Непрадуманы крок у шахту ліфта прывёў да трагічнай смерці 65-гадовага зваршчыка падчас рамонту прамысловага будынка.
Трагічны выпадак адбыўся раніцай 9 ліпеня 2026 года ў будынку аднаго з былых прамысловых прадпрыемстваў Магілёва, дзе цяпер праводзяцца рамонтна-будаўнічыя работы.
65-гадовы зваршчык збіраўся спусціцца на ніжні паверх. Ён адчыніў дзверы грузавога ліфта, не пераканаўся, што кабіна знаходзіцца на месцы, і ступіў у пустую шахту. Мужчына ўпаў з вышыні каля шасці метраў і атрымаў траўмы, несумяшчальныя з жыццём.
Як высветлілася, будынак цэха яшчэ не ўведзены ў эксплуатацыю, таму трапіць на верхнія паверхі можна было толькі па лесвіцах.
Цяпер Магілёўскі міжраённы аддзел Следчага камітэта праводзіць праверку.
Фотаздымак: ТГ “Следчы камітэт Беларусі”
