Дзіравыя вокны і дах на фермах, замёрзлая вада для жывёлы – рэаліі ААТ “Чэрыкаў агра”

Пракуратура знайшла масавыя факты безгаспадарчасці на фермах ААТ “Чэрыкаў агра”.

У памяшканні, дзе ўтрымліваюцца каровы, пракуроры прыйшлі акурат падчас моцных маразоў. І аказалася, што некаторыя фермы неачышчаныя, непрынятыя меры па іх уцяпленні. Так, дах і аконныя праёмы мелі пашкоджанні, вада ў ёмістасці для паення скаціны замёрзла. У корме таксама выяўленыя кавалкі лёду і палімерная плёнка.

Акрамя таго, на прадпрыемстве ігнараваліся патрабаванні да ўтрымання маладняку. У індывідуальных хатках знаходзілася па двое цялятаў ва ўзросце да 90 дзён. Парушаныя таксама патрабаванні аб забароне ўтрымання ў памяшканнях жывёлагадоўчых аб’ектаў іншых відаў жывёлы.

Са стрэх фермаў звісалі агромністыя сасулькі, якія стваралі небяспеку для работнікаў.

Няправільная эксплуатацыя водагаспадарчага збудавання прывяла да таго, што ў воданапорную вежу бескантрольна падавалася вада, пералівалася цераз край і каля адной з ферм уся тэрыторыя пакрылася лёдам.

Пракурор раёна вынес адпаведнае прадпісанне кіраўніцтву гаспадаркі на ліквідацыю парушэнняў.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Дваццаць удараў у выхаваўчых мэтах – трагедыя на Чэрыкаўшчыне

Сын жорстка забіў сваю маці ў аграгарадку Майскі Чэрыкаўскага раёна.

Трагедыя адбылася ўвечары 2 ліпеня ў аграгарадку Майскі Чэрыкаўскага раёна. Малодшы сын пажылой жанчыны вярнуўся з працы і ўбачыў маці на падлозе. Ён неадкладна выклікаў хуткую дапамогу, але ўжо было позна – медыкі канстатавалі смерць.

Высветлілася, што жанчына злоўжывала спіртным і лекамі, а гэта моцна раздражняла яе старэйшага сына. Ён неаднаразова біў маці, спрабуючы яе «выхоўваць».

У той жудасны вечар ён зноў зноў збіў маці кулакамі і гумавым шлангам. Мужчына прызнаў, што ўдарыў маці больш за 20 разоў. Усяго на яе целе знайшлі не менш за 46 траўмаў і слядоў ад удараў.

Узбуджаны крымінальная справа. Забойца арыштаваны. Раней судзімым ён не быў.

Фота УГКСЭ по Магілёскай вобласці.

У Чэрыкаўскі раён завозяць зуброў

Чэрыкаўскі раён увайшоў у праграму рассялення зуброў, колькасць якіх у Беларусі павялічваецца.

Сёння ў Беларусі налічваецца больш за тры тысячы зуброў, распавёў БелТА начальнік аддзела паляўнічай гаспадаркі Мінлясгаса Аляксандр Казарэз. Асноўныя папуляцыі сканцэнтраваны ў Белавежскай пушчы і Асіповіцкім раёне – там жыве па 700 і больш асобін. Аднак зубры – жывёлы кансерватыўныя: яны павольна асвойваюць новыя тэрыторыі і схільныя канцэнтравацца ў межах абмежаваных участкаў. Гэта стварае складанасці, уключаючы сельскую гаспадарку. Каб пазбегнуць перанасялення і захаваць дабрабыт існуючых статкаў, спецыялісты пачалі працу па рассяленні зуброў па новых тэрыторыях. Чэрыкаўскі лясгас стаў адным з такіх кірункаў.

Па словах Казарэза, Чэрыкаўскі раён выбраны не выпадкова. Тут размешчана мноства зямель, якія пацярпелі ў выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Гэтыя ўчасткі даўно не выкарыстоўваюцца, зараслі пустазеллем і маюць патрэбу ў экалагічным аднаўленні. Адным з рашэнняў стала стратэгія натуральнага выпасу. Зубры могуць эфектыўна “кіраваць” расліннасцю і адначасова спрыяць аднаўленню біяразнастайнасці.

“Адзін з метадаў барацьбы з гэтай экалагічнай праблемай, а таксама праблемай біяразнастайнасці – натуральны выпас. Таму гэты рэгіён і быў абраны для таго, каб рассяляць зуброў» – растлумачыў прадстаўнік Мінлясгаса.

Акрамя таго, прыродныя ўмовы і ўгоддзі Чэрыкаўскага раёна добра падыходзяць для жыцця зуброў. Улады спадзяюцца, што праект не толькі вырашыць задачу раўнамернага рассялення папуляцыі, але і паспрыяе рэабілітацыі пацярпелых тэрыторый.

Адзначым, што першых зуброў завезлі з Асіповіцкага ў Чэрыкаўскі раён больш за год таму. Гэта былі самец, пяць самак і тры асобіны маладняку, піша “СБ. Беларусь сегодня”.

Фота: “СБ. Беларусь сегодня”