кіпцюр

“Пацуковы кіпцюр” у брэсцкай крывянцы знайшоў магілёвец

Частуючыся крывянкай з Брэсцкага мясакамбіната магілёвец ледзьве не праглынуў частку свіной косткі, якую прыняў за кіпцюр пацука.

Беларускія мясныя вырабы, якія шмат хто лічыць ледзьве не паказчыкам якасці, насамрэч часцяком хаваюць небяспеку для здароўя. У адным з папярэдніх артыкулаў мы распавядалі пра кавалак алюмініевага дроту ў калбасе з Магілёўскага мясакамбіната. Цяпер – выпадак з магілёўцам Аляксеем, пра які ён расказаў журналістам.

Колца “Сялянскай” ад Брэсцкага мясакамбіната мужчына купіў у краме “Родны кут” на Грышына, 118. Гэта было ў суботу, 13 чэрвеня. Паводле магілёўца, ён там набыў ліверку і крывянку. 

Мужчына распавёў, што такую каўбасу ён ніколі не рэжа. У выніку “кіпцюр” папаў адразу ў рот. “Ужо даядаў, як адчуў нешта. Дастаў з рота “гэта!“ і выплюнуў. Мяне ледзь не вырвала! Рэшткі аддаў сабаку”, – пракаментаваў ён.

Прычым пакупнік не паляніўся вярнуцца ў магазін і распавесці аб здарэнні. Прадавец таксама была ў шоку. У Брэсцкі мясакамбінат тым жа днём не датэлефанаваліся.

Потым журналісты “Магілёў.Анлайн” звязаліся з аддзелам маркетынгу Брэсцкага мясакамбіната, які адказвае за скаргі. Там адразу ж запыталі ўсю інфармацыю і панеслі яе на вытворчасць. Прапанавалі вярнуць “гэты прадмет” для экспертызы.

Паводле папярэдняй ацэнкі тэхнолагаў, гэта магла быць частка свіной косткі пад’язычнай з храсткамі гартані і трахеі, якую выкарыстоўваюць у вырабе каўбасы – яна больш за ўсё падобная. Але адназначна не кіпцюр, запэўнілі ў Брэсцкім мясакамбінаце. Магчыма, спрацаваў чалавечы фактар – гэта высвятляць па камерах, якія ёсць на ўсіх этапах вытворчасці, і дэпрэмуюць вінаватага. 

Аднак каб дакладна зразумець, неабходна забраць прадмет на лабараторнае даследаванне. Яго дастаўку паабяцалі арганізаваць.

Фотаздымак: ТГ “Магілёў.Анлайн”

← Усе навіны Магілёва