Глусчанка Таццяна знайшла на сваім прысядзібным участку рэдкі для Беларусі экзатычны грыб-сапратроф Муцінус Равенэля.
Фотаздымак грыба жанчына даслала ў тэлеграм-канал “Мястэчка Глуск”. Паводле глусчанкі, яна выпадкова зачапіла расліну і яна зламалася.
Муцінус Равенэля быў занесены ў Еўропу з Паўночнай Амерыкі. Упершыню ў Беларусі яго выявілі ў 2001 годзе ў Віцебскім раёне, а цяпер зрэдку знаходзяць па ўсёй краіне, часцей за ўсё ў парках, садках або на дачных участках у вільготнай траве. Ён з’яўляецца з чэрвеня па верасень.
Грыб неядомы, занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі як рэдкі заносны від.
Калі вы знайшлі гэты грыб у сябе на ўчастку, ні ў якім разе не ешце яго і паспрабуйце не пашкодзіць, каб не парушаць папуляцыю.
Механік глускай медустановы трапіў пад крыміналку за прысабечванне і продаж службовага аўтамабіля ВАЗ.
Парушэнне выявілася падчас праверкі, якую праводзілі пракуроры ў складзе міжведамаснай рабочай групы. Вывучаючы бухгалтарскія дакументы і стан захаванасці маёмасці, правяраючыя заўважылі недахоп аднаго з транспартных сродкаў.
Як высветлілася, яшчэ ў 2024 годзе механік скарыстаўся недастатковым кантролем за спісаннем і далейшай рэалізацыяй аўтатранспарту. Ён незаконна завалодаў службовым аўтамабілем ВАЗ, які належаў медыцынскай установе.
Праз некалькі месяцаў, вясной 2025 года, мужчына прадаў машыну жыхару Слуцкага раёна. Пры гэтым пакупніку аўтамабіль быў прадстаўлены як асабістая маёмасць прадаўца.
У выніку дзеянняў механіка медыцынскай установе быў нанесены матэрыяльны ўрон на суму больш за шэсць тысяч рублёў.
Пракурор Глускага раёна ўзбудзіў крымінальную справу па артыкуле аб завалоданні маёмасцю шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі. Цяпер следству належыць высветліць усе абставіны гісторыі, у якой службовы аўтамабіль нечакана ператварыўся ў «асабісты» і змяніў уладальніка без ведама сапраўднага гаспадара.
Абразы ў інтэрнэце могуць абярнуцца рэальнымі наступствамі нават для непаўналетніх. Гэта пацвярджае гісторыя, разгледжаная судом Глускага раёна.
Падставай для разбору сталі абразлівыя паведамленні ў Telegram-чаце ў адрас непаўналетняй дзяўчынкі і яе сям’і. Праверка паказала, што адным з удзельнікаў перапіскі быў 13-гадовы падлетак, які заклікаў іншых карыстальнікаў адпраўляць дзяўчынцы абразы.
З-за ўзросту падлетка прыцягнуць яго да адміністрацыйнай адказнасці не змаглі. Аднак гэта не вызваліла сям’ю ад наступстваў. Бацькі хлопца былі прыцягнуты да адказнасці за неналежнае выхаванне сына.
Пасля гэтага маці дзяўчынкі звярнулася ў суд, запатрабаваўшы кампенсацыю маральнай шкоды. Паколькі аўтар паведамленняў не дасягнуў 14 гадоў, патрабаванні былі прад’яўлены яго законнаму прадстаўніку.
Урэшце бакі заключылі міравое пагадненне. Маці падлетка абавязалася выплаціць па 500 рублёў кампенсацыі пазоўніцы і яе дачцэ, а таксама пакрыць судовыя выдаткі ў памеры 1710 рублёў.
У гэтай гісторыі ўсё сумленна, усё паводле закона, суд на вышыні. А вось які суд будзе судзіць цалкам дарослых беларускіх прапагандыстаў, якія з экранаў дзяржаўнага тэлебачання не толькі абражаюць людзей, але і ўжываюць ненарматыўную лексіку?
Ён ляжаў некалькі дзён і “быў вялікі холад” – паведамляе Магілёўская хроніка.
Магілёўская Богаяўленская царква і званіца манастыра.
1872 год. Пайшоў у лепшы свет Станіслаў Манюшка (1819-1872).
Беларускі і польскі кампазітар, дырыжор, адзін з пачынальнікаў беларускай музычнай культуры, стваральнік польскай нацыянальнай оперы.
Пачатковую музычную адукацыю атрымаў у Д. Стэфановіча ў Мінску, вучыўся ў Мінскай губернскай гімназіі, Берліне.
Працаваў у Вільні, Варашаве. Даваў урокі музыкі мастаку В. Сляндзінскаму, працаваў дырыжорам і дырэктарам варшаўскга опернага тэатру, прафесарам Музычнага інстытуту ў Варшаве. У творчасці выкарыстоўваў беларускі фальклор. Папулярнасць атрымаў дзякуючы операм “Галька”, “Страшны двор”. Аўтар 20 опер і аперэт, 3 балетаў, 5 месаў, 2 рэквіемаў і болей за 300 песень, у тым ліку “Паходнай песні літвінаў” на словы У. Сыракомлі.
1897 год. Нарадзіўся Юлій Іргер (1897-1941).
Беларускі вучоны-хірург, доктар медыцынскіх навук, прафесар, Заслужаны дзеяч навукі, брат нейрахірурга Іосіфа Іргера, кіраўнік НДІ пералівання крыві.
Пасля абвяшчэння БНР удзельнічаў у справе пераводу студэнтаў-беларусаў з расійскіх універсітэтаў ва Украіну і ў Вобласць Войска Данскога.
Памёр 26 мая 1941 года. Пахаваны на Ваенных могілках у Мінску.
1907 год. У в. Гарадок Глускага раёна нарадзіўся Васіль Зубец (1907-1991).
Беларускі гаспадарчы, дзяржаўны дзеяч, доктар тэхнічных навук, прафесар, Заслужаны дзеяч навукі.
Выхаванец Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, начальнік вытворчага аддзялення аддзела аэрадромнага будаўніцтва 1-й паветранай арміі. Пасля вайны – 1-ы намеснік міністра, міністр меліярацыі і воднай гаспадаркі БССР, дырэктар Беларускага НДІ меліярацыі і воднай гаспадаркі.
Памёр 26 студзеня 1991 года.
1918 год. Апублікавана “Беларуская граматыка для школ” Браніслава Тарашкевіча (1892-1938).
Першая жыццяздольная граматыка сучаснай беларускай мовы, аснова ўсіх далейшых ліній развіцця беларускай граматыкі. Выдадзена ў Вільні, у паралельных кірыліцкім і лацінскім варыянтах.
Граматыка некалькі разоў перавыдавалася ў Заходняй Беларусі ляжала ў аснове праграм выкладання беларускай мовы ў БССР. У аснове граматыкі ляжалі фанетыка-граматычныя асаблівасці тагачаснага сярэднебеларускага дыялекту, найперш «цвёрдае р» і «моцнае аканне». У правілах граматыкі выкарыстоўваліся як марфалагічны, так і фанетычны прынцыпы.
Словы іншамоўнага паходжання выдзяляліся ў асобную групу. Тарашкевічам было прапанавана пісаць галосныя і зычныя ў іншамоўнай лексіцы так, як яны вымаўляліся ў мове, з якой былі запазычаны, фактычна было прынятае пераважнае іх напісанне як у польскай мове. Так, на гэтыя словы не былі распаўсюджаны правілы акання, дзекання і цекання, часта не змякчаліся зычныя перад галоснымі, перад ётаванымі галоснымі перадаваўся мяккі [л’].
Зважаючы на недахопы граматыкі Тарашкевіча, браты Лёсікі распрацавалі праект яе рэформы, які быў прадметам разгляду Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі (1926).
1920 год. Прыняў бой з палякамі савецкі 35-ты бранявы атрад.
Бой адбыўся каля в. Стоўпішчы пад Магілёвам. Загінуўшых чырвонаармейцаў пахавалі на сённяшняй плошчы Славы ў Магілёве.
Пяць чалавек 35-га атрада былі ўзнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга РСФСР. Гэта Леў Альбаў і Іван Філатаў, вадзіцелі бронемашын, Васіль Усаў, камандзір бронемашыны, Пётр Кулагін і Аляксандр Міхайлаў, кулямётчыкі.
1926 год. Прэзідэнтам Польшчы абраны Ігнацы Масціцкі (1867-1946).
Дзяржаўны дзеяч, вучоны-хімік, акадэмік Акадэміі навук Польшы ў Кракаве, арганізатар хімічнай прамысловасці ў Польшчы.
Распрацаваў прамысловы метад атрымання азотнай кіслаты з паветра.
Меў падтрымку часткі беларускіх грамадскіх колаў у Заходняй Беларусі.
У яго гонар названы канал у Брэсцкім раёне і ў Валынскай вобласці Украіны.
1952 год. Памёр Язэп Варонка (1891-1952).
Беларускі палітычны дзеяч, журналіст, публіцыст. Першы старшыня Народнага сакратарыята БНР.
Член ЦК Беларускай сацыялістычнай грамады, Часовага савета Расійскай рэспублікі, узначальваў камітэт Беларускага таварыства ў Петраградзе па аказанні дапамогі пацярпелым ад вайны, быў камісарам юстыцыі і ўнутраных спраў Вялікай беларускай рады, старшынёй Народнага сакратарыята Беларусі і народным сакратаром замежных спраў, адзін з ініцыятараў абвяшчэння БНР.
Міністр беларускіх спраў і сябра кабінета міністраў Літоўскай Рэспублікі (1918-1920), старшыня беларускага Чырвонага Крыжа, таварыства «Беларуская грамада ў Коўне».
У 1923 годзе з’ехаў у Чыкага. Узначальваў Беларуска-амерыканскую нацыянальную асацыяцыю, быў адным з кіраўнікоў Беларуска-амерыканскай нацыянальнай рады, выдаваў газету “Беларуская трыбуна”, вёў праграмы на чыкагскім радыё.
Займаўся выдавецкай і публіцыстычнай дзейнасцю. Аўтар брашур “Беларускае пытанне на момант Версальскай мірнай канферэнцыі. Гістарычна-палітычны нарыс”, “Беларускі рух ад 1917 да 1920 году. Кароткі агляд”.
Прытрымліваўся канцэпцыі «двух ворагаў» беларускага адраджэння — Расіі і Польшчы. Вёў беларускія і рускія праграмы на чыкагскім радыё.
Памёр 4 чэрвеня 1952 года.
1986 год. Памерла Канстанцыя Буйло (сапраўднае імя Канстанцыя Калечыц, 1893-1986).
Беларуская паэтэса, Заслужаны дзеяч культуры БССР. Яе дэбютны зборнік вершаў “Курганная кветка” (1914) рэдагаваў Янка Купала, афармляў Язэп Драздовіч. Аўтар шэрагу п’ес, зборнікаў вершаў, кніг для дзяцей.
Многія вершы паэтэсы пакладзены на музыку, песня “Люблю” стала народнай. Максім Гарэцкі ў сваёй “Гісторыі беларускай літаратуры” лічыў яе “найбольш выдатнай пасля Цёткі жаноцкай сілай ў нашай поэзіі”.
1989 год. У Польшчы адбыліся першыя часткова дэмакратычныя парламенцкія выбары.
У іх удзельнічалі і беларускія кандыдаты пісьменнік Сакрат Яновіч (1936-2013), гісторык Яўген Мірановіч (н.1955).
Я. Мірановіч.
2013 год. Памёр Юрый Бушлякоў (1973-2013).
Беларускі мовазнавец, кандыдат філалагчных навук, журналіст і перакладчык, выкладчык Карлава ўніверсітэта ў Празе.
Працаваў у штотыднёвіку “Наша Ніва”, на Польскім радыё, “Радыё Свабода”, дзе вёў аўтарскую перадачу “Жывая мова”. Суаўтар кнігі “Беларускі клясычны правапіс”.
Пракуратура Глускага раёна накіравала ў суд 70 заяў аб прызнанні матэрыялаў экстрэмісцкімі і дапамагла калгаснікам атрымаць зарплату.
Пракуратура Глускага раёна з пачатку 2026 года накіравала ў суд 70 заяў аб прызнанні інфармацыйнай прадукцыі экстрэмісцкімі матэрыяламі.
Гэта вынік карпатлівай працы па выкараненні ў краіне іншадумства. Пракуроры патлумачылі, што ў прыватнасці:
у ходзе маніторынгу выяўлена старонка ў сацыяльнай сетцы Facebook з аўдыторыяй больш за 98 тысяч падпісчыкаў, дзе размяшчаліся відэаролікі пра дзейнасць прызнанага ў Беларусі экстрэмісцкім фарміраваннем аб’яднання, а таксама іншыя забароненыя матэрыялы;
крымінальная справа распачата супраць жыхара райцэнтра, які размясціў у сацсетцы відэа з “паклёпам” у дачыненні да Лукашэнкі.
Суд, традыцыйна вынес абвінаваўчы прысуд. Мужчыне прызначана пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на тэрмін 2 гады без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
Махавік рэпрэсій, запушчаны ў 2020 годзе Лукашэнкам, што прайграў выбары, падобна, круціцца ўжо па інерцыі.
У краіне засталося зусім мала рэсурсаў, якія яшчэ не прызнаныя экстрэмісцкімі і грамадзян, якія пакуль не абразілі састарэлага дыктатара.
Справаздача глускай пракуратуры гаворыць не пра выкананне службовага абавязку. Па вялікім рахунку гэта проста выражэнне лаяльнасці да ўлады, якая трымаецца толькі на страху.
У маі 2026 года ў дзвюх сельгасарганізацыях раёна ўтварылася запазычанасць перад 322 супрацоўнікамі на суму больш за 340 тысяч рублёў.
Пракурор Глускага раёна вынес прадпісанні кіраўнікам прадпрыемстваў з патрабаваннем неадкладна пагасіць доўг. Грошы аддалі.
Аднак і гэта не сведчанне выканання закона ў Беларусі. Калі мікраскапічную зарплату аграрыям аддаюць толькі з-пад пракурорскай палкі, то падставы для абразы ўлады ў грамадзян вельмі важкія.
Жыхар Рагачоўскага раёна прыехаў у Глуск працаўладкоўвацца. Ноччу яму не спалася. Далей – крымінальная хроніка.
Праблема працаўладкавання незанятых грамадзян у Беларусі вырашаецца па-рознаму. Жыхар Рагачоўскага раёна пайшоў правераным шляхам – сваяк параіў ехаць у Глуск, у ПМК N 249: людзі патрэбныя, аб’екты ёсць. Мужчына сабраўся і прыехаў. Засяліўся ў гасцініцу. Будаваў планы на будучыню і ад перспектыў не спалося.
Ноччу мужчына выйшаў пагуляць і ўбачыў аўтамабіль, у якім хаваліся злачынцы.
Марудзіць было нельга – і рагачоўскі госць, не губляючы ні секунды, кінуўся на абарону грамадскага парадку. Машыне добра дасталося – кулакамі, нагамі, штахетнікам ад найбліжэйшага плота.
Мужчына заскочыў на капот, разабраўся з люстэркамі, дворнікамі і нумарамі, спусціў колы. Злачынцы не сышлі – таму што іх не было. Супакоіўшыся, народны мсціўца зазірнуў у салон і забраў куртку – відавочна, як рэчавы доказ.
Раніцай гаспадар машыны чамусьці не ацаніў зробленай працы і звярнуўся ў міліцыю. Камеры відэаназірання, у адрозненне ад выдуманых злачынцаў, на месцы ўсё ж аказаліся.
Самае цікавае, што праверка на алкаголь і наркотыкі нічога не выявіла. Раней да крымінальнай адказнасці мужчына не прыцягваўся. Цяпер прыцягваецца – па артыкуле за хуліганства яму пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.
Старонка ў Фэйсбук памерлага ў зняволенні палітвязня і мастака Алеся Пушкіна прызнана экстрэмісцкай.
Рашэння аб такім прызнанні было прынята ў Глускім райсудзе 4 траўня. У так званым “Спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў” занесена пазіцыя “акаўнт у сацыяльнай сетцы Facebook з назвай Ales Pushkin”.
Палітвязень Алесь Пушкін утрымліваўся ў турме №1 у Гродна. Ён памёр ноччу 11 ліпеня 2023 года ў рэанімацыі «пры нявысветленых абставінах». Яго ў несвядомым стане даставілі ў гродзенскую бальніцу 10 ліпеня. Аднак лекары выратаваць 57-гадовага мастака не змаглі.
Пушкін – нонканфарміст і перформер, за гады сваёй дзейнасці шматкроць зведаў пераслед па палітычных матывах. Быў удзельнікам пратэстных акцый 2020 года і прынцыпова вярнуўся ў Беларусь, калі на яго завялі крымінальную справу. 30 сакавіка 2022 года ў закрытым судовым працэсе быў прысуджаны да пяці гадоў зняволення ва ўмовах строгага рэжыму за «здзек над дзяржаўнымі сімваламі» і «распальванне сацыяльнай варожасці або розні».
Цікавы артэфакт – фрагмент металічнага прадмета з надпісам на ідышы знайшлі на адным з агародаў у Глуску.
Інфармацыяй аб знаходцы з тэлеграм-каналам “Мястэчка Глуск” падзяліліся яго падпісчыкі. На знаходцы выразна бачна шасціканцовая зорка і некалькі радкоў надпісу, выбітых шрыфтам, падобным да ідышу.
“Шасціканцовая зорка ў пачатку ХХ стагоддзя шырока выкарыстоўвалася ў яўрэйскай побытавай сімволіцы. А ў Глуску да вайны была вялікая яўрэйская абшчына, што робіць знойдзеную рэч тыповай для нашага мястэчка” – адзначаюць глускія журналісты.
Звярнуўшыся да штучнага інтэлекта з просьбай прааналізаваць фота знойдзенага прадмета, яны атрымалі адказ. Паводле яго, гэта верагодна частка яўрэййскага медальёна ці амулета. “На падобных прадметах звычайна размяшчаліся кароткія надпісы – пажаданні, благаслаўленні. Аднак у нашым выпадку захавалася толькі частка літар, і прачытаць канкрэтныя словы немагчыма. Можна казаць толькі, што тып надпісу адпавядае агульнай традыцыі такіх падвесак. Медальён мог быць выраблены у канцы XIX – пачатку ХХ стагоддзя” – гаворыцца ў паведамленні.
Намеснік міністра лясной гаспадаркі Ігар Малашэвіч 12 сакавіка 2026 года разбірае працу праблемнага Глускага лясгаса з выездам на месца.
Кіраўніцтва Міністэрства лясной гаспадаркі вымушана ўмешвацца ў сітуацыю ў Глускім лясгасе, які апынуўся ў складаным фінансава-эканамічным становішчы. 12 сакавіка ў гаспадарку прыбылі намеснік міністра Ігар Малашэвіч і начальнік упраўлення эканомікі і інвестыцый Мінлясгаса Дзмітрый Маторанка. Яны сустрэліся з калектывам і вывучаюць працу прадпрыемства непасрэдна на месцы.
Паводле прадстаўнікоў міністэрства, падставай для такога візіту стала падзенне выручкі і нестабільныя фінансавыя паказчыкі ў пачатку года. Кіраўніцтва галіны плануе прааналізаваць увесь вытворчы ланцужок і вызначыць, што прывяло да пагаршэння сітуацыі.
«Мы прыехалі, каб дэталёва разабрацца, прааналізаваць працу і дапамагчы стабілізаваць становішча. Задача калектыву – як мага хутчэй выйсці на ўзровень паказчыкаў аналагічнага перыяду мінулага года. Для гэтага неабходна перш за ўсё павялічваць аб’ёмы лесанарыхтовак» – адзначыў Ігар Малашэвіч падчас сустрэчы з работнікамі.
На фоне праблем у гаспадарцы адбываюцца і кадравыя змены. На пасаду галоўнага ляснічага ўзгоднены Аляксандр Порсік, які працуе ў лясной гаспадарцы больш за дваццаць гадоў. Ён пачынаў кар’еру ў Клічаўскім лясгасе, а апошняе дзесяцігоддзе працуе ў Глускім, дзе цяпер узначальвае Докальскае лясніцтва.
Раней першы намеснік міністра лясной гаспадаркі Андрэй Карась, каментуючы гэта прызначэнне, адзначыў, што перад новым галоўным ляснічым стаяць складаныя задачы. У гаспадарцы назапасілася нямала праблем з лесаўзнаўленнем. Нягледзячы на тое, што мясцовы гадавальнік лічыцца адным з перадавых у галіне, вынікі не заўсёды адпавядаюць чаканням.
Так, толькі ў 2025 годзе ў лясгасе было спісана 52 гектары лясных культур, а прыжывальнасць насаджэнняў першага і трэцяга гадоў вырошчвання крыху перавышае 70%. Апошнім часам у гаспадарцы ўсё часцей выкарыстоўваюць пасеў лесу.
У міністэрстве таксама звярнулі ўвагу на неабходнасць узмацнення работы службаў аховы і абароны лесу, якія падпарадкоўваюцца галоўнаму ляснічаму. На думку кіраўніцтва галіны, эфектыўнасць гэтых падраздзяленняў павінна быць значна вышэйшай, бо менавіта яны адказваюць за кантроль стану лясоў і работу з насельніцтвам.
Акрамя таго, у бліжэйшы час у Глускім лясгасе чакаецца прызначэнне новага дырэктара. Паводле вынікаў мінулага года прадпрыемства спрацавала са стратамі, таму цяпер фармуецца новая кіраўнічая каманда. У Мінлясгасе разлічваюць, што яна зможа стабілізаваць фінансавую сітуацыю і вярнуць гаспадарцы страчаныя пазіцыі.
На выязным прыёме ў Глуску да «сенатара» Багеля звярнуліся тры чалавекі, якія папрасілі ўвесці амністыю па спецыфічным артыкуле КК.
Сенатар Аляксандр Багель, ён жа дырэктар узорна-паказальнага калгаса ААТ «Рассвет ім. К. П. Арлоўскага», наведаў Глускі раён.
Нічога адметнага падчас візіту не адбылося, калі не лічыць дзіўнай просьбы адразу «трох жыхароў іншых абласцей», якія патэлефанавалі Багелю і «папрасілі аказаць садзейнічанне, каб артыкул 167 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь быў уключаны ў спіс артыкулаў, што падлягаюць амністыі».
Артыкул гэты даволі спецыфічны. Ён датычыцца гвалтоўных дзеянняў сэксуальнага характару.
Чаму жыхары іншых абласцей чакалі прыезду Аляксандра Багеля ў Глуск, каб распавесці «сенатару» пра свае таемныя жаданні – чарговая загадка лукашэнкаўскай мадэлі парламентарызму.