Некаторыя магілёўцы бачаць у барэльефе спеваку Барысу Маісееву на вуліцы Чалюскінцаў прапаганду гомасэксуальных адносін і патрабуць яго зняць.
Магілёвец Мікалай Салаўёў нагадаў у тэлеграм-канале “Вячэрні Магілёў”, што ў Беларусі пачаў дзейнічаць “закон аб пакаранні за прапаганду ЛГБТ і педафіліі”, дакладней – змены ў КаАП, якія прадугледжваюць адказнасць за прапаганду гомасэксуалізму і добраахвотнай адмовы ад нараджэння дзяцей. Папраўкі ўступілі ў сілу 19 чэрвеня 2026 года.
“Цяпер, хочацца верыць, здымуць са сцяны дома па вул. Чалюскінцаў г. Магілёва барэльеф Барысу Майсееву, які быў адкрытым гомасэксуалістам, дэманструючы сваю такую “асаблівасць” і ўсім вядомы менавіта гэтым. Іншых “заслуг” яго я і не ведаю”, – піша Салаўёў.
Магілёвец увогуле лічыць, што такі барэльеф – гэта ганьба Магілёва. “Да таго ж часам ушанаваць свайго куміра да дома прыязджаюць з розных месцаў і краін прыхільнікі. Яно трэба нашаму гораду?” – запытваецца Мікалай Салаўёў, пэўна, жадаючы закрыць ўезд у Магілёў асобам, шануючым творчасць спевака. Пра творчасць Маісеева апантаннаму гетеросэксуалу, па яго ўласным сцвярджэнні, нічога невядома.
Таму Мікалай Салаўёў яшчэ раз заклікае зняць барэльеф, прычым ужо дзеля нашчадкаў, відаць, цвёрда ведаючы, што ў будучым гомасэксуалістаў ніколі не будзе, бо ня будзе памяці аб Барысе Маісееве.
Нагадаем, 16 ліпеня 2023 года на вул. Чалюскінцаў у Магілёве адкрылі мемарыяльную дошку ў гонар Барыса Маісеева. Яна з’явілася на доме (у народзе яго называюць “шэрым”), дзе нарадзіўся і вырас артыст. Цырымонія праводзілася ў рамках “Славянскага базару”.
Барыс Маісееў – артыст савецкай і расійскай эстрады, танцор. Ён нарадзіўся ў Магілёве 4 сакавіка 1954 года. Пасля школы з’ехаў у Мінск, там скончыў харэаграфічную вучэльню. У 1980-х выступаў у трупе Алы Пугачовай, пазней развіваў сольную кар’еру. Памёр 27 верасня 2022 году.
Фотаздымак: magilev.by
