Быхаўскае браканьерства: сеткі, дынастыі і бяссілле прафілактыкі

Чарговы рэйд Быхаўскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету зноў паказаў тое, пра што ў раёне гавораць даўно: браканьерства ў Быхаве і навакольных вёсках застаецца не выпадковым парушэннем, а ўстойлівай мясцовай праблемай.

Інспектары канфіскавалі ў жыхара аднаго з сельскіх населеных пунктаў забароненыя прылады лову – жакі і рыбалоўныя сеткі. Мужчына, заўважыўшы супрацоўнікаў інспекцыі, паспрабаваў схаваць снасці, але падчас агляду домаўладання яны былі выяўлены і канфіскаваны.

Фармальна гэта чарговы паспяховы рэйд. Але для Быхаўскага раёна такая навіна гучыць амаль будзённа. Тут даўно ведаюць, што незаконная рыбалка трымаецца не на адзіночках, а на цэлых сямейных лініях, дзе досвед браканьерства перадаецца ад дзядоў да ўнукаў, а інспектары са сваімі ўзорна-паказальнымі вымярэннямі даўжыні жакоў выглядаюць проста дзецьмі.

У Быхаве, ды і на тым самым Чыгірынскім вадасховішчы, ёсць людзі, для якіх лоўля забароненымі снасцямі даўно стала не эпізодам, а пастаянным заняткам. Яны ведаюць месцы, звычкі інспекцыі, спосабы маскіроўкі і шляхі адыходу.

Таму пытанне не толькі ў канфіскаваных сетках. Пытанне ў тым, чаму раён дзесяцігоддзямі не можа справіцца з тымі, хто ператварыў незаконны промысел у звыклы лад жыцця.

Рэйды патрэбныя. Кожная канфіскаваная сетка – гэта выратаваная рыба. Але аднымі рэйдамі немагчыма перамагчы сістэму, якая даўно ўбудавалася ў мясцовую рэальнасць. Пакуль вядомыя парушальнікі зноў і зноў вяртаюцца да вады, прафілактычныя гутаркі выглядаюць занадта слабым адказам.

Быхаўскаму раёну патрэбная не толькі справаздачнасць пра канфіскаваныя снасці, а шчырая размова пра маштаб праблемы:

хто скупляе рыбу;

хто прыкрывае нелегальны промысел маўчаннем;

чаму адны і тыя ж прозвішчы гадамі застаюцца ў полі чутак, але сітуацыя не змяняецца.

Менавіта ў гэтым галоўная бяда. Браканьерства ў Быхаве – не проста шкода прыродзе. Гэта паказчык таго, што мясцовая сістэма кантролю даўно буксуе. Інспекцыя працуе, сеткі канфіскуюцца, школьнікам чытаюць лекцыі, але прамысловае браканьерства нікуды не знікае.

Пакуль барацьба будзе зводзіцца да асобных рэйдаў, Быхаў так і застанецца раёнам, дзе браканьеры адчуваюць сябе больш упэўнена за закон.

Фота раённай газеты.

Браканьеры ў Касцюковічах добраахвотна выдалі рыбнагляду сто метраў сетак

Касцюковіцкая міжраённая інспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету падвяла вынікі аперацыі “Нераст”.

Касцюковіцкай міжраённай інспекцыяй аховы жывёльнага і расліннага свету выяўлена 19 фактаў парушэнняў правілаў аматарскага рыбалоўства.

Выяўлена 114 забароненых прылад рыбалоўства, з якіх 84 рыбалоўныя сеткі агульнай даўжынёй больш за паўтара кіламетра.

Сем браканьераў раскаяліся, сталі на шлях выпраўлення і добраахвотна выдалі рыбнагляду 15 забароненых снасцей, у тым ліку шэсць рыбалоўных сетак агульнай даўжынёй больш за 100 метраў.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.