Ідзе рамонт трох двухпавярховых дамоў у аграгарадку Кароўчына Дрыбінскага раёна – у завулку Прыдарожным, № 1, 2 і 3. Мяняюць дах, уцяпляюць фасады, ставяць шклопакеты ў пад’ездах, абнаўляюць каналізацыю. Жыхары ўдзячныя, чыноўнікі гавораць пра «дзяржаўную задачу».
Работы вядуць УКП «Дрыбінскі Жылкамунгас» і ТАА «Парус». Начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама абяцае, што «работа працягнецца» – добраўпарадкаваных адрасоў на карце раёна павінна станавіцца больш. А што ж гэта за двухпавярховікі?
Дамы ў завулку Прыдарожным Кароўчына з’явіліся дзякуючы чарнобыльскаму перасяленню: у 1989-1990 гадах сюды пераехаў саўгас «Завадоцкі» з Краснапольскага раёна разам са сваімі будаўнічымі брыгадамі. Тыя самыя двухпавярховікі, якія цяпер уцяпляюць, былі ўзведзены менавіта тады – для сем’яў, вывезеных з забруджаных тэрыторый.
Прайшло трыццаць пяць гадоў – тэрмін, за які любы панэльны дом належыць капітальна прывесці ў парадак. Гаворка не пра клопат, а пра планавы рамонт. Які, дарэчы, у нас выконваецца з-пад палкі.
За некалькі кіламетраў ад Кароўчына, у суседнім аграгарадку Трылесіна, годам раней ішоў падобны капітальны рамонт. У чэрвені 2024 года жыхары трылесінскіх двухпавярховікаў прыйшлі на выязны прыём да старшыні аблвыканкама Анатоля Ісачанкі. Прэтэнзіі: дрэнная адмостка, адсутныя брылі над балконамі, вада ў падвале пасля дажджоў, дэфармаваныя дзверы ў пад’ездзе, разбітая лесавозамі пад’язная дарога. Годам раней людзі ўжо звярталіся з гэтымі ж пытаннямі пісьмова – адказу не атрымалі.
Толькі асабісты прыём у кіраўніка вобласці прымусіў разабрацца ў сітуацыі: правесці экспертызу за тыдзень, ліквідаваць недахопы за паўтара месяца.
То бок, капітальны рамонт двухпавярховікаў у дрыбінскіх аграгарадках прадугледжвае гадавое маўчанне ў адказ на скаргі жыхароў.
Тут, дарэчы, па вёсках поўна пустых «арэндных» дамоў – у адной толькі вёсцы Белая з 74 арэндных будынкаў дзевяць пустуюць больш за год, а частка жыллёвага фонду стаіць без гаспадароў па пятнаццаць гадоў.
Ахвотных засяліцца няма, хоць Ісачанка лічыць гэтае месца прывабным – вёска недалёка ад Магілёва. Аднак людзі думаюць інакш. Тое, што здаецца прывабным «губернатару», жыхары вобласці цалкам слушна лічаць агідным.
Фота раённай газеты.
