Быхаўскае браканьерства: сеткі, дынастыі і бяссілле прафілактыкі

Чарговы рэйд Быхаўскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету зноў паказаў тое, пра што ў раёне гавораць даўно: браканьерства ў Быхаве і навакольных вёсках застаецца не выпадковым парушэннем, а ўстойлівай мясцовай праблемай.

Інспектары канфіскавалі ў жыхара аднаго з сельскіх населеных пунктаў забароненыя прылады лову – жакі і рыбалоўныя сеткі. Мужчына, заўважыўшы супрацоўнікаў інспекцыі, паспрабаваў схаваць снасці, але падчас агляду домаўладання яны былі выяўлены і канфіскаваны.

Фармальна гэта чарговы паспяховы рэйд. Але для Быхаўскага раёна такая навіна гучыць амаль будзённа. Тут даўно ведаюць, што незаконная рыбалка трымаецца не на адзіночках, а на цэлых сямейных лініях, дзе досвед браканьерства перадаецца ад дзядоў да ўнукаў, а інспектары са сваімі ўзорна-паказальнымі вымярэннямі даўжыні жакоў выглядаюць проста дзецьмі.

У Быхаве, ды і на тым самым Чыгірынскім вадасховішчы, ёсць людзі, для якіх лоўля забароненымі снасцямі даўно стала не эпізодам, а пастаянным заняткам. Яны ведаюць месцы, звычкі інспекцыі, спосабы маскіроўкі і шляхі адыходу.

Таму пытанне не толькі ў канфіскаваных сетках. Пытанне ў тым, чаму раён дзесяцігоддзямі не можа справіцца з тымі, хто ператварыў незаконны промысел у звыклы лад жыцця.

Рэйды патрэбныя. Кожная канфіскаваная сетка – гэта выратаваная рыба. Але аднымі рэйдамі немагчыма перамагчы сістэму, якая даўно ўбудавалася ў мясцовую рэальнасць. Пакуль вядомыя парушальнікі зноў і зноў вяртаюцца да вады, прафілактычныя гутаркі выглядаюць занадта слабым адказам.

Быхаўскаму раёну патрэбная не толькі справаздачнасць пра канфіскаваныя снасці, а шчырая размова пра маштаб праблемы:

хто скупляе рыбу;

хто прыкрывае нелегальны промысел маўчаннем;

чаму адны і тыя ж прозвішчы гадамі застаюцца ў полі чутак, але сітуацыя не змяняецца.

Менавіта ў гэтым галоўная бяда. Браканьерства ў Быхаве – не проста шкода прыродзе. Гэта паказчык таго, што мясцовая сістэма кантролю даўно буксуе. Інспекцыя працуе, сеткі канфіскуюцца, школьнікам чытаюць лекцыі, але прамысловае браканьерства нікуды не знікае.

Пакуль барацьба будзе зводзіцца да асобных рэйдаў, Быхаў так і застанецца раёнам, дзе браканьеры адчуваюць сябе больш упэўнена за закон.

Фота раённай газеты.

На «Вялікай бард-рыбалцы» ў Быхаўскім раёне гасцей будзе больш, чым гаспадароў

Сайт фестывалю «Вялікая бард-рыбалка» апублікаваў праграму бардаўскага свята на Чыгірынскім вадасховішчы: з пятнаццаці галоўных гасцей восем – расійскія.

Апублікавана праграма свята «Вялікая бард-рыбалка», якое штогод праходзіць у Быхаўскім раёне на Чыгірынскім вадасховішчы.

Там, па традыцыі, выступае шмат бардаў і музычных калектываў з Расіі. Сёлета гасцей будзе больш, чым гаспадароў: восем на сем, адпаведна.

І гэта зразумела: сяброўства з Расіяй мацнее з года ў год, але такімі тэмпамі «Вялікая бард-рыбалка» мае ўсе шанцы ператварыцца ў расійскі фестываль, а роля беларусаў звядзецца да прадастаўлення пляцоўкі для свята.

Расія, канешне, вялікая краіна і талентаў там больш, але ўзнікае трывожнае пытанне: а куды падзеліся беларускія барды? 

Падаецца, што большая іх частка выступае на замежных пляцоўках. І гэта таксама, на жаль, заканамерна. Бардаўская песня заўсёды была выражэннем сумлення народа, свабоднай думкі і ніколі не ўпісвалася ў рамкі, устаноўленыя для яе ўладамі.

Бардаў ва ўсе часы крытыкавалі за безідэйнасць, а ў цяперашняй Беларусі, дзе ідэі ўжо вышэй за здаровы сэнс, месца для свабодных мастакоў не засталося зусім.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.