На выхадных чакаецца пахаладанне і мінусавыя тэмпературы

Пачынаючы з 25 красавіка на тэрыторыю нашай краіны пачнуць пранікаць прахалодныя паветраныя масы са Скандынавіі, пачнецца паступовае паніжэнне сутачных тэмператур – паведамляе Белгідрамет. У выхадныя дні, у суботу і нядзелю тэмпература днём на Магілёўшчыне чакаецца каля +7°С +8°С. Начная тэмпература, магчыма, будзе мінусавой – да -3°С, прагназуе рэсурс Gismeteo. 

Фота: mogilev.media

На Магілёўшчыне пачалі адключаць ацяпленне

У раёнах Магілёўскай вобласці пачалі адключаць ацяпленне ва ўсіх установах. Так, ацяпляльны сезон афіцыйна завяршыўся ў Крычаве, Кіраўску, Бабруйску, Касцюковічах і іншых гарадах рэгіёна. Сёння па Беларусі чакаецца па-летняму цёпла, сіноптыкі прагназуюць да +22 +28°С. Заўтра чакаецца да +27 градусаў цяпла.

Фота ілюстрацыйнае

Вясна вярнулася – надвор’е на Магілёўшчыне на тыдзень

Цёплыя паветраныя масы рухаюцца з Цэнтральнай Еўропы на Беларусь і нясуць з сабой устойлівае цёплае надвор’е, а таксама хвалі алергеннай пыльцы.

Пачынаючы з сённяшняга дня на Магілёўшчыне будзе ісці павольнае павышэнне тэмператур. Да канца тыдня дзённыя тэмпературы ў нашым рэгіёне падымуцца да +21°С +23°С – прагназуе Gismeteo. Сёння Белгідрамет прадказвае нязначнае пацяпленне па ўсходзе Беларусі – да +8°С. 

Заўтра, 14 красавіка надвор’е будзе фарміраваць вобласць павышанага атмасфернага ціску, раніцай і днём свой уплыў акажуць цёплыя няўстойлівыя паветраныя масы, якія рухаюцца да нас з Усходніх Карпат. Чакаецца воблачнае з праясненнямі надвор’е, магчымыя дажджы. Тэмпература паветра на Магілёўшчыне ад +12°С да +19°С. У аўторак 15 красавіка ўжо можна чакаць усе +23°С. Такая ж тэмпература прагназуецца ў нашым рэгіёне да канца тыдня.

Разам з распаўсюдам на тэрыторыю Беларусі цёплых паветраных мас з Цэнтральнай Еўропы, ва ўмовах цёплага і сухога надвор’я варта чакаць, што ў паветры пачне фарміравацца высокая канцэнтрацыя пыльцы ветраапыляльных раслін – папярэджвае Тэлеграм-канал @nadvorie. 

У Еўропе звычайна назіраецца тры асноўных перыяды цвіцення раслін з пыльцой, што мае алергенныя ўласцівасці, і зараз якраз наступае адзін з іх. З сярэдзіны красавіка па травень актыўна пачынаюць цвісці бяроза, клён, дуб, алешына, таполя і ліпа. Найбольш актыўны алерген пры гэтым – пыльца бярозы. Пры алергіі на яе, перакрыжаванай рэакцыяй можа стаць таксама алергія на моркву, фундук, яблыкі, персікі.

Фота: mogilev.media

Якое надвор’е чакае нас гэтай вясной

На Магілёўшчыне сёлета незвычайна цёплая зіма скончылася зацяжным пахаладаннем. Трывалы мінус працягваецца ў нашым рэгіёне і зараз – прынамсі, у начны час. Такое ссоўванне халадоў з каляндарнай зімы на раннюю вясну нярэдка сігналізуе пра доўгую зіму і халодныя веснавыя месяцы. Што нам чакаць ад надвор’я ў гэтым годзе, расказваюць сіноптыкі.

Паводле папярэдняга прагноза, вясна сёлета будзе даволі цёплай. Чакаецца, што сярэдні тэмпературны паказчык будзе вышэй за норму. Што да ападкаў, то іх узровень чакаецца блізкі да нормы. Зрэшты, на захадзе нашай краіны можа быць нязначны дэфіцыт ападкаў.

Сіноптыкі падкрэсліваюць, што на надвор’е на еўрапейскім кантыненце, магчыма, будзе ўплываць атмасферную з’яву Ла-Нінья. Не выключана, што з-за апошняга дасць аб сабе ведаць такая анамалія, як высокі ціск.

Фота: mogilev.media

Воблачна, туманы і мала дажджоў – якое надвор’е чакаецца на гэтым тыдні

Прагноз на тыдзень па Магілёўскай вобласці – снегу пакуль не чакаецца, вялікіх дажджоў таксама. Будзе воблачна, раніцай і ноччу – туманна. Тэмпература паветра днём у пачатку тыдня чакаецца ў межах +11°C – +12°C. Пад канец тыдня яна падрасце да +15°C – +17°C. 

Начныя тэмпературы на працягу тыдня будуць хістацца. Калі ў панядзелак і аўторак чакаецца +10°C ноччу, то ў сераду ноччу пахаладае да +5°C, пры тым што днём тэмпература ў гэты дзень павысіцца да +15°C. Напрыканцы тыдня начныя тэмпературы вернуцца да ўзроўню +10°C – +11°C.

Сіноптыкі папярэджваюць, што Беларусь на працягу новага тыдня будзе знаходзіцца пад уздзеяннем атмасферных франтоў ад цыклона над Бранскай вобласцю Расіі. Асаблівых ападкаў не чакаецца, толькі кароткачасовыя дажджы ў панядзелак і ў чацвер-пятніцу. Ноччу і раніцай – туман.

Фота: mogilev.media

Моцны вецер і навальніцы – прагноз надвор’я на новы тыдзень

Канец ліпеня пройдзе на Магілёўшчыне пад знакам цыклона, што вандруе з Балтыйскага рэгіёна.

У панядзелак 29 ліпеня на тэрыторыі Беларусі будзе назірацца перамяшчэнне цыклона, які ідзе з Латвіі ў бок Смаленскай вобласці. У сувязі з гэтым па большай частцы нашай краіны чакаюцца дажджы і навальніцы, часам моцны вецер – прагназуюць у Белгідраметэацэнтры. Тэмпература паветра ў панядзелак складзе каля +19°С днём.

30 ліпеня надвор’е на Магілёўшчыне па-ранейшаму будзе вызначаць цыклон, цэнтр якога перамясціцца на Бранскую вобласць. На большай частцы тэрыторыі краіны чакаюцца дажджы, ноччу месцамі моцныя дажджы. У асобных раёнах краіны прагрымяць навальніцы. Тэмпература паветра ноччу чакаецца каля +14°С, днём да 22°С.

Днём 31 ліпеня будзе назірацца змяншэнне ўплыву цыклона, але захаваецца воблачнае, дажджлівае надвор’е. Тэмпература паветра складзе каля +16°С ноччу і да +23°С днём.

Воблачнае з праясненнямі надвор’е чакаецца і ў першыя дні жніўня па Магілёўскім рэгіёне. Тэмпература паветра – камфортныя +23°С – +24°С днём па большай частцы тэрыторыі. Магчымыя дажджы. У апошнія дні тыдня крыху пацяплее да +25°С.

Надвор’е на новы тыдзень – спачатку спякотна, дажджліва, а пад канец тыдня пасвяжэе

Днём у панядзелак надвор’е на Магілёўшчыне будзе вызначацца няўстойлівай паветранай масай, што рухаецца з тэрыторыі Украіны ў накірунку Бранскай вобласці Расіі. Чакаецца, што ў нашым рэгіёне гэта прывядзе да моцных дажджоў днём 17 чэрвеня. Тэмпература паветра каля +18 +20°С – паведамляе сайт Белгідрамета.

 18 чэрвеня ўся краіна апынецца пад уздзеяннем цёплых і няўстойлівых паветраных мас, што рухаюцца з паўднёвага захаду Еўропы. Тэмпература паветра падымецца да +26°С днём, у ноч на сераду чакаецца +17°С. Воблачна.

У сераду, 19 чэрвеня паветра на Магілёўшчыне прагрэецца да +27°С, чакаюцца дажджы, часам навальніцы і нават град.

У наступныя дні тыдня сіноптыкі прагназуюць малавоблачнае надвор’е з паступовым паніжэннем дзённай тэмпературы паветра да +22°С з чацвярга па суботу і +21°С у нядзелю, 22 чэрвеня. Начныя тэмпературы ў канцы тыдня таксама знізяцца да +13°С +14°С. Будзе воблачна, але без вялікіх ападкаў. У нядзелю магчымыя дажджы.

Фота: mogilev.media

У Беларусі аб’яўлены аранжавы ўзровень небяспекі з-за спякоты

На 16-17 жніўня ў Беларусі аб’яўлены аранжавы ўзровень небяспекі – папярэджвае Белгідрамет.

Ясна і без ападкаў будзе ў сераду і чацвер у Магілёве і вобласці. Тэмпература ўноч да +16  +18°C, днём спякотна – +30 +32°C.

Вецер лёгкі, паўднёва-усходні, хуткасць 2-3 м/сек.

 

Надвор’е – на Магілёўшчыне аранжавы ўзровень небяспекі

У Магілёўскай вобласці абвешчаны аранжавы ўзровень небяспекі, а па Брэсцкай і Гомельскай абласцях – чырвоны. Днём 6 жніўня максімальная тэмпература паветра складзе +31+36°С – паведамляе МНС.

Фота ілюстрацыйнае

 

Цёпла, але з дажджамі і навальніцай – прагноз надвор’я на пачатак жніўня

На першыя дні жніўня ў Магілёўскай вобласці сіноптыкі прагназуюць цёплае, але воблачнае з дажджамі і навальніцай надвор’е.

Працягласць дня скарачаецца па 3 хвіліны на суткі. 1 жніўня сонца ўзыйдзе а 5:13, зойдзе а 20:58, працягласць дня складзе 15:46.

У аўторак прагназуецца пераважна воблачнае надвор’е. Месцамі па вобласці чакаецца дождж, навальніца. Тэмпература ўноч да +15°С, удзень +25°С, увечары +20°С.
Вецер на працягу сутак паўднёвы, паўднёва-заходні, хуткасць 3-5 м/с. Поўня. Геамагнітнае поле спакойнае.

2 жніўня, у сераду, на большай частцы тэрыторыі вобласці на працягу сутак прагназуюцца дажджы, месцамі дажджы моцныя. Уранні +15°С, днём слупок тэрмометра падымецца да +23°С. На працягу сутак будуць паступаць паветраныя масы паўднёвых напрамкаў, к вечару – з захаду, хуткасць вятроў да 6, месцамі пры парывах да 10 м/с. Магнітнае поле неўстойлівае.

У чацвер і пятніцу чакаецца воблачнае з праясненнямі надвор’е. Месцамі пройдзе дождж. Днём да +25°С. Ранні сход.

У суботу, 5 жніўня, прагназуецца воблачнае надвор’е, на большай частцы вобласці чакаюцца дажджы. Удзень паветра прагрэецца да +27°С. Усходнія і паўднёва-усходнія вятры хуткасцю да 4 м/с.

У нядзелю прагназуецца пераважна сонечнае спякотнае надвор’е да +32°С.

Фота ілюстрацыйнае, з адкрытых крыніц