У Касцюковіцкім раёне фермер выпадкова падстрэліў свайго сына

У вёсцы Бялынкавічы Касцюковіцкага раёна мясцовы фермер па неасцярожнасці стрэліў у свайго 15-гадовага сына. Падлетак шпіталізаваны.

Няшчасны выпадак адбыўся раніцай 24 траўня 2026 года. Сын дапамагаў свайму 61-гадоваму бацьку забіваць кабана. Мужчына выкарыстоўваў гладкаствольную стрэльбу, якая дасталася яму ў спадчыну, але не было зарэгістравана.

Падчас забоя кабана фермер выпадкова параніў свайго сына ў жывот. Хлопцу была аказана экстраная меддапамога і яго шпіталізавалі.

Цяпер у Бялынкавічах працуюць следчыя, якія праводзяць праверку здарэння.

Фотаздымак: Следчы камітэт РБ

Стаў вядомы прысуд прадпрымальніку, у якога падлетку адрэзала тры пальцы

Адзін год “хатняй хіміі” атрымаў дырэктар камерцыйнай арганізацыі за няшчасны выпадак на вытворчасці, дзе пацярпеў неабучаны падлетак.

Падзеі адбываліся ўлетку 2025 года, калі работнік камерцыйнай арганізацыі прапанаваў суседскаму сыну падпрацаваць на вытворчасці. Падлетак пагадзіўся і нават запрасіў яшчэ свайго прыяцеля. 

Хлопцы працавалі без якога-кольвечы афармлення цэлы тыдзень. Прычым адзін з іх быў дапушчаны да працы на валкавым прэсе, хоць не меў дастатковых ведаў аб бяспецы пры такой працы, не праходзіў ні інструктаж, ні ўвогуле нейкага навучання для выканання такіх работ.

У працэсе працы правая рука падлетка трапіла паміж пракатным валам прэса і штанцформай, з-за чаго яму адрэзала тры пальцы на ўзроўні сярэдняй фалангі. 

Потым правяраючыя знайшлі масу парушэнняў правілаў аховы працы і тэхнікі бяспекі на прадпрыемстве. Сярод іх – адсутнасць адпаведнага пазначэння небяспекі і абарончых агароджаў. Ну а самае галоўнае парушэнне – допуск да небяспечнай працы неабучанага падлетка.

Падчас працэса ў Магілёўскім раённым судзе, дырэктар фірмы цалкам прызнаў сваю віну ў няшчасным выпадку з падлеткам. Яму прысудзілі адзін год “хатняй хіміі” і выплату пацярпеламу 25 тыс. рублёў кампенсацыі. Таксама мужчына два гады не можа займаць пасады, звязаныя з забеспячэннем правіл аховы працы і тэхнікі бяспекі.

Прысуд пакуль у сілу не ўступіў.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

На Магілёўшчыне падлеткі зрывалі ЧЗ-сцяг

Пасярод ночы маладыя жыхары магілёўскай глыбінкі сарвалі чырвона-зялёны сцяг з будынка мясцовага аддзялення банка, а потым зафарбоўвалі нешта на пешаходных пераходах. 

Здарэнне, яўна падобнае на супраціўленне афіцыёзу, у афіцыйных крыніцах апісваецца досыць мудрагеліста. На сайце Вярхоўнага суда гаворыцца пра дзяўчыну, якая на кастрычнік 2025 года, ужо дасягнула паўналецця, і якая, быццам бы, вырашыла выпрабаваць пачуцці 17-гадовага хлопца. Як піша суд, яна мела ў яго аўтарытэт і карысталася даверам. Дзяўчыне раптам захацелася мець чырвона-зялёны сцяг РБ і яна папрасіла хлопца сарваць яго ўначы з будынка банка. Што той і зрабіў, заадно зламаўшы дрэўка. 

Таксама яна прапанавала зафарбаваць дарожныя знакі фарбай, якая не была хлопцу патрэбная. Той паслухмяна зафарбаваў два знакі “Пешаходны пераход”, прычыніўшы шкоду камунальнай гаспадарцы на амаль 140 рублёў.

На судзе абодва прызналі сваю віну. Хлопец па абвінавачванні ў хуліганстве і “здзеку з дзяржсцягу” атрымаў год калоніі з адтэрміноўкай на год. А дзяўчына – тры гады і шэсць месяцаў “хатняй хіміі” за падбухторванне заведама непаўналетняга.

Прысуд у законную сілу пакуль не ўступіў.

Фотаздымак ілюстрацыйны

Магіляўчанка спагнала грошы з віноўніка свайго падзення на эскалатары

Бацькам магілёўскага падлетка давядзецца заплаціць за свавольствы сына на эскалатары.

Суд Ленінскага раёна Магілёва разгледзеў пазоў мясцовай жыхаркі, якая ў маі 2025 года атрымала траўмы пры падзенні на эскалатары аднаго з гандлёвых цэнтраў.

Прычынай інцыдэнту сталі паводзіны 14-гадовага падлетка, які ехаў на прыступку вышэй.

Ён убачыў знаёмых, якія спускаліся на сустрэчным эскалатары, у жарт схапіў аднаго з іх за шыю і страціў раўнавагу. Падаючы, хлопец збіў з ног дзяўчыну.

Менавіта яна падала на яго ў суд, паколькі, падаючы, атрымала шэраг траўмаў, уключаючы пералом ключыцы. 

Дзяўчына на той момант была студэнткай выпускнога курса і не магла паўнавартасна працаваць над дыпломам. 

Памер маральнай шкоды ісціца ацаніла ў 25 тысяч рублёў.

Суд прыняў рашэнне спагнаць з віноўніка здарэння на карысць дзяўчыны 7 тысяч рублёў. Пры адсутнасці даходаў у яго самога – з яго законных прадстаўнікоў.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

Падлетак застаўся без пальцаў пасля летняй падпрацоўкі

У Магілёўскім раёне невыкананне тэхнікі бяспекі ў прыватнай арганізацыі прывяло да сур’ёзнай траўмы 16-гадовага падлетка.

Як паведамляе Генеральная пракуратура, у ліпені гэтага года хлопец працаваў на станку. Пры гэтым ён, як і яго такі ж непаўналетні калега, быў дапушчаны да працы без заключэння працоўнай дамовы і ўвогуле без належнага афармлення. У арганізацыі не было нават інструкцыі па ахове працы.

Акрамя гэтага, на станках адсутнічалі ахоўная агароджа элементаў, што круцяцца.

Няшчасны выпадак прывёў да таго, што рука падлетка трапіла ў небяспечнае месца і ў выніку ён пазбавіўся пальцаў.

Дырэктар арганізацыі быў прыцягнуты да адміністратыўнай адказнасці за парушэнне працоўнага заканадаўства – ён заплаціў штраф у 25 базавых велічынь. А цяпер супраць яго ўзбуджана крымінальная справа, бо гэтае парушэнне пацягнула сур’ёзныя цялесныя пашкоджанні.

Фотаздымак ілюстрацыйны

Магілёўскі падлетак папаўся на махінацыях з банкаўскімі рахункамі

Тры гады зняволення з адтэрміноўкай атрымаў магілёўскі юнак, які зарабляў на доступе да банкаўскіх рахункаў сваіх знаёмых.

Як паведамляе Вярхоўны суд, у чэрвені 2023 года юнак, кіруючыся карыслівымі намерамі, праз Telegram за 140 рублёў перадаў трэцяй асобе асабістыя дадзеныя сваёй знаёмай – нумар тэлефона і пашпартныя звесткі. На яе імя былі адкрыты рахункі, доступ да якіх таксама забяспечыў падлетак, перадаўшы коды пацверджання і іншыя аўтэнтыфікацыйныя дадзеныя.

Акрамя таго, з чэрвеня па лістапад 2023 года ён паўторна прасіў іншых сваіх знаёмых адкрываць рахункіі падключаць інтэрнэт-банкінг, пасля чаго зноў прадаваў усе неабходныя звесткі трэцяй асобе. На такіх махінацыях хлопец атрымаў больш за 7,5 тысячы рублёў.

На працэсе ў судзе Кастрычніцкага раёна Магілёва ён прызнаў віну і патлумачыў, што быў у цяжкім матэрыяльным становішчы, хоць і ўсведамляў злачыннасць сваіх дзеянняў.

У выніку яго прызналі вінаватым ў незаконным распаўсюджанні аўтэнтыфікацыйных дадзеных, што дазваляюць атрымаць доступ да банкаўскіх рахункаў. Яму прызначылі тры гады пазбаўлення волі, але згодна з заканадаўствам суд адклаў выкананне прысуду на два гады. Таксама з яго спагнана 7728,07 рублёў атрыманых злачынным шляхам.

Фотаздымак з адкрытых крыніц