Сенатар з Магілёўшчыны заклікаў актыўней выкарыстоўваць дармовую працу

Глава Магілёўскага аблсавета, член Савета Рэспублікі Аляксандр Гарошкін лічыць патрэбным часцей выкарыстоўваць дармовую працу грамадзян.

На прайшоўшай у аграгарадку Вейна семінары-нарадзе са старшынямі сельвыканкамаў Магілёўскага раёна, дэпутацкім корпусам і прадстаўнікамі маладзёжных саветаў, Гарошкін заклікаў кіраўнікоў на месцах больш актыўна прыцягваць грамадзян да вырашэння агульных пытанняў праз талаку і суботнікі. 

Не заўсёды пазітыўным паказчыкам, паводле сенатара, з’яўляецца зніжэнне колькасці скарг ад насельніцтва на мясцовым узроўні. “Для прадстаўнічай улады памяншэнне колькасці зваротаў можа казаць пра адваротнае: людзі не давяраюць вам і пішуць адразу на вышэйстаячыя ўзроўні. З усімі пытаннямі вяскоўцы павінны ісці да старшыні сельвыканкама. Вы бліжэй за ўсіх да людзей”, – сказаў Гарошкін.

Тое, што ў свядомасці мясцовага люду так званых дэпутатаў як самастойных фігур не існуе, даказваюць і словы старшыні аблсавета, якімі ён заклікаў т.зв. “народных абраннікаў” “жыць праблемамі сваёй акругі” і выбудоўваць цеснае ўзаемадзеянне са старшынямі сельвыканкамаў.

Фотаздымак: pniva.by

Панажоўшчына ў вяйнянскай краме: паранены два падлеткі

Нажавыя траўмы – праўда, нязначныя – атрымалі ў краме аграгарадка Вейна, што пад Магілёвам, хлопец і дзяўчына ад рук 63-гадовага мясцовага жыхара.

Паводле міліцыі, канфлікт пачаўся яшчэ на вуліцы, дзе пажылому чалавеку не спадабаліся шумныя паводзіны кампаніі моладзі ў вячэрні час. Потым усё працягнулася ў бліжэйшай краме, дзе мужчына, выцягнуўшы нож, пачаў ім пагражаць.

Маладым людзям удалося выбіць халодную зброю з рук нападніка, але ў выніку патасоўкі нязначныя раненні атрымалі 18-гадовы хлопец і 16-гадовая дзяўчына.

На пост ДАІ, які знаходзіўся непадалёк ад месца здарэння, звярнуліся відавочцы падзеі. Міліцыянеры затрымалі падазраванага, які аказаўся нападпітку – у крыві мужчыны было 2,5 праміле алкаголя.

Па факце здарэння праводзіцца праверка.

Фотаздымак: ТГ “МУС Беларусі”

Пад Вейнам лось праваліўся ў калодзеж на пустыры

Лася, што праваліўся ў калодзеж пад аграгарадком Вейна, даставалі ратавальнікі.

Сёння непадалёк ад аграгарадка Вейна лось праваліўся ў калодзеж і не змог выбрацца самастойна. І не дзіва: мяркуючы па памерах калодзежа, з яго не выбраўся б нават звычайны магілёўскі чыноўнік сярэдняга звяна, які налаўчыўся праходзіць паміж струменьчыкамі дажджу і не намакаць.

Жывёле дапамаглі супрацоўнікі МНС. «Магілёўскія ведамасці» паведамляюць, што «сумеснымі намаганнямі яны паднялі лася са збудавання».

Для лася ўсё скончылася шчасліва. Чаго не скажаш пра патэнцыйных ахвяраў гэтага небяспечнага пустыра. Каму належыць «збудаванне» ў раёне Вейна і чаму ямка, у якую вольна правальваецца цэлы лось, не агароджана або не засыпаная? 

Як там наш год добраўпарадкавання, пра які трашчаць на кожным вуглу?

аграгарадок Вейно

Фота: «Магілёўскія ведамасці».