Спектакль пра Машэку з элементамі эротыкі – наш тэатральны агляд прэм’еры

Прэм’ерныя паказы спектакля па матывах народнага падання і паэмы Янкі Купалы “Магіла льва” распачаліся ў магілёўскім лялечным тэатры. 

У першы дзень прэм’еры новага сезона зала авацыяй сустрэла творчыя пошукі магілёўскіх артыстаў. Незадаволеных твараў не было заўважана. 

Трэба адзначыць, што “магілу льва” шукае ці не кожнае пакаленне магілёўскіх артыстаў.  І гэтым разам атрымалася зноўку нечакана. Спалучэнне лялек з жывымі артыстамі заўжды дадае глыбіні пастаноўцы. Да таго ж некаторыя сцэны былі досыць адкрытыя і эратычныя нягледзячы на ўсю іх алегарычнасць.

Сам спектакль, на думку пастаноўшчыкаў , адказвае на пытанні: Хто мы і куды зараз ідзем? Ці ведаем, ці памятаем гісторыю сваёй зямлі? 

Каб адказаць на гэтыя пытанні, як лічаць пастаноўшчыкі, трэба вярнуцца да сваіх каранёў, звярнуцца да гісторый з жыцця нашых продкаў: “іх кемлівасць захавала дзеля нас шмат дзіўных весцяў.” Адна з іх – паданне пра легендарнага асілка Машэку, якога здрада ператварыла ў раз’юшанага ў адносінах да несправядлівасці льва. Пасля смерці Машэкі, яго высокую магілу ў народзе назвалі “Магілай льва”. А потым на гэтым месцы вырас горад, які зараз носіць назву Магілёў.

Ці ўдалося артыстам рэалізаваць свае намеры? Пытанне адкрытае і спрэчнае. Размовы гледачоў пасля спектаклю паказалі, што ўсе задаволеныя паходам у тэатр, а вось сама пастаноўка выклікала пытанні. 

У пастаноўцы прынялі ўдзел пяць “жывых” артыстаў і шматлікія маленькія лялечкі, якія дапамагалі паскорыць сюжэт і абысці неабходнасць паказу жорсткіх забойстваў. А самай вялікай, а лепш сказаць вялізнай, аказалася лялька Машэкі, якая дамінавала над сцэнай і нібыта наглядала за ўсімі з вышыні.  

Што тычыцца характару герояў, то рэжысёр Марына Гуцава выбрала драматычную версію магутнага дабрака Машэкі, якога толькі здрада каханай пераўтварыла ў рабаўніка і забойцу, і разбэшчанай Наталкі, якая абрала багацце і сама пайшла ў двор пана… 

Дзяўчаты на сцэне паводзілі сябе ў манеры паганскай эратычнай дахрысціянскай культуры. А мужчыны – яны ж заўсёды мужчыны – рэалізоўвалі сваю прагу да жанчын і ўлады.   

Абыгрывалі сюжэт артысты на беларускай мове п’есы класіка. І гэта не толькі не замінала гледачам пранікаць у глыбіню зместу апавядання, але і дапамагала, стварала той непаўторны каларыт беларускай даўніны, які быў так неабходны. Можа быць пару спеваў у традыцыйнай аранжыроўцы і можна было б прыбраць. А можа быць і не. Тут справа густу. 

Прэм’ерныя паказы спектакля пройдуць яшчэ і сёння – 30 лістапада, а таксама 1 снежня. Узроставае абмежаванне: “14+”. Кошт білета: 12 руб.