаму чалавеку спатрэбілася дапамога медыкаў – яго агледзелі на месцы.

Фота: скрыншот відэа УУС Магілёўскага аблвыканкама.