У магілёўскай краме “Суседзі” знайшлі амаль 50 кг пратэрміноўкі

Магілёўская санстанцыя выявіла 48,5 кг прадуктаў з прайшоўшым тэрмінам прыдатнасці ў краме “Суседзі” на Пушкінскім праспекце.

Крама знаходзіцца ў гандлёвым цэнтры “Арбат”. У ёй разам з дабраякаснымі харчовымі прадуктамі ў халадзільным абсталяванні гандлёвай залы прадавалі прадукцыю са скончаным тэрмінам прыдатнасці. Таксама на гэтую прадукцыю не было  дакументаў, па якіх можна адсачыць тэрмін яе паступлення і пацвердзіць якасць і бяспеку.

Цяпер вінаватыя за такое правапарушэнне будуць пакараныя адміністратыўным штрафам.

Фотаздымак: Яндэкс

Панажоўшчына ў вяйнянскай краме: паранены два падлеткі

Нажавыя траўмы – праўда, нязначныя – атрымалі ў краме аграгарадка Вейна, што пад Магілёвам, хлопец і дзяўчына ад рук 63-гадовага мясцовага жыхара.

Паводле міліцыі, канфлікт пачаўся яшчэ на вуліцы, дзе пажылому чалавеку не спадабаліся шумныя паводзіны кампаніі моладзі ў вячэрні час. Потым усё працягнулася ў бліжэйшай краме, дзе мужчына, выцягнуўшы нож, пачаў ім пагражаць.

Маладым людзям удалося выбіць халодную зброю з рук нападніка, але ў выніку патасоўкі нязначныя раненні атрымалі 18-гадовы хлопец і 16-гадовая дзяўчына.

На пост ДАІ, які знаходзіўся непадалёк ад месца здарэння, звярнуліся відавочцы падзеі. Міліцыянеры затрымалі падазраванага, які аказаўся нападпітку – у крыві мужчыны было 2,5 праміле алкаголя.

Па факце здарэння праводзіцца праверка.

Фотаздымак: ТГ “МУС Беларусі”

У Магілёве закрылі краму з пратэрмінаванай вадкасцю для вэйпаў – ад 128 да 463 дзён

У Магілёве прыпынілі працу гандлёвай кропкі, дзе прадавалі вадкасць для электронных цыгарэт з пратэрміноўкай і без абавязковых дакументаў.

Парушэнні зафіксавалі правяраючыя з Камітэта дзяржкантроля ў адным з гандлёвых цэнтраў горада. Праверка паказала, што на паліцах знаходзілася вадкасць для вэйпаў з прайшоўшымі тэрмінамі прыдатнасці – пратэрміноўка складала ад 128 да 463 дзён.

Акрамя таго, больш за 60 адзінак прадукцыі прадаваліся без уніфікаваных кантрольных знакаў, якія сведчаць пра законнае паходжанне тавараў і праходжанне імі абавязковага дзяржаўнага кантролю.

Таксама ўладальнік гандлёвай кропкі не змог прадставіць сертыфікаты адпаведнасці на частку асартыменту. На асобных таварах адсутнічала і абавязковая інфармацыя для спажыўцоў – звесткі пра вытворцу, тэрмін прыдатнасці, умовы захоўвання і іншыя дадзеныя, прадугледжаныя нарматыўнымі дакументамі.

Па выніках праверкі Камітэт дзяржаўнага кантролю прыняў рашэнне аб прыпыненні дзейнасці гандлёвага аб’екта. 

Фотаздымак: cloud-smoke.com

Крама “Сем Пятніц” адкрылася на Дняпроўскім бульвары ў Магілёве

Новая крама ў Магілёве працуе да 22.05. На выпадак, калі каму-небудзь не хопіць пяці хвілін.

Крама сеткі “Сем Пятніц”, якая адкрылася ў Магілёве на Дняпроўскім бульвары, абяцае здзівіць пакупнікоў дэмакратычнымі цэнамі і шырокім асартыментам тавараў.

Сетка «Сем Пятніц» уключае больш за 200 крамаў па ўсёй краіне. Аб шырокім выбары прадуктаў і нізкіх цэнах у новай краме – судзіць магілёўцам-пакупнікам.

Пакуль жа зразумела, што ў крэатыве “Сямі Пятніцам” адмовіць нельга: гандлёвы аб’ект працуе да 22.05 – на той пажарны выпадак, калі каму-небудзь не хопіць тых самых пяці хвілін.

Фота: mycity.by

Магілёвец наладзіў бізнес на продажы ўласнаручна скрадзеных тавараў

Магілёвец краў у крамах тавары, а потым прадаваў іх на базары. На гэтым і зарабляў.

Магілёўскія міліцыянты злавілі 50-гадовага гараджаніна, які наладзіў просты, але вельмі прыбытковы бізнес. Мужчына хадзіў ў краму за пакупкамі, але аплочваў іх не ўсе. Частку, якую хаваў па кішэнях, выносіў проста так, нават не за “дзякуй”.

Такія паводзіны прыцягнулі ўвагу супрацоўнікаў крамы, якія і звярнуліся ў міліцыю. Тая выясніла, што скарадзеныя тавары мужчына забіраў нават не для ўласнага карыстання, а прадаваў на адным з рынкаў горада. Прычым, колькі б ні каштаваў прадаваны тавар, для кемлівага гандляра рэнтабельнасць яго бізнеса была 100%. 

Праўда, пасля таго, як ўсё высветлілася і была ўзбуджана крымінальная справа, “прадпрымальніку” прыйдзецца ўсё ж такі падзяліцца чымсьці з дзяржавай і абвараванай крамай, якая недалічылася тавару прыкладана на 1000 рублёў. Але гэта будзе ўжо зусім іншая гісторыя.

Фотаздымак з адкрытых крыніц