На Лахве выратавалі рыбака, ён праваліўся пад лёд і чапляўся за кусты

51-гадовы жыхар вёскі Сарочына Быхаўскага раёна рыбачыў на рацэ Лахва недалёка ад свайго месца жыхарства. Аяртаючыся дахаты, у 70-ці метрах ад берага ён праваліўся пад лёд, але здолеў схапіцца за кусты. Выбрацца сам ён не змог і стаў крычаць па дапамогу. 

Жыхары вёскі выклікалі ратавальнікаў, якія выцягнулі мужчыну з палонкі пры дапамозе спецыяльнай дошкі – піша прэс-служба абласнога ўпраўлення МНС.

Фота: МНС

Зноў тонкі лёд – пад Чэрыкавам патануў рыбак

Жыхара вёскі Гронаў Чэрыкаўскага раёна знайшлі толькі на другія суткі. 26 лістапада ён перастаў выходзіць на сувязь, назаўтра яго прыйшоў праведаць усхваляваны брат – паведамляе cherikovnews.by. Брат знайшоў дом гаспадара пустым, а з хаты па непачышчанаму снегу ланцужок слядоў вёў да ракі Сож, што цячэ за агародам.

Ратавальнікі былі выкліканыя бліжэй да вечара 27 лістапада. Яны выявілі на тонкім лёдзе ракі два праломы, рыбацкі стульчык і снасці. Раніцай 28 лістапада каманда вадалазаў знайшла цела пенсіянера. Адзначаецца, што ён вёў здаровы лад жыцця, алкаголем не злоўжываў. Трагедыя адбылася з-за неабачлівасці рыбака – лёд быў моцны з аднаго берага затона, але тонкі на другім.

 

Рыбак патануў пад Бялынічамі

На беразе ракі Вабіч у Бялыніцкім раёне ратавальнікі знайшлі самаробны трактар з прычэпам, а каля берага – перавернутую лодку. Званок у службу МНС паступіў ад жонкі 65-гадовага мясцовага жыхара. Ён адправіўся на рыбалку на рэчку Вабіч у раён вёскі Пральня Вішоўскага сельсавета, і не вярнуўся своечасова. Непадалёк ад перавернутай лодкі, у камышах, у двух метрах ад берага ратавальнікі знайшлі цела мужчыны – паведамляе газета “Зара над Друццю”. Трагедыя адбылася вечарам 16 лістапада.

Фота носіць ілюстрацыйны характар і ўзята з адкрытых крыніц

З нажом арандатар возера бараніў яго ад рыбакоў. Цяпер з ім разбіраецца міліцыя

Арандатар возера парэзаў шыны прыватнага легкавіка за тое, што без яго дазволу ўладальнік вудзіў рыбу.

Такі інцыдэнт адбыўся ў Бялыніцкім раёне на возеры ля вёскі Галоўчын. Сям’я з малымі дзецьмі прыехала адпачыць. Бацька ўзяўся вудзіць. Да іхнай машыны падбег з нажом мужчына, нічога не кажучы парэзаў шыны і з’ехаў на сваёй.

Як аказалася, нападнік быў арандатарам вадаёму. Яго абурыла, што адпачывальнікі без дазволу сталі лавіць рыбу на падрыхтаваным ім для рыбаразвядзення возеры, піша бялыніцкая раёнка «Зара над Друццю».

Супраць арандатара распачата крымінальная справа за «Хуліганства». Яму пагражае да 3 гадоў пазбаўлення волі.

фота: intex-press.by