У Касцюковічах зваршчыка зацягнула ў драбільны млын. Рабочы загінуў

На цэментным заводзе пры рамонце драбільнага млыну загінуў 33-гадовы электрагазазваршчык.

Трагедыя адбылася ўвечары 10 лютага, паведамляе Следчы камітэт. Абсталяванне было адключана, аднак падчас работ мужчына знаходзіўся на валах механізму і з дапамогай газавага разака спрабаваў вынуць металічны прадмет, які захраснуў. Калі дэталь удалося дастаць, зваршчыка па інэрцыі зацягнула ўнутр агрэгата.

Калега мужчыны пачуў крыкі і выклікаў экстранныя службы. Нягледзячы на аператыўныя дзеянні ратавальнікаў і медыкаў выратаваць работніка не ўдалося.

Па факце гібелі працоўніка Следчы камітэт праводзіць праверку.

Фотаздымак: Следчы камітэт

Стаў вядомы прысуд прадпрымальніку, у якога падлетку адрэзала тры пальцы

Адзін год “хатняй хіміі” атрымаў дырэктар камерцыйнай арганізацыі за няшчасны выпадак на вытворчасці, дзе пацярпеў неабучаны падлетак.

Падзеі адбываліся ўлетку 2025 года, калі работнік камерцыйнай арганізацыі прапанаваў суседскаму сыну падпрацаваць на вытворчасці. Падлетак пагадзіўся і нават запрасіў яшчэ свайго прыяцеля. 

Хлопцы працавалі без якога-кольвечы афармлення цэлы тыдзень. Прычым адзін з іх быў дапушчаны да працы на валкавым прэсе, хоць не меў дастатковых ведаў аб бяспецы пры такой працы, не праходзіў ні інструктаж, ні ўвогуле нейкага навучання для выканання такіх работ.

У працэсе працы правая рука падлетка трапіла паміж пракатным валам прэса і штанцформай, з-за чаго яму адрэзала тры пальцы на ўзроўні сярэдняй фалангі. 

Потым правяраючыя знайшлі масу парушэнняў правілаў аховы працы і тэхнікі бяспекі на прадпрыемстве. Сярод іх – адсутнасць адпаведнага пазначэння небяспекі і абарончых агароджаў. Ну а самае галоўнае парушэнне – допуск да небяспечнай працы неабучанага падлетка.

Падчас працэса ў Магілёўскім раённым судзе, дырэктар фірмы цалкам прызнаў сваю віну ў няшчасным выпадку з падлеткам. Яму прысудзілі адзін год “хатняй хіміі” і выплату пацярпеламу 25 тыс. рублёў кампенсацыі. Таксама мужчына два гады не можа займаць пасады, звязаныя з забеспячэннем правіл аховы працы і тэхнікі бяспекі.

Прысуд пакуль у сілу не ўступіў.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Вырвала кабіну – у Шклове загінуў кіроўца аўтакрана “Машэка”

Раніцай 10 ліпеня ў Шклове на папяровай фабрыцы загінуў 61-гадовы кіроўца аўтакрана. Як паведамляе прэс-служба Следчага камітэта, падчас пагрузкі яшчыка, кабіну кіравання маніпулятарам вырвала з платформы. Вадзіцеля выкінула з кабіны і ў выніку ўдару аб асфальт яго траўмы аказаліся несумяшчальнымі з жыццём. Мужчына працаваў на аўтапагрузчыку “Машэка”, вытворцы MAZ. Следчы камітэт праводзіць праверку па абставінах трагедыі. 

Фота: Следчы камітэт

Падчас стыхіі ў Магілёве загінула жанчына

Пакуль вядома толькі пра адну ахвяру начнога ўрагану, што абрынуўся на Магілёў. 

Што здарылася

Трагедыя адбылася каля 2-й гадзіны ночы ў раёне рачнога порта на Дняпры. Паводле папярэдніх звестак, 32-гадовая жанчына разам з мужам прыехалі на бераг ракі на рыбалку. Калі пачалася непагадзь, пара паспрабавала схавацца пад дрэвам.

Аднак моцны парывісты вецер паваліў дрэва проста на плед, дзе ляжалі муж і жонка. На месца здарэння хутка прыбылі ратавальнікі і даставалі пацярпелую з-пад дрэва ўжо без прытомнасці.

Медыкі канстатавалі смерць

Лекары, якія прыбылі на месца, правялі рэанімацыйныя мерапрыемствы, але, на жаль, выратаваць жанчыну не ўдалося — смерць была канстатаваная на месцы.

Ідзе праверка

На месцы працавала следча-аператыўная група. У цяперашні момант праводзіцца праверка. Следчы камітэт высвятляе ўсе абставіны трагедыі, у тым ліку прычыны і ўмовы, што маглі спрыяць гібелі жанчыны.

Фота: Следчы камітэт

У Друці ў Круглянскім раёне патануў чалавек

У Круглянскім раёне адбыўся няшчасны выпадак на вадзе – у рацэ Друць быў знойдзены патанулы мужчына. 

Як паведамілі ў Магілёўскім абласным упраўленні МНС, цела мужчыны было знойдзена 22 мая 2025 года паблізу вёскі Новая Радча. Каля 20:00 мясцовы жыхар заўважыў у вадзе цела і неадкладна паведаміў пра гэта ў праваахоўныя органы. Выратавальнікі аператыўна прыбылі на месца і дасталі патанулага з ракі.

Асоба загінулага ўстаноўлена – ім аказаўся жыхар Мінска, 1989 года нараджэння. Па факце гібелі праводзіцца праверка, абставіны трагедыі высвятляе Круглянскі раённы аддзел Следчага камітэта.

Гэта ўжо не першы выпадак трагічнай гібелі людзей у рацэ Друць. Так, 16 верасня 2024 года Магілёўскае абласное ўпраўленне МНС атрымала паведамленне ад дзяжурнага РАУС аб гібелі мужчыны ў гэтым жа вадаёме.

Як высветлілася, патанулы, 1967 года нараджэння, пайшоў з дому 12 верасня і не вярнуўся. Пра яго знікненне заявіў брат. Праз чатыры дні, 16 верасня, у 17:30, выратавальнікі дасталі цела загінулага з вады – яно знаходзілася ўсяго ў двух метрах ад берага. Месца, дзе адбылася трагедыя, не было абсталявана для купання.

Фота: Магілёўсакае абласное УМНС

Трагедыя ў Краснапольскім раёне: рабочы загінуў падчас высечкі лесу

У Краснапольскім раёне Магілёўскай вобласці падчас лесанарыхтовак загінуў 35-гадовы рабочы. Следчы камітэт распачаў праверку па факце няшчаснага выпадку.

Паводле інфармацыі Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь, трагедыя адбылася падчас выканання работ па высечцы лесу. 35-гадовы мужчына, які працаваў у складзе брыгады лесарубаў, атрымаў смяротныя траўмы ў выніку падзення дрэва. Як паведамляюць у ведамстве, іншы 30-гадовы работнік валіў дрэва. Падчас выканання работ яно ўпала на другоедрэва, якім і прыціснула яго калегу – 35-гадовага жыхара Краснаполля. Атрыманыя траўмы аказаліся несумяшчальнымі з жыццём.

На месцы здарэння працуе следча-аператыўная група. Праводзяцца неабходныя следчыя дзеянні, у тым ліку агляд месца здарэння, апытанне сведкаў і іншыя працэдуры для ўстанаўлення ўсіх абставін інцыдэнту.

Фота: Следчы камітэт