У Магілёве былая аднакласніца абакрала гаспадыню кватэры, што прытуліла яе

Жыхарка Магілёва стала ахвярай крадзяжу пасля таго, як пагадзілася даць прытулак былой аднакласніцы. 

57-гадовая жанчына прыехала з Мсціслава і папрасіла дазволу пажыць некалькі дзён. Гаспадыня кватэры, кіруючыся даўнім знаёмствам, не адмовіла.

На другі дзень раніцай магіляўчанка пайшла на працу, дазволіўшы госці разам з сынам застацца ў кватэры яшчэ на некалькі гадзін. Ключы планавалася перадаць суседцы. Аднак па вяртанні дадому гаспадыня вырашыла праверыць грашовую схованку ў шафе і выявіла прапажу – у канверце не хапала 300 даляраў.

Паколькі жанчына пражывае адна і іншых гасцей у гэты перыяд не прымала, падазрэнні адразу ўпалі на аднакласніцу. Спробы звязацца з ёй аказаліся марнымі: тэлефон не адказваў. Прачакаўшы да наступнага дня і не дачакаўшыся тлумачэнняў, пацярпелая звярнулася ў міліцыю.

Падчас агляду кватэры эксперт-крыміналіст канфіскаваў сляды рук з дзверцаў шафы і паліцы, дзе захоўваўся канверт з валютай і расійскімі рублямі. Судовая дактыласкапічная экспертыза ўстанавіла: след далоні на паліцы пакінуты менавіта госцяй.

У той жа дзень праваахоўнікі ўстанавілі месцазнаходжанне падазраванай у Мсціславе. Аднак, выкрадзеных грошай пры ёй ужо не аказалася. Жанчына прызналася, што, знаходзячыся ў гасцях, заўважыла, дзе гаспадыня захоўвае зберажэнні. Дачакаўшыся, калі тая сыйдзе на працу, яна ўзяла 100 даляраў, абмяняла іх у банку, затым вярнулася ў кватэру і забрала яшчэ 200 даляраў. Гэтыя грошы яна абмяняла ўжо па вяртанні ў свой горад.

Суд Кастрычніцкага раёна Магілёва прызнаў мсціслаўчанку вінаватай у крадзяжы. Ёй прызначана пакаранне ў выглядзе аднаго года пазбаўлення волі з умоўным непрымяненнем пакарання. Акрамя таго, асуджаная абавязаная пакрыць пацярпелай прычыненую матэрыяльную шкоду.

Фотаздымак: sudexpert.gov.by

Экспертыза даказала няякасны рамонт Volvo S60 у Касцюковічах

Уласнік аўтамабіля падаў у суд на аўтамайстэрню за няякасны рамонт рухавіка. Для высвятлення яго праваты прыйшлося прыцягваць судовых экспертаў.

Аўтааматар з Касцюковіцкага раёна звярнуўся ў суд са скаргай на аўтамайстэрню, куды ён незадоўга перад гэтым здаваў сваю Volvo S60 на рамонт. Пасля рамонту ён заўважыў працяканне масла з-пад клапаннай крышкі і звярнуўся за дыягностыкай у аўтасервіс у іншай краіне. Там яму заявілі, што разьба на галоўцы блока цыліндраў мае пашкоджанні. 

У выніку прыйшлося мяняць галоўку, разбіраць рухавік і мяняць вадкасці ў ім. Калі ўласнік аўтамабіля звярнуўся з прэтэнзіяй да аўтасервіса, які рабіў рамонт, то пачуў адмову – кіраўніцтва заявіла, што ўсе працы былі праведзеныя ў адпаведнасці з патрабаваннямі заказчыка, зафіксаванымі ў заказ-нарадзе.

вольва

Судовая экспертыза прыйшла да высновы, што падчас рамонтных прац работнікі касцюковіцкага аўтасервіса дапусцілі парушэнні – разьба ў тых адтулінах, дзе прымацоўваецца галоўка блока цыліндраў мае дэфармацыі, зрывы і зломы. Як высветлілася, частка гэтых адтулінаў была апрацаваная – разьба пашыраная пад дыяметр М8 пры тым, што завадское патрабаванне да яе М7, а для кампенсацыі розніцы ў адтуліны ўстаўлены рамонтныя ўстаўкі (футаркі). Для мацавання вузлоў выкарыстоўваліся балты на М8, што не адпавядае рэгламентным памерам завода Volvo.

Сямнаццаць прадстаўленых на даследаванне балтоў мелі пашкоджанні ў выглядзе разрэзаў разьбовай часткі рэжучай прыладай. Таксама падчас экспертнага даследавання выяўлены і іншыя пашкоджанні дэталяў і вузлоў, паходжанне якіх характэрна для працэсу правядзення рамонтных работ.

футаркі

У выніку паміж кіраўніцтвам аўтасервіса і ўласнікам аўтамабіля было дасягнута міравое пагадненне аб поўнай кампенсацыі апошняму ўсіх выдаткаў і маральнай шкоды.

 

Фота: Судовыя экспертызы