экстрэмал

Магілёвец атрымаў траўмы на фестывалі вулічных відаў спорту

Магілёвец Аляксандр Фамін няўдала ўпаў з веласіпеда пры выкананні сальта на фестывалі вулічных відаў спорту у Мінску.

Страта прытомнасці і зламанае рэбра атрымаў хлопец падчас свайго выступлення на фестывалі Urban Fest, які праходзіў у сталічным парку Уга Чавеса. Відэа няшчаснага выпадка з’явілася першапачаткова ў тэлеграм-канале “Сорамна Мінск”. Там бачна, як хлопец пасля сальта на веласіпедзе падае на рампу і траціць свядомасць. Магілёвец быў удзельнікам турніра ВМХ – экстрэмальнай дысцыпліне на спецыяльных веласіпедах, дзе выконваюцца скокі і розныя трукі.

“Хлопец стукнуўся сонечным спляценнем, з-за чаго яму перахапіла дыханне і ён на кароткі час страціў прытомнасць. На кожнай пляцоўцы дзяжурылі ўрачы, машыны хуткай дапамогі, рэанімабіль, таму пацярпеламу хутка аказалі дапамогу і даставілі ў бальніцу. Лекары дыягнаставалі, што ў яго зламанае рабро. Цяпер ён ужо знаходзіцца ў Магілёве, дзе і жыве”, – распавялі выданню Onliner арганізатары фестываля, які адбыўся ў сярэдзіне ліпеня. Паводле іх, хлопец не разлічыў свае сілы і паспрабаваў выканаць трук, які раней ніколі не рабіў.

Як распавёў сам Аляксандр, тэрмін аднаўлення пасля такога пералома – каля месяца. На гэты час пра веласіпед прыйдзецца забыць.

“Са мной усё ў парадку, зламанае рабро, лёгкае страсенне. Падрыхтаваны цягліцавы каркас і шлем збераглі ад больш дрэнных абставінаў. Адзначу, што гэты трук рабіў неаднаразова, але сітуацыя такая, што беларускія скейт-паркі не прадугледжаныя для катання крыху больш аматарскага, хоць BMX-фрыстайл – гэта алімпійскі від спорту. Я не ўлічыў, што гэта няправільны скейт-парк. У прафесійным спорце траўмы непазбежныя, дзесьці па неспрактыкаванасці, дзесьці з-за ўмоў. У дадзеным выпадку я больш схіляюся да ўмоў”, – адзначае магілёўскі экстрэмал.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

← Усе навіны Магілёва