Магіляўчанка спагнала грошы з віноўніка свайго падзення на эскалатары

Бацькам магілёўскага падлетка давядзецца заплаціць за свавольствы сына на эскалатары.

Суд Ленінскага раёна Магілёва разгледзеў пазоў мясцовай жыхаркі, якая ў маі 2025 года атрымала траўмы пры падзенні на эскалатары аднаго з гандлёвых цэнтраў.

Прычынай інцыдэнту сталі паводзіны 14-гадовага падлетка, які ехаў на прыступку вышэй.

Ён убачыў знаёмых, якія спускаліся на сустрэчным эскалатары, у жарт схапіў аднаго з іх за шыю і страціў раўнавагу. Падаючы, хлопец збіў з ног дзяўчыну.

Менавіта яна падала на яго ў суд, паколькі, падаючы, атрымала шэраг траўмаў, уключаючы пералом ключыцы. 

Дзяўчына на той момант была студэнткай выпускнога курса і не магла паўнавартасна працаваць над дыпломам. 

Памер маральнай шкоды ісціца ацаніла ў 25 тысяч рублёў.

Суд прыняў рашэнне спагнаць з віноўніка здарэння на карысць дзяўчыны 7 тысяч рублёў. Пры адсутнасці даходаў у яго самога – з яго законных прадстаўнікоў.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

У Магілёве камунальшчыкі выразалі кавалак тратуара. Ёсць пацярпелыя

Няўклюдны рамонт тратуара на бульвары Непакораных у Магілёве дорага абышоўся 9-гадовай дзяўчынцы.

Знявечаны рамонтам тратуар на бульвары Непакораных у Магілёве стаў прадметам расследавання журналістаў “Магілёўскіх ведамасцяў”. 

Пра яго нават знялі відэасюжэт і тры дні шукалі ў нейкім ЖЭУ аўтара ідэі зрабіць урэзку ў тратуар, каб элегантна абыйсці каналізацыйны люк. 

Само сабой, у поўнай непрафесійнасці ніхто не прызнаўся.

Тым часам ужо ёсць і пацярпелыя: 9-гадовая дзяўчынка, што ехала на ровары, трапіла ў камунальную пастку і апынулася ў бальніцы.

Можна, вядома, практыкаавацца ў прыдумванні сатырычных эпітэтаў, называць урэзку мадэрнісцкай або авангарднай, але па сутнасці гэтая гісторыя – люстэрка лукашэнкаўскай Беларусі, дзе людзі займаюцца справай, у якой нічога не разумеюць, атрымліваюць за гэта заробак і выдаюць дрымучае невуцтва начальства за кемлівасць.

Па-людску дык, «спецыяліста», які спраектаваў гэтую урэзку, мала проста выгнаць з працы, трэба было б і да крымінальнай адказнасці прыцягнуць.

Але вынік разбіральніцтва, як бачым, іншы – збілі драўляную імітацыю тратуара. Яны, вядома ж, паабяцалі «вырашыць праблему кардынальна», але цяля добрых намераў за трыццаць гадоў так і не з’ела ваўка татальнага бардака.

Люк бульвар

Фота: скрыншот відэа газеты “Магілёўскія ведамасці”.

Падлетак застаўся без пальцаў пасля летняй падпрацоўкі

У Магілёўскім раёне невыкананне тэхнікі бяспекі ў прыватнай арганізацыі прывяло да сур’ёзнай траўмы 16-гадовага падлетка.

Як паведамляе Генеральная пракуратура, у ліпені гэтага года хлопец працаваў на станку. Пры гэтым ён, як і яго такі ж непаўналетні калега, быў дапушчаны да працы без заключэння працоўнай дамовы і ўвогуле без належнага афармлення. У арганізацыі не было нават інструкцыі па ахове працы.

Акрамя гэтага, на станках адсутнічалі ахоўная агароджа элементаў, што круцяцца.

Няшчасны выпадак прывёў да таго, што рука падлетка трапіла ў небяспечнае месца і ў выніку ён пазбавіўся пальцаў.

Дырэктар арганізацыі быў прыцягнуты да адміністратыўнай адказнасці за парушэнне працоўнага заканадаўства – ён заплаціў штраф у 25 базавых велічынь. А цяпер супраць яго ўзбуджана крымінальная справа, бо гэтае парушэнне пацягнула сур’ёзныя цялесныя пашкоджанні.

Фотаздымак ілюстрацыйны

Жыхар Кіраўскага раёна трапіў пад суд за ўдар па сабачай лапе

Суд прысудзіў жыхару Кіраўскага раёна буйную выплату за ўдар паленам па лапе сабакі.

Пабіты сабака

У Кіраўскім раёне разбіральніцтва з нагоды траўмы сабакі дайшло да мясцовага суда. Усё пачалося 23 лютага 2025 года. Адзін з мясцовых жыхароў, у сябе двары, кінуў палена ў чужога сабаку. У выніку ў пса аказалася рассечаная задняя лапа.

Гаспадару жывёліны прыйшлося везці гадаванца да ветэрынара: рану апрацавалі, наклалі швы, прызначылі лячэнне. Усяго на ветэрынарную дапамогу і лекі пайшло 477 рублёў 37 капеек, паведамляе Магілёўскі аблсуд.

Грошы і адказнасць

Уладальнік сабакі вырашыў, што яе крыўдзіцель павінен заплаціць, і падаў скаргу. Патрабаваў пакрыць выдаткі на лячэнне і суд. Той, хто кідаў палена, на судзе патлумачыў, што не хацеў нікому нашкодзіць і наогул не прызнае сябе вінаватым.

Але суд паглядзеў інакш. У матэрыялах справы ўжо фігураваў эпізод адміністрацыйнага правапарушэння па ч.3 арт.16.29 КаАП – за жорсткае абыходжанне з жывёлай. Гэтага аказалася дастаткова, каб прызнаць віну і абавязаць выплаціць кампенсацыю.

Адказчык паспрабаваў аспрэчыць рашэнне, але абласны суд пакінуў усё як ёсць: 477 рублёў за лячэнне і яшчэ 439 – за сам суд. Рашэнне ўступіла ў сілу.

Дарэчы, як піша БелТА са спасылкай на прадстаўніка МУС Міхаіла Антоненку, за студзень-травень гэтага года да адміністрацыйнай адказнасці за жорсткае абыходжанне з жывёламі прыцягнуты 44 жыхары Беларусі (у 2024-м – 101, 2023-м – 110). Ім прад’яўлена абвінавачанне па арт.16.29 КаАП.

Фотаздымак з адкрытых крыніц