У Асіповічах 5-гадовая дзяўчынка выпала з вакна трэцяга паверха

У Асіповічах дзяўчынка гуляла на балконе кватэры на трэцім паверсе пад наглядам бацькі. Той ненадоўга адышоў, а дачка тым часам узлезла на дзіцячую ванначку і выпала з вакна.

Пасля падзення дзяўчынка самастойна дайшла да пад’езда, адкуль яе да кватэры данесла суседка. Малую тэрмінова шпіталізавалі. Цяпер яна знаходзіцца ў рэанімацыі ў стабільным стане.

Фота БелТА.

І зноў здарэнне на Святым возеры ў Магілёве

На Святым возеры ў Магілёве матрос-ратавальнік выцягнуў з вады 9-гадовую дзяўчынку.

Яна прыйшла на пляж разам з маці. Калі дзіця пачало тануць, жанчына паспрабавала выратаваць дачку, але сама апынулася ў небяспецы.

Дзяўчынку ўдалося выратаваць. У выратаванні жанчыны дапамог мужчына, які адпачываў на пляжы.

На шчасце, ні маці, ні дзіця не мелі патрэбы ў медыцынскай дапамозе.

Усё гэта адбылося на тым самым месцы, дзе 23 чэрвеня патануў 14-гадовы падлетак.

Фота «МагілёўАнлайн».

У Магілёве аўтамабіль BMW збіў 6-гадовага хлопчыка

Трагічна скончылася веласіпедная прагулка для 6-гадовага магілёўца.

Хлопчык перасякаў дарогу з сябрамі на веласіпедах па рэгуляваным пешаходным пераходзе і быў збіты аўтамабілем BMW.

Бяда здарылася ўчора ўвечары на скрыжаванні вуліц Крупскай і Мытнай. За рулём аўтамабіля быў 30-гадовы кіроўца.

У выніку ДТЗ хлопчык з траўмамі дастаўлены ў бальніцу.

Фота: скрыншот відэа тэлеграм-канала «Міліцыя Магілёўшчыны».

Магіляўчанку будуць судзіць за тое, што яна зрабіла свайго дзіцёнка інвалідам

У Магілёве будуць судзіць 21-гадовую мясцовую жыхарку, з-за дзеянняў якой яе маленькі сын стаў інвалідам.

Дрэнныя навіны з Магілёва. Пад суд трапіла маладая маці. Следства ўстанавіла, што з нараджэння дзіцяці і да чэрвеня 2025 года маці рэгулярна падвяргала яго небяспецы. Яна купала немаўля ў занадта гарачай вадзе, не замацоўвала дзіцячую ванначку, няправільна трымала дзіця на руках, а калыску з ім спускала па лесвіцы. Нярэдка жанчына пакідала малога аднаго на ложку без ахоўных борцікаў. У некаторых выпадках яна рабіла гэта ў стане алкагольнага ап’янення.

У выніку дзіця атрымала траўмы рознай ступені цяжкасці, што прывяло да парушэння функцый арганізма і інваліднасці.

Па патрабаванні пракуратуры хлопчыка забралі з сям’і, а жанчыну пазбавілі бацькоўскіх правоў. Яе абвінавачваюць у прычыненні цялесных пашкоджанняў і пакіданні малалетняга ў небяспецы. Справа накіравана ў суд.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

У Магілёве незнаёмы мужчына спрабаваў задушыць трохгадовага хлопчыка на вуліцы

Інцыдэнт адбыўся ў спальным мікрараёне пасярод дня. Верагодна, мужчына быў пад наркотыкамі.

Пра надзвычайнае здарэнне паведамляе “Могилев Онлайн”. Паводле выдання, у рэдакцыю звярнуўся адзін з чытачоў, і гэты ж чалавек прадставіў відэазапіс з камеры назірання. Па ім можна пабачыць, што мужчына ў белай цішотцы падыходзіць да дзіцёнка на гульнявой пляцоўцы і хапае яго за горла. У хуткім часе да мужчыны падбягаюць жанчыны, якія пачынаюць вырываць хлопчыка з рук нападніка. Пасля таго, як гэта ім удаецца, жанчыны з дзецьмі пакідаюць пляцоўку, а мужчына некаторы час пастаяў і ўпаў.

Наркаман

Сведкі здарэння паведамляюць, што пра нападніка ім заявілі, што мужчына псіхічна хворы. Але, магчыма, ён быў пад уздзеяннем нейкіх рэчываў – мяркуюць чытачы выдання. Раніцай 6 жніўня паведамлялася, што міліцыя пачала праверку па факце інцыдэнта.

Фота: “Могилев Онлайн”, скрыншот