Быхаўскі браканьер падстрэліў казулю і закапаў яе ў снезе.
Трох паляўнічых затрымалі супрацоўнікі Быхаўскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету. Мужчыны палявалі на зайца, але адзін з іх, паддаўшыся спакусе, стрэліў у казулю, хоць ведаў, што цяпер дзейнічае забарона на здабычу гэтага віду парнакапытных.
Да таго ж у быхаўчаніна не было адпаведнага дазволу. Браканьер разрабіў тушу і закапаў яе ў снезе.
Пасля затрымання мужчына прызнаўся ў тым, што “менавіта ён незаконна здабыў казулю, пакуль сябры спрабавалі адшукаць зайца, і таемна ад іх разрабіў тушу забітай жывёлы”.
Памер шкоды, нанесенай дзяржаве, ацэнены ў 16 200 рублёў або 360 базавых велічынь. Узбуджана крымінальная справа.
Фота ведамаснага сайта Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь.