У будынак станцыі Галынец трапіла маланка

Увечары 9 чэрвеня здарылася прамое траплянне маланкі ў дах бытавога будынка на тэрыторыі чыгуначнай станцыі Галынец у Магілёўскім раёне. Гэта прывяло да пажару,

загарэўся дах. Каб патушыць пажар, ратавальнікам давялося задзейнічаць чатыры адзінкі тэхнікі МНС. Унутры будынка на момант пажару нікога не было, ніхто не пацярпеў.

Фота ведамаснага сайта МНС.

Касцёл у Княжыцах тэрмінова патрабуе супрацьаварыйных прац

Працы па кансервацыі будынка касцёла ў Княжыцах, на які ўлады прасілі грошы ў насельніцтва, дагэтуль не пачаліся.

Касцёл Святога Мікалая ў Княжыцах, што непадалёк ад Магілёва, працягвае разбурацца. Нягледзячы на абвешчаны яшчэ летась збор ахвяраванняў на яго выратаванне, пра пачатак супрацьаварыйных работ дагэтуль нічога не вядома.

Пра стан гістарычнага будынка нагадалі турысты, якія апублікавалі ў сацыяльных сетках новыя фотаздымкі і відэа закінутага храма. На іх добра бачна, што помнік працягвае губляць свае канструкцыі і патрабуе неадкладнага ўмяшання спецыялістаў, піша выданне Katolik.life.

Касцёл у Княжыцах мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці і знаходзіцца ў дзяржаўнай уласнасці. Гэта азначае, што адказнасць за яго захаванне нясе дзяржава.

Аднак на працягу многіх гадоў сродкаў на кансервацыю і рамонт будынка не знаходзілася. У канцы 2025 года Магілёўскі райвыканкам нават звярнуўся па дапамогу да грамадзян, абвясціўшы збор ахвяраванняў на правядзенне супрацьаварыйных і кансервацыйных работ.

З таго часу мінула больш за паўгода. Ні сума сабраных сродкаў, ні тэрміны пачатку работ публічна не агучваліся а касцёл працягвае разбурацца пад уздзеяннем дажджоў, ветру і часу. І пакуль чыноўнікі маўчаць пра лёс праекта, адзін з самых адметных архітэктурных помнікаў Магілёўскага раёна ўсё бліжэй набліжаецца да мяжы, пасля якой ратаваць ужо будзе няма чаго.

Варта нагадаць, што яшчэ ў 2015 годзе касьцёл уключылі ў дзяржаўную праграму «Культура Беларусі» на 2016–2020 гады. Планавалася выдзеліць каля 370 тыс. рублёў на яго рэстаўрацыю. Аднак у выніку – ні капейкі. Будынак пакінулі без рамонту і нават без належнай кансервацыі.

Вось такое стаўленне сучасных беларускіх улад да гісторыка-культурнай спадчыны народа.

Фотаздымак: katolik.life

Сенатар з Магілёўшчыны заклікаў актыўней выкарыстоўваць дармовую працу

Глава Магілёўскага аблсавета, член Савета Рэспублікі Аляксандр Гарошкін лічыць патрэбным часцей выкарыстоўваць дармовую працу грамадзян.

На прайшоўшай у аграгарадку Вейна семінары-нарадзе са старшынямі сельвыканкамаў Магілёўскага раёна, дэпутацкім корпусам і прадстаўнікамі маладзёжных саветаў, Гарошкін заклікаў кіраўнікоў на месцах больш актыўна прыцягваць грамадзян да вырашэння агульных пытанняў праз талаку і суботнікі. 

Не заўсёды пазітыўным паказчыкам, паводле сенатара, з’яўляецца зніжэнне колькасці скарг ад насельніцтва на мясцовым узроўні. “Для прадстаўнічай улады памяншэнне колькасці зваротаў можа казаць пра адваротнае: людзі не давяраюць вам і пішуць адразу на вышэйстаячыя ўзроўні. З усімі пытаннямі вяскоўцы павінны ісці да старшыні сельвыканкама. Вы бліжэй за ўсіх да людзей”, – сказаў Гарошкін.

Тое, што ў свядомасці мясцовага люду так званых дэпутатаў як самастойных фігур не існуе, даказваюць і словы старшыні аблсавета, якімі ён заклікаў т.зв. “народных абраннікаў” “жыць праблемамі сваёй акругі” і выбудоўваць цеснае ўзаемадзеянне са старшынямі сельвыканкамаў.

Фотаздымак: pniva.by

У Магілёўскім раёне дрэнна карыстаюцца нетрамі

Пракуратура выявіла парушэнні пры эксплуатацыі кар’ераў у Магілёўскім раёне.

Пракуратура Магілёўскага раёна праверыла, як прадпрыемствы выконваюць заканадаўства аб ахове зямель пры распрацоўцы кар’ераў.

Правяраючыя ацэньвалі захаванасць знятага ўрадлівага слоя глебы, шукалі факты незаконнай здабычы карысных выкапняў, а таксама глядзелі, ці не ператвораны кар’еры ў стыхійныя звалкі.

Выяўленыя парушэнні:

  • на пад’язных шляхах да шэрагу кар’ераў не было шлагбаумаў – любы ахвотны мог прыехаць і бескантрольна вывезці пясок або жвір;
  • на тэрыторыі ўжо адпрацаваных і рэкультываваных кар’ераў выяўлена несанкцыянаванае захоўванне адходаў.

Тром прадпрыемствам вынесены прадпісанні аб ліквідацыі парушэнняў – і тыя іх выканалі.

Найбольш жа сур’ёзны эпізод звязаны з прамысловым кар’ерам, дзе здабыча вялася за межамі адведзенага па дакументах участка.

Аб’ём незаконна здабытых карысных выкапняў склаў амаль 997 кубічных метраў, шкода навакольнаму асяроддзю перавысіла 130 тысяч рублёў.

Па гэтым факце пракуратура ініцыявала асобную праверку.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

Санаторый “Сосны” пад Магілёвам застаўся без басейна з мінеральнай вадой

У басейн санаторыя “Сосны” ў Магілёўскім раёне больш не падаецца мінеральная вада.

Пра адсутнасць мінеральнай вады ў басейне паведаміла 11 траўня 2026 года падпісчыца тэлеграм-канала “Вячэрні Магілёў” Таццяна, якая часцяком адпачывала ў “Соснах”. “Быў басейн з мінеральнай вадой. Вось прыехала, а такога задавальнення няма. Так, не падаецца мінеральная вада, нешта зламалася і, пагаворваюць, даўно ўжо. Пра рамонт гаворкі не вядзецца, ва ўсякім выпадку, мне невядома, хоць спрабавала ўдакладніць. Цяпер вада ў басейне звычайная” – піша жанчына.

Яна задаецца пытаннем, ці нельга адрамантаваць падачу мінеральнай вады, бо “гэтай фішкай вельмі прыцягвалі адпачываючых”.

Варта адзначыць, што сайт санаторыя “гэтай фішкай” і надалей прыцягвае адпачываючых. “На тэрыторыі санаторыя знаходзіцца дзве крыніцы мінеральнай вады. Мінеральная вада выкарыстоўваецца як для піцця пры лячэнні захворванняў страўнікава-кішачнага тракта, так і для мінеральных ваннаў і басейна”, – гаворыцца там. Пра нейкія праблемы з падачай мінеральнай вады для басейна інфармацыі на сайце “Соснаў” знайсці не ўдалося.

Фотаздымак: www.sosny-mogilev.by

Пад Магілёвам збанкрутавала буйная мясаперапрацоўчая кампанія

Эканамічны суд Магілёўскай вобласці завяршыў справу аб банкруцтве буйной мясаперапрацоўчай кампаніі «Барскае мяса плюс».

Інфармацыя аб справе размешчана на сайце Адзінага дзяржрэестра звестак аб банкруцтве. Кіраўніцтва кампаніі звярнулася ў суд мінулай восенню. Праз паўгода ён прыняў рашэнне аб завяршэнні ліквідацыйнай вытворчасці вытворцы мясных прадуктаў.

Як высветлілася ў працэсе ліквідацыі кампаніі, яе ўладальнік мае даўгі перад крэдыторамі, з якімі не так проста разлічыцца. З дакумента вынікае, што ў кіраўніка кампаніі няма аўто ці нерухомасці.

У той жа час ён пераплаціў у бюджэт больш за 17 тыс. рублёў. Гэтая сума была адкліканая і накіравана на выплату заробкаў работнікам вытворчасці. Даўгі на агульную суму ў 740 тысяч рублёў трэба пагасіць у чатыры чэргі.

Кампанія «Барскае мяса плюс» працавала з 2020 года ў Магілёўскім раёне і займалася вытворчасцю каўбас і іншай мясной прадукцыі. На сайце пазначана, што фірма валодала пяццю фірмовым крамамі – тры ў Магілёве і па адной у Круглым і Бялынічах.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Панажоўшчына ў вяйнянскай краме: паранены два падлеткі

Нажавыя траўмы – праўда, нязначныя – атрымалі ў краме аграгарадка Вейна, што пад Магілёвам, хлопец і дзяўчына ад рук 63-гадовага мясцовага жыхара.

Паводле міліцыі, канфлікт пачаўся яшчэ на вуліцы, дзе пажылому чалавеку не спадабаліся шумныя паводзіны кампаніі моладзі ў вячэрні час. Потым усё працягнулася ў бліжэйшай краме, дзе мужчына, выцягнуўшы нож, пачаў ім пагражаць.

Маладым людзям удалося выбіць халодную зброю з рук нападніка, але ў выніку патасоўкі нязначныя раненні атрымалі 18-гадовы хлопец і 16-гадовая дзяўчына.

На пост ДАІ, які знаходзіўся непадалёк ад месца здарэння, звярнуліся відавочцы падзеі. Міліцыянеры затрымалі падазраванага, які аказаўся нападпітку – у крыві мужчыны было 2,5 праміле алкаголя.

Па факце здарэння праводзіцца праверка.

Фотаздымак: ТГ “МУС Беларусі”

Жыхары Магілёўскага раёна весяляцца на ўсю катушку

Раённая газета Магілёўскага раёна задала чытачам пытанне: як вы праводзіце вольны час? Жыхары вёсак адказалі. Мяркуючы па адказах – ад весялосці пыл слупам.
Магілёўская “раёнка” апытала жыхарак рэгіёна наконт весялосці ў сельскай мясцовасці. Аказалася, што яе хоць адбаўляй.

  1. Начальніца паштовага аддзялення з Вендрыжа заявіла, што жывуць весела. Адзінае яе пажаданне – адрадзіць свята Мядовага Спаса. Бо край мядовы.
  2. Жыхарка вёскі Амхавая-1 растлумачыла: калі ёсць агонь у душы, ехаць за ўражаннямі не абавязкова. У іх праходзяць Дні вёскі, там песні, танцы, конкурсы. Была на «Купаллі» ў Дубінцы. Уражанняў хопіць на ўсё астатняе жыццё.
  3. Старшыня сельвыканкама з аграгарадка Рэчкі паведаміла, што культура ў іх б’е ключом. Прычым «з такім размахам, што часам і горад пазайздросціць».

А што на самой справе, без прапагандысцкіх штучак? Прыводзім рэальны “калейдаскоп весялосці”:

Апошні факт асабліва паказальны – улады спрабуюць выціснуць з магілёўскай вёскі ўсё, да апошняй кроплі малака, да апошняга кілаграма мяса і прымусіць вяскоўцаў скакаць ад радасці на адкрыцці прыпыначнага пункта для аўталаўкі.

Фота “Прыдняпроўская ніва”.

Перабралі з прэміямі і надбаўкамі – магілёўскіх бюджэтнікаў выявілі і пакаралі

Па выніках праверкі КДК галоўныя “загадчыкі гаспадаркі” Магілёўшчыны аштрафаваны на 1,6 тысячы рублёў за нямэтавае выкарыстанне 185 тысяч рублёў.

Камітэт дзяржаўнага кантролю Магілёўскай вобласці па выніках праверкі дзяржаўнай установы «Цэнтр па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый Магілёўскага раёна» прыцягнуў да адміністрацыйнай адказнасці Цэнтр і шэраг яго службовых асоб на агульную суму 1,6 тысячы рублёў.

Што гэта за арганізацыя?

Некалькі гадоў таму ў бюджэтнай сферы адбылася маштабная працэдура па “аптымізацыі” – ва ўсіх установах культуры і адукацыі зачыніліся бухгалтэрыі, а на замену ім прыйшоў цэнтралізаваны орган – гэты самы «Цэнтр па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый Магілёўскага раёна». Ён павінен быў забраць на сябе ўсе ключавыя функцыі па забеспячэнні функцыянавання бюджэтных арганізацый. 

Здавалася б, ідэя лагічная – будзе менш бухгалтараў і эканамістаў у штаце, а значыць, будзе эканомія бюджэту. Але на практыцы гэта прывяло да таго, што адбыўся разрыў паміж самой арганізацыяй і сістэмай яе забеспячэння, што і прывяло да непазбежных парушэнняў.

Парушылі ўсё, што можна

Да пакрыцця ў бюджэт Магілёўскага раёна прад’яўлена звыш 185 тысяч рублёў, неабгрунтавана выдаткаваных установай на прэміраванне і выплату надбавак работнікам сфер культуры і адукацыі.

Таксама кантралёрамі ўстаноўлены парушэнні пры правядзенні:

  • дзяржаўных закупак;
  • вядзенні бухгалтарскага ўліку;
  • складанні статыстычнай справаздачнасці;
  • распараджэнні дзяржаўнай маёмасцю;
  • ўзаемадзеянні з пасярэдніцкімі структурамі і іншыя.

Асаблівае замілаванне выклікае фармулёўка “і іншыя”. Здавалася б, спецыялісты па забеспячэнні бюджэтнікаў парушылі ўсё, што можна было парушыць. Аказваецца, мяжы дасканаласці няма.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

У Магілёўскім раёне пакупнік мапеда абакраў прадаўца

Прадай мапед, а то пераначаваць няма дзе. У аграгарадку Сідаравічы госць абакраў гаспадара дома.

У Магілёўскім раёне адбыўся крадзёж з характэрным сцэнарыем даверу.

У міліцыю звярнуўся 62-гадовы жыхар аграгарадка Сідаравічы, які выявіў знікненне маёмасці са свайго дома.

Устаноўлена, што да здарэння датычны 36-гадовы жыхар вёскі Пална, раней судзімы за крадзяжы. Мужчына прыйшоў да пенсіянера пад выглядам пакупкі мапеда, прапанаваў выпіць і застаўся на начлег.

Пакуль гаспадар спаў, госць выкраў прадукты, бензапілу, мабільны тэлефон і грошы. Агульная шкода перавысіла 1000 рублёў. Узбуджана крымінальная справа.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.