Бабруйчане штурмавалі новы гандлёвы цэнтр “Этажэрка”

У Бабруйску адкрыццё новага гандлёвага цэнтру “Этажэрка” адзначылася не толькі пераразаннем чырвонай стужкі, але і цісканінай напоўпу ў дзвярах магазіна.

Гандлёвы цэнтр адчыніўся 25 чэрвеня 2026 года з традыцыйнай урачыстасцю – прамовамі чыноўнікаў і пераразаннем чырвонай стужкі. 

Ганаровыя госці адкрыцця, сярод якіх былі прадстаўнікі гарадскіх улад, увайшлі ў новы гандлёвы цэнтр першымі. Затым у яго пачалі заходзіць людзі, ладна разгарачаныя чэрвеньскім сонцам. Праўда, зайсці можна было толькі пасля прахаджэння моцнай цісканіны перад дзвярыма. Прычым натоўп не знікаў цягам паўгадзіны пасля афіцыйнага адкрыцця. Гэта не дзіўна, бо цікаўныя пачалі падыходзіць да новага гандлёвага цэнтра яшчэ за паўтары гадзіны да чыноўніцкіх прамоў. Было нямала дзяцей і падлеткаў.

Паводзіны людзей, зафіксаваня на відэа, выклікалі асуджэнне чытачоў інтэрнэт-выдання bobr.by. “Такое адчуванне, што ў нас голад у краіне, і людзям няма чаго жэрці”, “Жах, сорам і ганьба, трагедыя на Нямізе ім нічога не нагадвае”, “Небяспечная праца ў спевакоў-вядучых на адкрыццях ГЦ : )” – такія каментарыі з’явіліся пад артыкулам аб адкрыцці “Этажэркі”.

Скрыншот @MrBobrby / YouTube

У Асіповічах урачыста адкрылі метэастанцыю

Адкрытая ў Асіповічах метэаралагічная станцыя стала першай у раёне і сямідзясятай у краіне.

Метэаралагічную станцыю ў Асіповічах пабудавалі па дзяржаўнай інвестыцыйнай праграме. 

Адкрывалі яе з пампай ганаровыя госці – старшыня райвыканкама, начальнікі рэспубліканскага і абласнога ўзроўняў, прадстаўнікі мясцовых устаноў і школьнікі – удзельнікі экалагічнага моладзевага грамадскага аб’яднання «Дзеля жыцця на Зямлі».

Сцвярджаецца, што метэастанцыя “у рэжыме рэальнага часу будзе збіраць і перадаваць даныя пра тэмпературу і вільготнасць паветра, хуткасць і напрамак ветру, атмасферны ціск, ападкі і іншыя ключавыя метэаралагічныя параметры”.

Нагадаем, што ў 2019 годзе Лукашэнка паскардзіўся, што не можа даведацца, якое надвор’е чакаецца ў бліжэйшыя некалькі дзён. У сувязі з гэтым паабяцаў прывесці ў пачуцце або разагнаць беларускіх метэаролагаў.

Змянілася з таго часу нешта ці не – невядома. Магчыма, асіповіцкая ўстаноўка дазволіць даведацца нешта новае пра надвор’е.

Фота раённай газеты.

Крама “Сем Пятніц” адкрылася на Дняпроўскім бульвары ў Магілёве

Новая крама ў Магілёве працуе да 22.05. На выпадак, калі каму-небудзь не хопіць пяці хвілін.

Крама сеткі “Сем Пятніц”, якая адкрылася ў Магілёве на Дняпроўскім бульвары, абяцае здзівіць пакупнікоў дэмакратычнымі цэнамі і шырокім асартыментам тавараў.

Сетка «Сем Пятніц» уключае больш за 200 крамаў па ўсёй краіне. Аб шырокім выбары прадуктаў і нізкіх цэнах у новай краме – судзіць магілёўцам-пакупнікам.

Пакуль жа зразумела, што ў крэатыве “Сямі Пятніцам” адмовіць нельга: гандлёвы аб’ект працуе да 22.05 – на той пажарны выпадак, калі каму-небудзь не хопіць тых самых пяці хвілін.

Фота: mycity.by

Каб пасяліць сем чалавек у інтэрнат, Руслан Страхар зладзіў фарс з чырвонай стужкай

З другога боку стужкі, трохі здзіўленыя, стаялі яшчэ восем чалавек, якія ўжо і так жылі ў гэтым інтэрнаце.

У інтэрнаце прадпрыемства “Магілёўліфтмаш” на вуліцы Ціміразеўскай правялі невялікі касметычны рамонт. Тут падрыхтавалі для пражывання маладых спецыялістаў некалькі пакояў, а таксама ўпарадкавалі кухню і спортзал. Шараговую і будзённую ў прынцыпе справу кіраўніцтва прадпрыемства вырашыла, аднак, абставіць з максімальным пафасам. 

Сюды прыбыў на ўрачыстае адкрыццё з пераразаннем чырвонай стужкі сам ганаровы генеральны дырэктар “Магілёўліфтмаша” Руслан Страхар. Пікантнасці гэтай сітуацыі дадае той факт, што на гэтай самай прасторы, якую ўрачыста адкрывалі для новых жыльцоў, ужо пражывалі восем чалавек. З публікацыі не зразумела, па які бок чырвонай стужкі яны знаходзіліся падчас адкрыцця – магчыма, жылі звычайным жыццём у сваіх пакоях і са здзіўленнем назіралі за астатнімі.

“В общежитии ОАО «Могилевлифтмаш» на ул. Тимирязевской целый этаж отвели молодым специалистам, которые в этом году пополняют ряды лифтостроителей – піша пра мерапрыемства звязаны з “Веснікам Магілёва” тэлеграм-канал “Магілёў – мой горад!” – Сейчас там живут всего 8 человек, но буквально со дня на день будут заняты все 15 мест.”

Не абышлася ўрачыстасць і без дэманстрацыі сямейнай атмасферы, калі функцыянеры разам са сваімі падпарадкаванымі прыселі за стол і ўсміхнуліся, зазіраючы ў пустыя кубкі на стале.

пустая чашка

Зачараваныя чырвонай стужкай

Традыцыя адкрываць любую бздуру з пафасам і чырвонай стужкай зусім нядаўна стала прасоўвацца чыноўнікамі ў Беларусі. Пачынальнікам гэтага трэша лічыцца дэпутат Ігар Марзалюк, які ў 2019 годзе адкрываў у Магілёве з разразаннем чырвонай стужкі металічныя поручні. У сваю чаргу, ён, відавочна, натхніўся практыкамі расійскіх чыноўнікаў, якія даўно і з асалодай разразаюць чырвоныя стужкі на такіх мерапрыемствах, як адкрыццё сметніцы альбо аўтобуснага прыпынку.

Фота: “Магілёў – мой горад!”