У Глуску знайшлі рэдкі чырвонакніжны грыб

Глусчанка Таццяна знайшла на сваім прысядзібным участку рэдкі для Беларусі экзатычны грыб-сапратроф Муцінус Равенэля.

Фотаздымак грыба жанчына даслала ў тэлеграм-канал “Мястэчка Глуск”. Паводле глусчанкі, яна выпадкова зачапіла расліну і яна зламалася. 

Муцінус Равенэля быў занесены ў Еўропу з Паўночнай Амерыкі. Упершыню ў Беларусі яго выявілі ў 2001 годзе ў Віцебскім раёне, а цяпер зрэдку знаходзяць па ўсёй краіне, часцей за ўсё ў парках, садках або на дачных участках у вільготнай траве. Ён з’яўляецца з чэрвеня па верасень. 

Грыб неядомы, занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі як рэдкі заносны від. 

Калі вы знайшлі гэты грыб у сябе на ўчастку, ні ў якім разе не ешце яго і паспрабуйце не пашкодзіць, каб не парушаць папуляцыю. 

Фотаздымак: ТГ “Мястэчка Глуск”

Бабруйчаніна асудзілі да “хатняй хіміі” за падстрэленую рысь

Асіповіцкі райсуд прысудзіў бабруйскаму паляўнічаму два гады “хатняй хіміі” за падстрэленую чырвонакніжную рысь.

Напрыканцы студзеня 2026 года падчас загоннага палявання на кабана ў Асіповіцкім раёне мужчына заўважыў рысь. І хоць ён ведаў, што гэты звер занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі, стрэліў у яго.

Як палічылі спачатку ў пракуратуры, а потым у судзе, забіўшы рысь, від якой знаходзіцца пад пагрозай знікнення, паляўнічы прычыніў урон навакольнаму асяроддзю на суму ў 13,5 тыс. рублёў, што з’яўляецца асабліва буйным памерам.

У далейшым мужчына прызнаўся ў незаконным паляванні і дабраахвотна цалкам кампенсаваў урон. 

У выніку суд прысудзіў несумленнаму паляўнічаму два гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу і штраф у 4,5 тыс. рублёў. Таксама яму забаронена займацца паляваннем цягам двух з паловай гадоў.

Прысуд пакуль не ўступіў у законную сілу.

Фотаздымак: СК РБ

На Магілёўшчыне больш чым удвая вырасла шкода ад незаконнага палявання

Браканьеры Магілёўскай вобласці бяруць не колькасцю, а “якасцю” здабычы, а следчыя папярэджваюць – можаце страціць і аўтамабіль, і свабоду.

У Магілёўскай вобласці шкода ад браканьерства за 2024-2025 гады вырасла больш чым удвая: з 59 120 да 126 960 рублёў. І гэта пры амаль нязменнай колькасці крымінальных спраў: 14 і 13 адпаведна.

Прычына – пераход да палявання на ахоўныя віды: напрыклад, занесены ў Чырвоную кнігу барсук абышоўся парушальніку ў 12,6 тысячы рублёў, незаконна здабыты лось – у 12 тысяч.

Двое магілёўцаў, якія перавозілі тушкі казуль на асабістым аўто, нарваліся на крымінальны пераслед і пазбавіліся аўтамабіля – ён быў прызнаны прыладай злачынства. 

Следчыя папярэджваюць: нават знойдзеную ў лесе тушку чапаць нельга – трэба паведаміць у інспекцыю па ахове навакольнага асяроддзя або ў міліцыю.

Фота: “Магілёўскія ведамасці”.

На Магілёўшчыне ўпершыню афіцыйна заўважылі птушку каравайку

У Хоцімскім раёне сёлета была заўважана незвычайная для Магілёўшчыны птушка каравайка.

Як адзначае Хоцімская раённая інспекцыя аховы навакольнага асяроддзя, птушку ўдалося заўважыць у аграгарадку Бярозкі.

Нягледзячы на тое, што, па чутках, каравайку ўжо сустракалі на Магілёўшчыне, дагэтуль у афіцыйных крыніцах і навуковых публікацыях не было пацверджаных звестак пра рэгулярныя сустрэчы або гнездаванне гэтага віду ў рэгіёне. Асноўны арэал каравайкі ў Беларусі сканцэнтраваны ў паўднёвых і паўднёва-заходніх раёнах, асабліва на Палессі, дзе ёсць адпаведныя водна-балотныя ўгоддзі.

Нягледзячы на тое, што на Магілёўшчыне ёсць сваё Палессе, у цэлым Магілёўская вобласць характарызуецца менш спрыяльнымі ўмовамі для пражывання каравайкі, што і тлумачыць яе рэдкасць у гэтым рэгіёне. Тым не менш, у перыяд міграцый магчымыя выпадковыя залёты асобных асобін. Такія выпадкі патрабуюць пацверджання і фіксацыі ў арніталагічных базах даных.

Каравайка занесена ў Чырвоныя кнігі Расіі і Казахстана,

Фотаздымак: Хоцімская раённая інспекцыя аховы навакольнага асяроддзя