У Чэрыкаўскі раён завозяць зуброў

Чэрыкаўскі раён увайшоў у праграму рассялення зуброў, колькасць якіх у Беларусі павялічваецца.

Сёння ў Беларусі налічваецца больш за тры тысячы зуброў, распавёў БелТА начальнік аддзела паляўнічай гаспадаркі Мінлясгаса Аляксандр Казарэз. Асноўныя папуляцыі сканцэнтраваны ў Белавежскай пушчы і Асіповіцкім раёне – там жыве па 700 і больш асобін. Аднак зубры – жывёлы кансерватыўныя: яны павольна асвойваюць новыя тэрыторыі і схільныя канцэнтравацца ў межах абмежаваных участкаў. Гэта стварае складанасці, уключаючы сельскую гаспадарку. Каб пазбегнуць перанасялення і захаваць дабрабыт існуючых статкаў, спецыялісты пачалі працу па рассяленні зуброў па новых тэрыторыях. Чэрыкаўскі лясгас стаў адным з такіх кірункаў.

Па словах Казарэза, Чэрыкаўскі раён выбраны не выпадкова. Тут размешчана мноства зямель, якія пацярпелі ў выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Гэтыя ўчасткі даўно не выкарыстоўваюцца, зараслі пустазеллем і маюць патрэбу ў экалагічным аднаўленні. Адным з рашэнняў стала стратэгія натуральнага выпасу. Зубры могуць эфектыўна “кіраваць” расліннасцю і адначасова спрыяць аднаўленню біяразнастайнасці.

“Адзін з метадаў барацьбы з гэтай экалагічнай праблемай, а таксама праблемай біяразнастайнасці – натуральны выпас. Таму гэты рэгіён і быў абраны для таго, каб рассяляць зуброў» – растлумачыў прадстаўнік Мінлясгаса.

Акрамя таго, прыродныя ўмовы і ўгоддзі Чэрыкаўскага раёна добра падыходзяць для жыцця зуброў. Улады спадзяюцца, што праект не толькі вырашыць задачу раўнамернага рассялення папуляцыі, але і паспрыяе рэабілітацыі пацярпелых тэрыторый.

Адзначым, што першых зуброў завезлі з Асіповіцкага ў Чэрыкаўскі раён больш за год таму. Гэта былі самец, пяць самак і тры асобіны маладняку, піша “СБ. Беларусь сегодня”.

Фота: “СБ. Беларусь сегодня”

Сталі вядомыя даты сёлетняга “Рыцарскага фэсту”

У Мсціславе абвешчаны даты правядзення штогадовага фестывалю сярэднявечнай культуры «Рыцарскі фэст» – ён адбудзецца 2-3 жніўня. 

Асноўныя мерапрыемствы, як піша Mogilevnews, запланаваны на 2 жніўня, а праграма свята яшчэ знаходзіцца ў распрацоўцы. Сярод чаканых падзей – тактычныя бугурты, турніры лучнікаў і дэманстрацыйныя выступленні вершнікаў. Традыцыйна гледачы змогуць убачыць тэатралізаваны штурм замка і відовішчнае агнявое шоў.

Акрамя таго, для аматараў народных рамёстваў будзе арганізаваны кірмаш майстроў, дзе пройдуць майстар-класы. Арганізатары ўжо пачалі прымаць заяўкі на ўдзел.

Папярэдняя праграма першага дня фестываля 02.08.2025: 

Замкавая гара

11:30 – 13:10
Тэатралізаванае прадстаўленне конна-гістарычнага клуба.
Бугурты, баі пешых рыцараў у фармаце 3×3 або 1×1 (гістарычны фехт).

14:00 – 15:40
Канцэрт фолк-гурта, майстар-клас па сярэднявечных танцах.
Тэатралізаванае прадстаўленне конна-гістарычнага клуба.

16:30 – 18:10
Тактычныя бугурты («Захоп сцяга», «Ахова Караля» і г.д.). Масавыя бітвы. Турнір лучнікаў. Паказальныя выступленні, трюкавае шоу клуба «Шатландская пяхота» (г. Маладзечна).

19:00 – 20:40
Рыцарскія забаўкі (XV стагоддзе) ад конна-гістарычнага клуба.
Ваяры ранняга сярэднявечча. Турнір «Круг Одына».
Тэатралізаваны штурм замка, манёўры.
Узнагароджанне пераможцаў турніраў.

21:30 – 23:10
Фаер-шоу
Канцэрт

23:50 – 01:30
Фаер-шоу
Канцэрт

Фота: Аляксандр Козік