У Клімавічах «развілі» малы і сярэдні бізнес

Паступленні ад малога і сярэдняга бізнесу ў клімавіцкі бюджэт выраслі на цэлы працэнт.

У Клімавічах прааналізавалі выкананне дзяржпраграмы «Малое і сярэдняе прадпрымальніцтва» на 2021–2025 гады. Разглядалі ўсю гэтую справу чамусьці на пасяджэнні камісіі па супрацьдзеянні карупцыі.

Камісія высветліла, што на 1 студзеня 2026 года сваю дзейнасць на Клімавіччыне ажыццяўлялі 110 суб’ектаў малога і сярэдняга бізнесу, 412 індывідуальных прадпрымальнікаў. У 2025 годзе было зарэгістравана 18 прадпрыемстваў і 30 ІП.

У мінулым годзе ўдзельная вага паступленняў у даход раёна ад дзейнасці суб’ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва склала 7,5 працэнта, гэта на 1 працэнт больш у параўнанні з 2024 годам.

Старшыня райвыканкама Віктар Пугач заявіў, што на строгім кантролі камісіі знаходзяцца пытанні выкарыстання бюджэтных сродкаў, аб’ектаў нерухомасці.

Якім бокам да карупцыі адносяцца прыватнікі, Віктар Мікалаевіч не ўдакладніў.

Тым часам, рост паступленняў у бюджэт роўна на адзін працэнт выклікае сур’ёзныя сумненні. 

Хутчэй за ўсё нічога і не думала расці, а чыноўнікам Клімавіч проста патрабавалася зрабіць выгляд, што дзяржпраграма спрацавала, і камісія была створана не дарма.

Фота раённай газеты.

У Асіповічах урачыста адкрылі метэастанцыю

Адкрытая ў Асіповічах метэаралагічная станцыя стала першай у раёне і сямідзясятай у краіне.

Метэаралагічную станцыю ў Асіповічах пабудавалі па дзяржаўнай інвестыцыйнай праграме. 

Адкрывалі яе з пампай ганаровыя госці – старшыня райвыканкама, начальнікі рэспубліканскага і абласнога ўзроўняў, прадстаўнікі мясцовых устаноў і школьнікі – удзельнікі экалагічнага моладзевага грамадскага аб’яднання «Дзеля жыцця на Зямлі».

Сцвярджаецца, што метэастанцыя “у рэжыме рэальнага часу будзе збіраць і перадаваць даныя пра тэмпературу і вільготнасць паветра, хуткасць і напрамак ветру, атмасферны ціск, ападкі і іншыя ключавыя метэаралагічныя параметры”.

Нагадаем, што ў 2019 годзе Лукашэнка паскардзіўся, што не можа даведацца, якое надвор’е чакаецца ў бліжэйшыя некалькі дзён. У сувязі з гэтым паабяцаў прывесці ў пачуцце або разагнаць беларускіх метэаролагаў.

Змянілася з таго часу нешта ці не – невядома. Магчыма, асіповіцкая ўстаноўка дазволіць даведацца нешта новае пра надвор’е.

Фота раённай газеты.