У Магілёве галоўны следчы краіны ўспомніў справу “Ліфцёра”, да якой дачынення не мае

На нарадзе ў Магілёве былы спікер КДБ Канстанцін Бычак успомніў пра старое злачынства. Але якія справы мінулых гадоў сёння важнейшыя для сістэмы?

На нарадзе ў Магілёве старшыня Следчага камітэта Канстанцін Бычак гаварыў пра раскрыццё злачынстваў мінулых гадоў.

У якасці самага моцнага прыкладу ў гэтай тэме непазбежна ўспамінаецца справа магілёўскага маньяка-ліфцёра, 53-гадовага мужчыны, якога следства звязвае з серыяй нападаў на дзяўчат і дзяўчынак у 1990-я гады.

Гэта сапраўды той выпадак, дзе словы пра справядлівасць не выглядаюць пустымі. Злачынствы адбываліся ў Магілёўскай, Віцебскай і Мінскай абласцях, а падазраванага знайшлі толькі праз дзесяцігоддзі.

Але ў цяперашняга гучнага аповеду Бычака ёсць цікавы нюанс. Да фактычнага раскрыцця гэтай справы цяперашні старшыня Следчага камітэта дачынення мець не мог: на пасаду кіраўніка СК яго прызначылі 23 снежня 2025 года, а да гэтага Бычэк быў спікерам КДБ па палітычных тэмах.

Напрыклад, у лістападзе 2024 года Бычак “раскрываў” справу тэрарыстычных ячэек “беглых”.

І вось тут размова пра злачынствы мінулых гадоў становіцца значна шырэйшай. Калі гаворка ідзе пра старыя забойствы, згвалтаванні і знікненні людзей – такая праца патрэбная. Але калі пад справы мінулых гадоў пачынаюць падводзіць старыя падпіскі, рэпосты, каментары і ўдзел у медыя, якім статус ‘экстрэмісцкіх’ прысвоілі заднім чыслом, гэта ўжо не пра справядлівасць. Гэта пра палітычны кантроль у цэлым і пра Канстанціна Бычака ў прыватнасці.

Пакуль ён адзначыўся толькі як публічны кадэбіст, які ніколі не займаўся раскрыццём старых забойстваў, а спецыялізаваўся на рыторыцы барацьбы з палітычнымі праціўнікамі і паслужліва прасоўваў тэму “справядлівасці” вайны супраць Украіны.

Фота БелТА.

Рыбакі загінулі на Вілейскім вадасховішчы. Адзін з іх – жыхар Асіповічаў

Мінчанін і жыхар Асіповічаў загінулі падчас рыбалкі на Вілейскім вадасховішчы.

На Вілейскім вадасховішчы, паблізу вёскі Чыжэвічы, у намёце, усталяваным на лёдзе, былі знойдзены целы двух рыбакоў. 

Папярэдняя прычына гібелі 53-гадовага мінчаніна і 51-гадовага жыхара Асіповічаў – атручэнне чадным газам.

Як паведамляюць следчыя УДКСЭ, у замкнёнай прасторы намёта пры працы ацяпляльных прыбораў назапасіўся чадны газ, што і прывяло да трагічных наступстваў.

Фото ведамаснага сайта Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь.

У Быхаве пайшлі на зайца, а падстрэлілі казулю

Быхаўскі браканьер падстрэліў казулю і закапаў яе ў снезе.

Трох паляўнічых затрымалі супрацоўнікі Быхаўскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету. Мужчыны палявалі на зайца, але адзін з іх, паддаўшыся спакусе, стрэліў у казулю, хоць ведаў, што цяпер дзейнічае забарона на здабычу гэтага віду парнакапытных.
Да таго ж у быхаўчаніна не было адпаведнага дазволу. Браканьер разрабіў тушу і закапаў яе ў снезе.
Пасля затрымання мужчына прызнаўся ў тым, што “менавіта ён незаконна здабыў казулю, пакуль сябры спрабавалі адшукаць зайца, і таемна ад іх разрабіў тушу забітай жывёлы”.
Памер шкоды, нанесенай дзяржаве, ацэнены ў 16 200 рублёў або 360 базавых велічынь. Узбуджана крымінальная справа.

Фота ведамаснага сайта Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь.

Бабруйчанін хацеў бачыць раку. Вось як адрэагаваў пракурор

І вярба ломкая, і вольха чорная. Усё пусціў пад сякеру бабруйчанін, які купіў участак у Светлагорскім раёне.

Светлагорскаму раённаму аддзелу Следчага камітэта давялося займацца абставінамі незаконнай высечкі дрэў у вёсцы Васілеўка на тэрыторыі, што прымыкае да прыватнага домаўладання.

Гэты ўчастак набыў бабруйчанін, які доўгі час жыў і працаваў у Расіі і падышоў да добраўпарадкавання сваіх уладанняў з нядрэннай дзелавой хваткай і чыста расійскім самаўпраўствам.

Ён наняў брыгаду для зносу старых пабудоў і ўзвядзення новых, а таксама вырашыў добраўпарадкаваць тэрыторыю за межамі свайго ўчастка – зрабіць газон, пляж і прычал.

Васілеўка яшчэ не бачыла такіх гаспадарчых падыходаў і феадальных замашак.

Новы ўласнік аддаў загад спілаваць усе дрэвы ад плота дома да берага ракі, хаця гэта тэрыторыя адносіцца да зямель агульнага карыстання і СУП «Міхайлаўскае-агра». У выніку было знішчана 186 дрэў розных парод (вярба ломкая, вольха чорная, клён ясенелістны, груша, дуб). Шкода, нанесеная навакольнаму асяроддзю, склала 12 975 рублёў.

Улічваючы, што гэта першае злачынства 45-гадовага бабруйчаніна, якое не нясе вялікай грамадскай небяспекі, а таксама добраахвотнае кампенсаванне шкоды і шчырае раскаянне, пракурор дазволіў спыніць крымінальную справу і прыцягнуць вінаватага толькі да адміністрацыйнай адказнасці – штрафу.

Фота ведамаснага сайта Следчага камітэта.

У Горках дзяўчынка зламала хрыбетнік на батутах

Закрытыя компрэсійныя пераломы трох грудных пазванкоў 1-й ступені дыягнаставалі ў 10-гадовай дзяўчынкі з Горак пасля таго як яна пабавілася ў дзіцячым забаўляльным цэнтры.

Дзіцёнак скакануў з вышыні каля 1,5 метра ў яму з паралонавымі кубікамі. Дзяўчынка прызямлілася на паралонавыя матрасы, агульная таўшчыня якіх 20 см, а пад імі – бетоннае пакрыццё. Школьніца адчула боль у спіне, які працягваў турбаваць яе і дома. У выніку бацькі выклікалі хуткую дапамогу, паведамляюць са спасылкай на Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз “Магілёўскія ведамасці”.

З раённай бальніцы яе накіравалі ў Магілёўскую абласную дзіцячую бальніцу. Там дзіцёнка з дыягназам “закрытыя компрэсійныя пераломы трох грудных пазванкоў 1-й ступені” лячылі больш за тры тыдні. 

Цяпер Горацкі раённы аддзел СК па факце прычынення менш цяжкіх цялесных пашкоджанняў праводзіць праверку, ці адпавядаюць паслугі дзіцячага цэнтра патрабаванням па бяспецы.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

На Асіповіцкім водасховішчы цюбінг адарваўся ад скутэра, двух чалавек шпіталізавалі

На водасховішчы пад Асіповічамі, каля вёскі Цяплухі адбылася аварыя на вадзе. Мясцовы жыхар катаў на цюбінгу мужчыну і жанчыну, кіруючы гіраскутэрам. Падчас рэзкага заходу на паварот, вяроўка паміж гэтымі плаўсродкамі абарвалася, і цюбінг урэзаўся ў рыбацкі мосцік. Яго пасажыры, мужчына 1980 года нараджэння і жанчына 1986-га зваліліся ў ваду, атрымаўшы траўмы. На шчасце, абодва яны былі ў ратавальных жылетах. Пацярпелых выцягнулі з вады відавочцы і выклікалі хуткую – паведамляе bobrlife.by. Абставіны справы цяпер будзе вывучаць Следчы камітэт.

Фота: bobrlife.by

Бабруйчанку затрымалі за відэа трохгадовай даўніны з расійскай вайсковай тэхнікай

39-гадовую спецыялістку па перманентным макіяжы з Бабруйска затрымалі за адпраўку відэа з расійскай вайсковай тэхнікай «экстрэмісцкаму рэсурсу».

Жанчына стала фігуранткай крымінальная справа па артыкуле аб «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (арт. 361-4 КК), піша прэс-служба Следчага камітэта.

Паводле ведамства, бабруйчанка ў сакавіку 2022 года ехала на аўтамабілі са Светлагорска ў Мінск і Бабруйск. Па дарозе яна зняла на відэа калону тэхнікі, якая ехала ў Гомельскую вобласць, і адправіла запіс «экстрэмісцкаму каналу».

Сілавікі сцвярджаюць, што жанчына на допыце прызнала сваю віну і раскаялася. Акрамя таго, па іх сведчаннях, яна планавала пакінуць краіну і актыўна цікавілася гэтым пытаннем у інтэрнэце. З санкцыі пракурора да яе прыменена мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту.

Муж бабруйчанкі адбывае тэрмін па пратэсным крымінальным артыкуле, як піша СК, яго асудзілі за «ўдзел у масавых беспарадках» у верасні 2020 года.

Фота: Qafqaz.media

Вырвала кабіну – у Шклове загінуў кіроўца аўтакрана “Машэка”

Раніцай 10 ліпеня ў Шклове на папяровай фабрыцы загінуў 61-гадовы кіроўца аўтакрана. Як паведамляе прэс-служба Следчага камітэта, падчас пагрузкі яшчыка, кабіну кіравання маніпулятарам вырвала з платформы. Вадзіцеля выкінула з кабіны і ў выніку ўдару аб асфальт яго траўмы аказаліся несумяшчальнымі з жыццём. Мужчына працаваў на аўтапагрузчыку “Машэка”, вытворцы MAZ. Следчы камітэт праводзіць праверку па абставінах трагедыі. 

Фота: Следчы камітэт

Падчас стыхіі ў Магілёве загінула жанчына

Пакуль вядома толькі пра адну ахвяру начнога ўрагану, што абрынуўся на Магілёў. 

Што здарылася

Трагедыя адбылася каля 2-й гадзіны ночы ў раёне рачнога порта на Дняпры. Паводле папярэдніх звестак, 32-гадовая жанчына разам з мужам прыехалі на бераг ракі на рыбалку. Калі пачалася непагадзь, пара паспрабавала схавацца пад дрэвам.

Аднак моцны парывісты вецер паваліў дрэва проста на плед, дзе ляжалі муж і жонка. На месца здарэння хутка прыбылі ратавальнікі і даставалі пацярпелую з-пад дрэва ўжо без прытомнасці.

Медыкі канстатавалі смерць

Лекары, якія прыбылі на месца, правялі рэанімацыйныя мерапрыемствы, але, на жаль, выратаваць жанчыну не ўдалося — смерць была канстатаваная на месцы.

Ідзе праверка

На месцы працавала следча-аператыўная група. У цяперашні момант праводзіцца праверка. Следчы камітэт высвятляе ўсе абставіны трагедыі, у тым ліку прычыны і ўмовы, што маглі спрыяць гібелі жанчыны.

Фота: Следчы камітэт

Трагедыя ў Краснапольскім раёне: рабочы загінуў падчас высечкі лесу

У Краснапольскім раёне Магілёўскай вобласці падчас лесанарыхтовак загінуў 35-гадовы рабочы. Следчы камітэт распачаў праверку па факце няшчаснага выпадку.

Паводле інфармацыі Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь, трагедыя адбылася падчас выканання работ па высечцы лесу. 35-гадовы мужчына, які працаваў у складзе брыгады лесарубаў, атрымаў смяротныя траўмы ў выніку падзення дрэва. Як паведамляюць у ведамстве, іншы 30-гадовы работнік валіў дрэва. Падчас выканання работ яно ўпала на другоедрэва, якім і прыціснула яго калегу – 35-гадовага жыхара Краснаполля. Атрыманыя траўмы аказаліся несумяшчальнымі з жыццём.

На месцы здарэння працуе следча-аператыўная група. Праводзяцца неабходныя следчыя дзеянні, у тым ліку агляд месца здарэння, апытанне сведкаў і іншыя працэдуры для ўстанаўлення ўсіх абставін інцыдэнту.

Фота: Следчы камітэт