У Бабруйску выратавалі зайца, які трапіў у прыямак тэатру

Дзякуючы выпадковым прахожым удалося выратаваць зайца, які дзіўным чынам трапіў у прыямак будынку тэатра імя Дуніна-Марцінкевіча ў Бабруйску.

Малады мянчук, які прыехаў у райцэнтр, даведаўся ад сваёй сяброўкі, што заяц-русак трапіў у пастку, а дакладней у прыямак цокальнага паверха тэатра. Шанцаў самастойна выбрацца адтуль у дзікай жывёліны не было, і гэта прымусіла хлопца звярнуцца ў адміністрацыю ўстановы.

Як распавяла Bobr.by загадчыца літаратурнай часткай тэатру Таццяна Мурамцава, заяц сядзеў у прыямку, не варухаючыся. Зразумела, пры такіх умовах заўважыць яго было б цяжка. 

Прыйшлося падняць краты прыямка. Малады чалавек, узяўшы вялікі кавалак тканіны, злавіў касога, выцягнуў яго з пасткі і выпусціў на волю. 

Як часцяком такое здараецца, імя выратавальніка даведацца не паспелі, і ён застаўся невядомым.

Фотаздымак: Bobr.by

Дзіўная гісторыя з падзеннем дзяўчыны з моста ў Магілёве

У Магілёве з моста праз Днепр упала дзяўчына, але акалічнасці падзення дагэтуль не раскрываюцца.

Выпадак адбыўся ўвечары 19 сакавіка 2026 года. Згодна паведамленню ратаўнікоў, дзяўчына ўпала з моста і яе нясло цячэннем, пакуль дзіўную купальшчыцу не выратаваў сведка здарэння. Згодна размешчанаму ў тэлеграм-канале Таварыства выратавання на водах фотаздымку, усё гэта адбывалася ў раёне паміж мостам імя Яшына і тралейбусным прыпынкам каля Быхаўскага базара.

Пра сітуацыю паведамілі амаль усе магілёўскія СМІ, у прыватнасці, праўладны паблік “Могилев Live” у Фэйсбуку. На пастаўшае ў аднаго з карыстальнікаў пытанне, а якім жа чынам дзяўчына апынулася ў Дняпры, “Могилев Live” адказаў, што “ёсць моманты, пра якія забаронена пісаць. Вось гэта той выпадак”. Кім і чаму забаронена, былы незалежны паблік не паведамляе. 

Не развейвае туман сакрэтнасці і расповяд выданню Оnliner маладога чалавека, які выцягнуў дзяўчыну з вады. Хаця падрабязнасцяў здарэння стала больш. Паводле маладога чалавека па імені Сяргей, ён стаяў на прыпынку, чакаў транспарт і ўбачыў чалавека, які тоне. “Падышоў бліжэй – заўважыў, што гэта дзяўчына. Думаў, што ўжо нежывая. Адразу разгубіўся, але патэлефанаваў у 102. Дзяўчына не крычала, знясілеўшы, апускала галаву ў ваду. Заўважыў, што яна рухаецца, значыць, ёсць шанец на выратаванне. Не раздумваючы, хутка распрануўся і скокнуў. Падплыў, адразу схапіў яе за руку і майку. Усё здарылася вельмі хутка, на працягу хвіліны” – распавёў ён.

Паводле магілёўца, на тануўшай не было верхняга адзення — толькі футболка, штаны і туфлі. На выгляд – 13-15 гадоў. Цяпер яна знаходзіцца ў бальніцы. 

Фотаздымак: ТГ “ОСВОД Беларуси”

У Магілёве дзяўчына ўпала з моста, яе выратаваў мінак

У Магілёве відавочца выратаваў дзяўчыну, якая ўпала з моста ў раку Дняпро. Пра гэта паведамілі ў АСВОДзе.

Інцыдэнт адбыўся ўвечары 19 сакавіка. У службу выратавання паступіла паведамленне аб падзенні дзяўчыны ў ваду з моста. 

У гэты час яна знаходзілася прыкладна ў пяці метрах ад берага. Дзяўчыну з вады выцягнуў відавочца падзення – 22-гадовы хлопец.

На беразе дзяўчыне аказалі медыцынскую дапамогу, удакладнілі ў магілёўскім АСВОДзе. Пасля гэтага пацярпелую перадалі медыкам.

Фота БелТА.

Ратавальнікі ў Магілёве вызвалілі рудое кацяня з лавушкі

Мілую гісторыю паказалі супрацоўнікі МНС у Магілёве. Тут з дапамогай спецсродкаў прыйшлося ўскрываць металічную трубу на вуліцы Піянерскай. У яе правалілася маленькае рудое кацяня і жаласліва мяўкала – адзначаюць у прэс-службе ведамства. Неабыякавыя грамадзяне пачулі кацяня і выклікалі ратавальнікаў. Паведамляецца, што псля вызвалення кацяня тут жа кінулася да сваёй мамы-коткі.

Усе падрабязнасці спецыяльнай аперацыі па выратаванні кацяня можна пабачыць тут.

Фота: МНС, скрыншот 

Цеплавы след дапамог знайсці рыбака-пенсіянера, што заблукаў пад Чавусамі

Драматычную гісторыю пошукаў 77-гадовага рыбака на беразе Расты расказала прэс-служба МНС. Мужчына адправіўся на рыбалку, а вярнуць яго змаглі толькі некалькі машын, квадракоптар і цеплавы след ад кастра.

Звычайна, гісторыі пра пошукі людзей, што заблукалі ў лесе, адносяцца да грыбнікоў і збіральнікаў ягад – чалавеку лёгка згубіць арыентацыю ў аднастайных густых зарасніках. Аднак, вечарам 7 траўня дарогу дадому не змог знайсці пенсіянер-рыбак, які паехаў вудзіць на раку Раста ў Чавускім раёне. Што дзіўна – здавалася б, проста ідзі здоўж берагавой лініі і выйдзеш да людзей.

Пенсіянер 1948 года нараджэння аказаўся, аднак, у цяжкай сітуацыі. Мужчына прыехаў да ракі ў раёне вёскі Капані на сваёй аўтамашыне, але, парыбачыўшы, некалькі гадзін не мог знайсці шлях назад да машыны. Некалькі аўтамабіляў ратавальнікаў адправіліся яму на дапамогу, але так і не выйшлі на след пенсіянера – перашкаджала цяжкая прахадзімасць мясцовасці, а таксама тое, што мужчына меў праблемы са слыхам.

Ратавальнікі паднялі ў паветра квадракоптэр і ў нейкі момант пенсіянер сказаў ім па тэлефоне, што бачыць агні беспілотніка. У гэты самы момант у яго, аднак, сеў акумулятар тэлефона. Пошукі працягваліся да змяркання, а знайсці рыбака дапамог цеплавы след ад кастра, які мужчына развёў, каб не замёрзнуць ва ўмовах анамальных майскіх замаразкаў.

Фота: МНС і не толькі