У Чэрыкаўскім раёне 72-гадовага пенсіянера асудзілі за незаконнае паляванне на казуль

Суд Чэрыкаўскага раёна вынес прысуд 72-гадоваму мясцоваму жыхару за незаконнае паляванне, якое нанесла буйную шкоду навакольнаму асяроддзю.

Паводле даных следства, на пачатку снежня 2025 года мужчына ўстанавіў у паляўнічых угоддзях раёна на ствалах дрэў драцяныя пятлі-пасткі. Здабыў дзвюх казуль – самца і самку, раздзелаў іх і на ўласным аўтамабілі вывез дадому. Шкода навакольнаму асяроддзю ацэнена ў 10,8 тысячы рублёў.

У судзе абвінавачаны часткова прызнаў віну і поўнасцю пакрыў нанесеную шкоду.

Пенсіянеру прызначылі абмежаванне волі на адзін год без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, а таксама пазбавілі права займацца паляваннем на пяць гадоў.

Суд прымяніў спецыяльную канфіскацыю: канфіскаваны аўтамабіль, металічныя пятлі, сякера і нож.

Фота ілюстрацыйнага характару.

Быхаўскае браканьерства: сеткі, дынастыі і бяссілле прафілактыкі

Чарговы рэйд Быхаўскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету зноў паказаў тое, пра што ў раёне гавораць даўно: браканьерства ў Быхаве і навакольных вёсках застаецца не выпадковым парушэннем, а ўстойлівай мясцовай праблемай.

Інспектары канфіскавалі ў жыхара аднаго з сельскіх населеных пунктаў забароненыя прылады лову – жакі і рыбалоўныя сеткі. Мужчына, заўважыўшы супрацоўнікаў інспекцыі, паспрабаваў схаваць снасці, але падчас агляду домаўладання яны былі выяўлены і канфіскаваны.

Фармальна гэта чарговы паспяховы рэйд. Але для Быхаўскага раёна такая навіна гучыць амаль будзённа. Тут даўно ведаюць, што незаконная рыбалка трымаецца не на адзіночках, а на цэлых сямейных лініях, дзе досвед браканьерства перадаецца ад дзядоў да ўнукаў, а інспектары са сваімі ўзорна-паказальнымі вымярэннямі даўжыні жакоў выглядаюць проста дзецьмі.

У Быхаве, ды і на тым самым Чыгірынскім вадасховішчы, ёсць людзі, для якіх лоўля забароненымі снасцямі даўно стала не эпізодам, а пастаянным заняткам. Яны ведаюць месцы, звычкі інспекцыі, спосабы маскіроўкі і шляхі адыходу.

Таму пытанне не толькі ў канфіскаваных сетках. Пытанне ў тым, чаму раён дзесяцігоддзямі не можа справіцца з тымі, хто ператварыў незаконны промысел у звыклы лад жыцця.

Рэйды патрэбныя. Кожная канфіскаваная сетка – гэта выратаваная рыба. Але аднымі рэйдамі немагчыма перамагчы сістэму, якая даўно ўбудавалася ў мясцовую рэальнасць. Пакуль вядомыя парушальнікі зноў і зноў вяртаюцца да вады, прафілактычныя гутаркі выглядаюць занадта слабым адказам.

Быхаўскаму раёну патрэбная не толькі справаздачнасць пра канфіскаваныя снасці, а шчырая размова пра маштаб праблемы:

хто скупляе рыбу;

хто прыкрывае нелегальны промысел маўчаннем;

чаму адны і тыя ж прозвішчы гадамі застаюцца ў полі чутак, але сітуацыя не змяняецца.

Менавіта ў гэтым галоўная бяда. Браканьерства ў Быхаве – не проста шкода прыродзе. Гэта паказчык таго, што мясцовая сістэма кантролю даўно буксуе. Інспекцыя працуе, сеткі канфіскуюцца, школьнікам чытаюць лекцыі, але прамысловае браканьерства нікуды не знікае.

Пакуль барацьба будзе зводзіцца да асобных рэйдаў, Быхаў так і застанецца раёнам, дзе браканьеры адчуваюць сябе больш упэўнена за закон.

Фота раённай газеты.

На Магілёўшчыне больш чым удвая вырасла шкода ад незаконнага палявання

Браканьеры Магілёўскай вобласці бяруць не колькасцю, а “якасцю” здабычы, а следчыя папярэджваюць – можаце страціць і аўтамабіль, і свабоду.

У Магілёўскай вобласці шкода ад браканьерства за 2024-2025 гады вырасла больш чым удвая: з 59 120 да 126 960 рублёў. І гэта пры амаль нязменнай колькасці крымінальных спраў: 14 і 13 адпаведна.

Прычына – пераход да палявання на ахоўныя віды: напрыклад, занесены ў Чырвоную кнігу барсук абышоўся парушальніку ў 12,6 тысячы рублёў, незаконна здабыты лось – у 12 тысяч.

Двое магілёўцаў, якія перавозілі тушкі казуль на асабістым аўто, нарваліся на крымінальны пераслед і пазбавіліся аўтамабіля – ён быў прызнаны прыладай злачынства. 

Следчыя папярэджваюць: нават знойдзеную ў лесе тушку чапаць нельга – трэба паведаміць у інспекцыю па ахове навакольнага асяроддзя або ў міліцыю.

Фота: “Магілёўскія ведамасці”.

У Быхаве пайшлі на зайца, а падстрэлілі казулю

Быхаўскі браканьер падстрэліў казулю і закапаў яе ў снезе.

Трох паляўнічых затрымалі супрацоўнікі Быхаўскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету. Мужчыны палявалі на зайца, але адзін з іх, паддаўшыся спакусе, стрэліў у казулю, хоць ведаў, што цяпер дзейнічае забарона на здабычу гэтага віду парнакапытных.
Да таго ж у быхаўчаніна не было адпаведнага дазволу. Браканьер разрабіў тушу і закапаў яе ў снезе.
Пасля затрымання мужчына прызнаўся ў тым, што “менавіта ён незаконна здабыў казулю, пакуль сябры спрабавалі адшукаць зайца, і таемна ад іх разрабіў тушу забітай жывёлы”.
Памер шкоды, нанесенай дзяржаве, ацэнены ў 16 200 рублёў або 360 базавых велічынь. Узбуджана крымінальная справа.

Фота ведамаснага сайта Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь.