Бура ў Бабруйску: без пацярпелых, але з пашкоджанымі машынамі

Учарашні ўраган у Бабруйску нарабіў шкоды маёмасці. На шчасце, людзі не пацярпелі.

Дрэвы падалі на машыны і краму

Моцны шквалісты вецер, які ўчора абрынуўся на Бабруйск і Бабруйскі раён, пашкодзіў будынкі, аўтамабілі і гарадскую інфраструктуру. Паводле інфармацыі Магілёўскага абласнога ўпраўлення МНС, пацярпелых няма.

Найбольш пашкоджанняў нанеслі паваленыя дрэвы. Адно з іх разбіла шкленне крамы. Яшчэ восем легкавых аўтамабіляў атрымалі пашкоджанні пасля падзення дрэў. Яшчэ адну машыну пашкодзіў сарваны ветрам ліст шыферу.

Усяго, паводле аператыўных звестак, непагадзь пашкодзіла дахі двух аб’ектаў і дзевяць транспартных сродкаў.

Спыніліся тралейбусы і перакуліла прыпынак

Пра наступствы ўрагану паведамлялі і самі бабруйчане. Так, на вуліцы Крылова ветрам знесла аўтобусны павільён, які апынуўся проста пасярод праезнай часткі. Каля «Бабруйск-Арэны» і ў мікрараёне Заходні парывамі ветру зрушыла з месца прычэп і пазадарожнік.

У раёне кальца ААТ «Белшына» часова спыніўся рух сямі тралейбусаў. Паводле паведамленняў відавочцаў, прычынай магло стаць дрэва, якое ўпала на кантактную сетку на вуліцы Шыннай.

Жыхары мікрараёна Кісялевічы таксама паведамлялі пра часовае адключэнне гарачага і халоднага водазабеспячэння. Да 16.35 падача вады была адноўлена.

Наступствы яшчэ ліквідуюць

Для ліквідацыі наступстваў непагадзі падраздзяленні МНС 26 разоў выязджалі на прыборку паваленых дрэў. Ратавальнікі распілавалі і прыбралі 52 дрэвы. Яшчэ 20 былі вывезены іншымі службамі і ўласнікамі тэрыторый.

Як паведаміла начальніца Бабруйскай метэастанцыі Святлана Запарожац, максімальная хуткасць ветру ў горадзе дасягнула 22 м/с. Гэта на адзін метр за секунду больш, чым падчас моцнай майскай навальніцы, якая таксама пакінула пасля сябе значныя пашкоджанні.

У МНС адзначылі, што службы і надалей расчышчаюць горад ад паваленых дрэў.

Фотаздымак: komkur.info

У будынак станцыі Галынец трапіла маланка

Увечары 9 чэрвеня здарылася прамое траплянне маланкі ў дах бытавога будынка на тэрыторыі чыгуначнай станцыі Галынец у Магілёўскім раёне. Гэта прывяло да пажару,

загарэўся дах. Каб патушыць пажар, ратавальнікам давялося задзейнічаць чатыры адзінкі тэхнікі МНС. Унутры будынка на момант пажару нікога не было, ніхто не пацярпеў.

Фота ведамаснага сайта МНС.

Паўтарагадзінны лівень затапіў вуліцы Бабруйска

Стыхія разбушавалася ў Бабруйску 7 чэрвеня пасля 16:00. За паўтары гадзіны ліўню вуліцы горада ператварыліся ў рэкі, паведамляе тэлеграм-чат «Дарогі Бабруйска».

У сацыяльных сетках пішуць, што найбольш дасталося вуліцам Сацыялістычнай і Чангарскай.

А вось абласны цэнтр ліўні чамусьці абыходзяць бокам.

«Магілёўаблгідрамет» прагназуе, што пагроза ліўняў па вобласці захаваецца і сёння.

Фота – скрыншот тэлеграм-чата «Дарогі Бабруйска».

Падчас стыхіі ў Магілёве загінула жанчына

Пакуль вядома толькі пра адну ахвяру начнога ўрагану, што абрынуўся на Магілёў. 

Што здарылася

Трагедыя адбылася каля 2-й гадзіны ночы ў раёне рачнога порта на Дняпры. Паводле папярэдніх звестак, 32-гадовая жанчына разам з мужам прыехалі на бераг ракі на рыбалку. Калі пачалася непагадзь, пара паспрабавала схавацца пад дрэвам.

Аднак моцны парывісты вецер паваліў дрэва проста на плед, дзе ляжалі муж і жонка. На месца здарэння хутка прыбылі ратавальнікі і даставалі пацярпелую з-пад дрэва ўжо без прытомнасці.

Медыкі канстатавалі смерць

Лекары, якія прыбылі на месца, правялі рэанімацыйныя мерапрыемствы, але, на жаль, выратаваць жанчыну не ўдалося — смерць была канстатаваная на месцы.

Ідзе праверка

На месцы працавала следча-аператыўная група. У цяперашні момант праводзіцца праверка. Следчы камітэт высвятляе ўсе абставіны трагедыі, у тым ліку прычыны і ўмовы, што маглі спрыяць гібелі жанчыны.

Фота: Следчы камітэт