У Горацкай калоніі застаецца каля 20 палітвязняў – Бяляцкі

У калоніі №9 у Горках на гэты момант знаходзіцца каля 20 палітвязняў, заявіў выдвараны ў Літву былы палітзняволены праваабаронца Алесь Бяляцкі.

“Ніводзін з іх не змяніў сваёй пазіцыі, хоць, зразумела, у калоніі нам забаранялася выказваць сваё меркаванне, каментаваць або якім-небудзь чынам рэагаваць на сітуацыю ў Беларусі ці за яе межамі. Там трэба было маўчаць, і ўсё. Але, размаўляючы з гэтымі людзьмі, я бачыў, што ўсе яны прытрымліваліся тых поглядаў, якія мелі яшчэ да зняволення” – распавёў у праграме літоўскага тэлебачання LRT “Тэма дня” лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру за 2022 год.

Паводле Бяляцкага, для тых, хто ў Беларусі знаходзіцца пры ўладзе, наяўнасць палітзняволеных – гэта ўмова захавання гэтай самай улады. “Такім чынам яны нейтралізуюць сваіх супернікаў. Яны хапаюць людзей з іншым меркаваннем. Яны пашыраюць рэпрэсіі супраць прадстаўнікоў беларускай культуры і тых, хто размаўляе па-беларуску. Ідзе вайна супраць усяго беларускага, супраць самой Беларусі. Па сутнасці, гэта антыбеларускі рэжым, які дзейнічае супраць уласнага народа толькі для таго, каб захаваць сваю ўладу” – адзначае праваабаронца.

Ён сцвярджае, што лукашэнкаўскія ўлады ў першую чаргу зацікаўленыя ў зняцці эканамічных санкцый. Але яны не зацікаўленыя ў тым, каб мяняць сітуацыю да лепшага, даваць людзям магчымасць жыць свабодна, свабодна выказваць сваё меркаванне.

“Свабоды прэсы няма, немагчыма з’явіцца на тэлебачанні, у Беларусі не існуе незалежных газет. Сітуацыя абсалютна антыдэмакратычная, яе можна параўнаць хіба што з савецкімі часамі. Не з апошнім дзесяцігоддзем, а з значна больш раннім перыядам, калі любая альтэрнатыўная інфармацыя і любыя альтэрнатыўныя меркаванні людзей душыліся. Менавіта такая сітуацыя сёння склалася ў Беларусі. Таму, дамагаючыся вызвалення палітычных зняволеных, трэба вельмі добра разумець, з кім вы маеце справу” – кажа Алесь Бяляцкі.

Ён указавае, што вызваляючы адных, улады ў Беларусі працягваюць арыштоўваць іншых. Арышты працягваюцца, рэпрэсіі, якія вяліся раней, нікуды не зніклі. Фактычна адной рукой улады выпускаюць палітычных зняволеных, а другой – набіраюць новых, каб затым эфектыўна «гандляваць» гэтымі людзьмі. 

“Нам неабходна, каб у Беларусі былі спыненыя рэпрэсіі, каб не засталося палітычных зняволеных, каб улады пайшлі на сур’ёзныя структурныя змены. Інакш такія абмены палітычных зняволеных не маюць ніякага сэнсу. Я, вядома, вельмі рады, што некаторых маіх калегаў вызвалілі, але іншыя сябры і паплечнікі па-ранейшаму знаходзяцца ў турме. І невядома, калі гэта скончыцца. Машына тэрору працягвае працаваць, беларускія ўлады і далей падтрымліваюць атмасферу страху. Неабходна дамагацца пераменаў, карэнных пераменаў у Беларусі. Інакш гэта будзе працягвацца бясконца” – сцвярджае дэпартаваны ў замежжа праваабаронца.

Паводле яго, сітуацыя ў Беларусі ўсё больш нагадвае сталінскія часы, калі ажыццяўляліся маштабныя рэпрэсіі. Людзі працягваюць жыць у гнятлівай атмасферы, нібы ў Савецкім Саюзе. 

Што датычна планаў былога палітзняволенага Горацкай калоніі №9, то ён намераны працягваць займацца тым, чым займаўся апошнія 30 гадоў – абаронай правоў чалавека.

Фотаздымак: LRT

На «Вялікай бард-рыбалцы» ў Быхаўскім раёне гасцей будзе больш, чым гаспадароў

Сайт фестывалю «Вялікая бард-рыбалка» апублікаваў праграму бардаўскага свята на Чыгірынскім вадасховішчы: з пятнаццаці галоўных гасцей восем – расійскія.

Апублікавана праграма свята «Вялікая бард-рыбалка», якое штогод праходзіць у Быхаўскім раёне на Чыгірынскім вадасховішчы.

Там, па традыцыі, выступае шмат бардаў і музычных калектываў з Расіі. Сёлета гасцей будзе больш, чым гаспадароў: восем на сем, адпаведна.

І гэта зразумела: сяброўства з Расіяй мацнее з года ў год, але такімі тэмпамі «Вялікая бард-рыбалка» мае ўсе шанцы ператварыцца ў расійскі фестываль, а роля беларусаў звядзецца да прадастаўлення пляцоўкі для свята.

Расія, канешне, вялікая краіна і талентаў там больш, але ўзнікае трывожнае пытанне: а куды падзеліся беларускія барды? 

Падаецца, што большая іх частка выступае на замежных пляцоўках. І гэта таксама, на жаль, заканамерна. Бардаўская песня заўсёды была выражэннем сумлення народа, свабоднай думкі і ніколі не ўпісвалася ў рамкі, устаноўленыя для яе ўладамі.

Бардаў ва ўсе часы крытыкавалі за безідэйнасць, а ў цяперашняй Беларусі, дзе ідэі ўжо вышэй за здаровы сэнс, месца для свабодных мастакоў не засталося зусім.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.