Сенатар з Магілёўшчыны заклікаў актыўней выкарыстоўваць дармовую працу

Глава Магілёўскага аблсавета, член Савета Рэспублікі Аляксандр Гарошкін лічыць патрэбным часцей выкарыстоўваць дармовую працу грамадзян.

На прайшоўшай у аграгарадку Вейна семінары-нарадзе са старшынямі сельвыканкамаў Магілёўскага раёна, дэпутацкім корпусам і прадстаўнікамі маладзёжных саветаў, Гарошкін заклікаў кіраўнікоў на месцах больш актыўна прыцягваць грамадзян да вырашэння агульных пытанняў праз талаку і суботнікі. 

Не заўсёды пазітыўным паказчыкам, паводле сенатара, з’яўляецца зніжэнне колькасці скарг ад насельніцтва на мясцовым узроўні. “Для прадстаўнічай улады памяншэнне колькасці зваротаў можа казаць пра адваротнае: людзі не давяраюць вам і пішуць адразу на вышэйстаячыя ўзроўні. З усімі пытаннямі вяскоўцы павінны ісці да старшыні сельвыканкама. Вы бліжэй за ўсіх да людзей”, – сказаў Гарошкін.

Тое, што ў свядомасці мясцовага люду так званых дэпутатаў як самастойных фігур не існуе, даказваюць і словы старшыні аблсавета, якімі ён заклікаў т.зв. “народных абраннікаў” “жыць праблемамі сваёй акругі” і выбудоўваць цеснае ўзаемадзеянне са старшынямі сельвыканкамаў.

Фотаздымак: pniva.by

Магілёўскія студэнты разбіраюць навес у краснапольскім калгасе

Студэнты БРУ валодаюць інжынернай тэрміналогіяй і карыстаюцца ёю падчас дэмантажу старога кароўніка ў ААТ «Краснапольскі».

Прапагандысты з усіх сіл спрабуюць абгрунтаваць, з якой такой прычыны студэнты магілёўскай ВНУ бясплатна працуюць у ААТ «Краснопольскі», якое настолькі стратнае, што само яго існаванне супярэчыць законам сусвету.

Галоўны аргумент – фраза Лукашэнкі, якую ён кінуў на ўсебеларускім народным сходзе: нам трэба акуратненька, не адштурхоўваючы моладзь, прыстасоўваць яе да працы. Калі чалавек панюхае, што такое праца, ён будзе патрыётам і нармальным чалавекам.

Змусіць усю Беларусь «панюхаць працу» і, па магчымасці, працу бясплатную – крыштальная мара Аляксандра Рыгоравіча, які ніяк не можа дараваць народу свайго цяжкага дзяцінства.

І вось з 8 снежня ў ААТ «Краснопольскі» ўжо папрацавалі больш за 170 студэнтаў, а штодзённа туды ездзіць ад 15 да 30 чалавек. Навошта?

Аказваецца, што будучым:

  • інжынерам-механікам будзе цікава паглядзець на ўладкаванне камбайнаў;
  • інжынерам-будаўнікам будзе вельмі карысна папрацаваць на розных сельскагаспадарчых аб’ектах;
  • інжынерам-электрыкам не перашкодзіць разабрацца ў рамонце машын і механізмаў, знятых з вытворчасці.

І вось яно – першае заданне для будучых інжынераў: разабраць стары навес для цялят. Алею ў агонь гэтай бескарыснай задумы падлівае кіраўнік адміністрацыі свабоднай эканамічнай зоны «Магілёў» Павел Марыненка, які лічыць, што «эканамічны факультэт БРУ дае студэнтам выдатныя тэарэтычныя веды, а наша задача – сумясціць іх з практычнымі пытаннямі і кейсамі прадпрыемстваў».

Асаблівасці кейса ААТ «Краснопольскі» Марыненка не называе. І гэта нядзіўна. Адзінае, чаму можна навучыцца ў Краснаполлі, гэта таму, як нельга працаваць. Толькі вось для вывучэння гэтай асаблівасці луканомікі зусім не абавязкова ў ёй удзельнічаць.

Фота: «Беларусь Сегодня».