Магілёўскі КДК зноў не дазволіў пілаваць крычаўскі бюджэт

Шматлікія парушэнні выяўлены Камітэтам дзяржаўнага кантролю Магілёўскай вобласці ў працы дзяржаўнай установы «Цэнтр па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый Крычаўскага раёна».

Высветлілася, што ў крычаўскім цэнтры, які забяспечваў дзейнасць бюджэтных арганізацый шмат чаго не забяспечылі.

У тым ліку:

  • не забяспечана своечасовае аднаўленне ў бюджэт затрат ад аказання платных паслуг на агульную суму больш за 100 тысяч рублёў;
  • неабгрунтавана налічаны і выплачаны кіраўнікам асобных бюджэтных арганізацый прэміі ў суме 25,3 тысячы рублёў;
  • неэфектыўна расходавана на ўтрыманне гэтых арганізацый больш за 26 тысяч рублёў;
  • дапушчаны аплата завышаных аб’ёмаў будаўніча-мантажных работ,
  • парушаны парадак правядзення дзяржаўных закупак, складання дзяржаўнай статыстычнай справаздачнасці, вядзення бухгалтарскага ўліку, распараджэння дзяржаўнай маёмасцю і іншыя.

Грошы вернуцца ў бюджэт, вінаватыя службовыя асобы атрымаюць адміністрацыйныя спагнанні, а іх дзеянні ацэняць праваахоўныя органы.

Карацей кажучы, зноў нікога не пасадзяць.

Фота ілюстрацыйнага характару.

Крычаўскаму аўтапарку не дазволяць сядзець на бюджэтнай іголцы

Прэзідыум раённага савета “дэпутатаў” пад кіраўніцтвам Ірыны Пруднікавай разгледзеў пытанне работы пасажырскага транспарту.

Якасцю работы мясцовага аўтапарка крычаўскія “дэпутаты” не задаволеныя: пасажырапаток расце, а разам з ім не прыбытак Аўтапарка №3, а датацыя яму з бюджэту. Аўтобусы абнаўляюцца, набываюцца новыя, а выніку няма.

“Патрэбны новыя маршруты і формы работы. Проста сядзець на бюджэтнай іголцы нікому не дазволена” – заявіла Пруднікава.

Прэзідыум рэкамендаваў аўтапарку адкрыць:

  • маршрут Крычаў – Мінск;
  • маршрут у Расію;
  • рэйс на Раслаўль, альбо працягнуць яго да Смаленска.

Увогуле, бюджэтных ін’екцый у Крычаве хопіць не на ўсіх. Яны патрэбны і прызначанаму “дэпутацкаму” корпусу, і сыну Пруднікавай, якая, карыстаючыся службовым становішчам, лабіруе інтарэсы сваяка – кіраўніка раённай службы пазаведамаснай аховы.

Фота раённай газеты.

Паспяховы бізнес па-магілёўску: грошы аддалі, імёны засакрэцілі

Магілёўская вобласць рапартуе: малы і сярэдні бізнес на ўздыме, падаткі растуць, інвестары ўкладаюцца. Адна дэталь у прыгожай справаздачнасці выпала – хто менавіта з прадпрымальнікаў атрымаў амаль 10 мільёнаў бюджэтных рублёў, чыноўнікі так і не паведамілі.

У Магілёўскай вобласці працуюць каля 8,5 тысячы камерцыйных арганізацый і больш за 21 тысячу індывідуальных прадпрымальнікаў. На працягу апошняй пяцігодкі сектар малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ўпэўнена нарошчвае свае пазіцыі ў рэгіянальнай эканоміцы.

Гэта – паводле дадзеных начальніка аддзела прадпрымальніцтва камітэта эканомікі Магілёўскага аблвыканкама Наталлі Рэчыцкай.

Паралельна з ростам сектара ў рэгіёне рэалізуецца Дзяржаўная праграма “Устойлівае прадпрымальніцтва”. За пяцігодку, з 2021 па 2025 год, фінансавую падтрымку атрымалі 43 інвестыцыйныя праекты – на агульную суму 9,9 мільёна рублёў. Сродкі выдзяляліся ў форме субсідый на кампенсацыю часткі працэнтаў па банкаўскіх крэдытах, а таксама льготных крэдытаў за кошт абласнога бюджэту.

Па выніках рэалізацыі праектаў бізнес атрымаў:

  • 8 капітальных будынкаў у ўласнасць;
  • 44 адзінкі транспартных сродкаў і спецыяльнай тэхнікі;
  • больш за 50 адзінак прамысловага абсталявання.

Геаграфія – уся вобласць. Галіновы ахоп – паўсюдны. Пытанне без адказу: хто канкрэтна атрымаў грошы?

У справаздачы Наталлі Рэчыцкай (на фота) кідаецца ў вочы прынцыповае замоўчванне: ніводзін з 43 атрымальнікаў дзяржаўнай падтрымкі не названы. Ні прадпрыемствы, ні сумы ў разбіўцы па канкрэтных праектах, ні ўмовы адбору заяўнікаў. Між тым гаворка ідзе пра амаль 10 мільёнаў рублёў з бюджэту Магілёўскай вобласці, гэта значыць пра грошы падаткаплацельшчыкаў.

Гэты пытанне асабліва актуальнае ў беларускіх рэаліях, дзе прыватны бізнес існуе ў прынцыпова іншай сістэме каардынат, чым у іншых краінах.

Дзяржава не толькі не заахвочвае прыватную ініцыятыву як такую, але актыўна ўмешваецца ў кадравую палітыку прадпрыемстваў.

На гэтым фоне ўзнікае заканамернае пытанне: па якіх крытэрыях размеркоўвалася фінансавая дапамога:

  1. Ці звязана атрыманне льготных крэдытаў з лаяльнасцю ўладальніка бізнесу?
  2. Хто прымаў рашэнні?
  3. Хто нясе за іх адказнасць?

Прыгожая статыстыка пра “трэць эканомікі” і падваенне падатковых паступленняў выглядала б значна пераканаўчэй, калі б суправаджалася імёнамі, лічбамі і адкрытым рэестрам атрымальнікаў дзяржаўных грошай. 

Пакуль жа справаздача выглядае як вітрына без тавару. Рэчыцкая запрасіла ўсіх у госці, дадала, што маці будзе вельмі рада, але адраса чамусьці не назвала.

Фота сайта Магілёўскага аблвыканкама.

Перабралі з прэміямі і надбаўкамі – магілёўскіх бюджэтнікаў выявілі і пакаралі

Па выніках праверкі КДК галоўныя “загадчыкі гаспадаркі” Магілёўшчыны аштрафаваны на 1,6 тысячы рублёў за нямэтавае выкарыстанне 185 тысяч рублёў.

Камітэт дзяржаўнага кантролю Магілёўскай вобласці па выніках праверкі дзяржаўнай установы «Цэнтр па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый Магілёўскага раёна» прыцягнуў да адміністрацыйнай адказнасці Цэнтр і шэраг яго службовых асоб на агульную суму 1,6 тысячы рублёў.

Што гэта за арганізацыя?

Некалькі гадоў таму ў бюджэтнай сферы адбылася маштабная працэдура па “аптымізацыі” – ва ўсіх установах культуры і адукацыі зачыніліся бухгалтэрыі, а на замену ім прыйшоў цэнтралізаваны орган – гэты самы «Цэнтр па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый Магілёўскага раёна». Ён павінен быў забраць на сябе ўсе ключавыя функцыі па забеспячэнні функцыянавання бюджэтных арганізацый. 

Здавалася б, ідэя лагічная – будзе менш бухгалтараў і эканамістаў у штаце, а значыць, будзе эканомія бюджэту. Але на практыцы гэта прывяло да таго, што адбыўся разрыў паміж самой арганізацыяй і сістэмай яе забеспячэння, што і прывяло да непазбежных парушэнняў.

Парушылі ўсё, што можна

Да пакрыцця ў бюджэт Магілёўскага раёна прад’яўлена звыш 185 тысяч рублёў, неабгрунтавана выдаткаваных установай на прэміраванне і выплату надбавак работнікам сфер культуры і адукацыі.

Таксама кантралёрамі ўстаноўлены парушэнні пры правядзенні:

  • дзяржаўных закупак;
  • вядзенні бухгалтарскага ўліку;
  • складанні статыстычнай справаздачнасці;
  • распараджэнні дзяржаўнай маёмасцю;
  • ўзаемадзеянні з пасярэдніцкімі структурамі і іншыя.

Асаблівае замілаванне выклікае фармулёўка “і іншыя”. Здавалася б, спецыялісты па забеспячэнні бюджэтнікаў парушылі ўсё, што можна было парушыць. Аказваецца, мяжы дасканаласці няма.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

КДК выявіў чарговы “распіл” бюджэтных сродкаў у Магілёве

Зноў «асвойвалі»: у Магілёве на дарожным прадпрыемстве знайшлі парушэнняў амаль на 1,5 мільёна рублёў.

У Магілёўскай вобласці зноў выявілі знаёмую схему: бюджэтныя грошы нібыта трацяцца, але з нюансамі. На гэты раз Камітэт дзяржкантролю прыйшоў з праверкай на адно з дарожна-будаўнічых прадпрыемстваў – і знайшоў цэлы букет парушэнняў.

Паводле дадзеных КДК, кошт будаўніча-мантажных работ быў завышаны амаль на 1 мільён рублёў. Але гэта толькі частка карціны.

Праверка таксама выявіла:

  • нявыплату ў бюджэт больш за 400 тысяч рублёў за рэалізаваныя зваротныя матэрыялы;
  • незаконнае атрыманне звыш 130 тысяч рублёў бюджэтных сродкаў;
  • недаплату кампенсацый пры распрацоўцы пясчанага кар’ера – больш за 150 тысяч рублёў.

У суме – класічны набор, які ў Беларусі пяшчотна называюць «парушэннямі», хоць па факце гаворка ідзе пра цалкам канкрэтныя фінансавыя страты для бюджэту.

Асобна адзначаецца, што пасля ўмяшання КДК прадпрыемства «аптымізавала праектныя рашэнні» больш чым на паўмільёна рублёў. Звычайна гэта азначае, што грошы раптам можна было траціць больш эканомна.

Па выніках рэвізіі ў бюджэт удалося вярнуць больш за 1,5 мільёна рублёў. Падобныя праверкі ў рэгіёне адбываюцца рэгулярна і кожны раз паказваюць адно і тое ж: бюджэтныя сродкі знаходзяць спосаб «пашырацца» ў патрэбны бок, пакуль у працэс не ўмяшаецца кантрольны орган. І так да наступнай праверкі.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

Два прадпрыемствы Магілёўскай вобласці выкрыты ў ўхіленні ад падаткаабкладання

Магілёўскія падаткавікі выявілі схемы ўхілення ад падаткаў і вярнулі грошы ў бюджэт.

Магілёўская прыватная ўстанова, якая аказвае медыцынскія паслугі, фінансавала набыццё абсталявання на індывідуальнага прадпрымальніка.

Затым арандавала яго ў яго ж – па цэнах, якія шматкроць перавышаюць кошт самога абсталявання. Так кампанія штучна завышала выдаткі і заніжала падатак на прыбытак.

За 3,5 года сума фіктыўных выдаткаў склала 593,5 тысячы рублёў. 

Парушэнне выявілі супрацоўнікі інспекцыі МПЗ па Ленінскім раёне Магілёва.

Установа добраахвотна пералічыла ў бюджэт недастаючыя 118,7 тысячы рублёў.

Другі выпадак выяўлены ў Касцюковіцкім раёне пры праверцы ў сувязі з ліквідацыяй таварыства з абмежаванай адказнасцю, якое займалася апрацоўкай драўніны. Прадпрыемства выплачвала зарплату «ў канвертах» работнікам, з якімі не былі аформлены працоўныя адносіны, і не адлюстроўвала гэтыя выплаты ва ўліку. Мэта – пазбегнуць выплаты падаходнага падатку. Па выніках праверкі падатковая база скарэкціравана, даналічаныя падаткі і пені спагнаны ў бюджэт.

 

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

У Клімавічах «развілі» малы і сярэдні бізнес

Паступленні ад малога і сярэдняга бізнесу ў клімавіцкі бюджэт выраслі на цэлы працэнт.

У Клімавічах прааналізавалі выкананне дзяржпраграмы «Малое і сярэдняе прадпрымальніцтва» на 2021–2025 гады. Разглядалі ўсю гэтую справу чамусьці на пасяджэнні камісіі па супрацьдзеянні карупцыі.

Камісія высветліла, што на 1 студзеня 2026 года сваю дзейнасць на Клімавіччыне ажыццяўлялі 110 суб’ектаў малога і сярэдняга бізнесу, 412 індывідуальных прадпрымальнікаў. У 2025 годзе было зарэгістравана 18 прадпрыемстваў і 30 ІП.

У мінулым годзе ўдзельная вага паступленняў у даход раёна ад дзейнасці суб’ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва склала 7,5 працэнта, гэта на 1 працэнт больш у параўнанні з 2024 годам.

Старшыня райвыканкама Віктар Пугач заявіў, што на строгім кантролі камісіі знаходзяцца пытанні выкарыстання бюджэтных сродкаў, аб’ектаў нерухомасці.

Якім бокам да карупцыі адносяцца прыватнікі, Віктар Мікалаевіч не ўдакладніў.

Тым часам, рост паступленняў у бюджэт роўна на адзін працэнт выклікае сур’ёзныя сумненні. 

Хутчэй за ўсё нічога і не думала расці, а чыноўнікам Клімавіч проста патрабавалася зрабіць выгляд, што дзяржпраграма спрацавала, і камісія была створана не дарма.

Фота раённай газеты.

Магілёўскі «сенатар» развозіць масажныя крэслы па пансіянатах

Старшыня савета магілёўскіх «дэпутатаў» Аляксандр Гарошкін уключыўся ў абласную акцыю «Сфатаграфуйся з інвалідам!».

Чалавек, спіс тытулаў якога займае аж два радкі, прыехаў у Расцянскі сацыяльны пансіянат «Прыазёрны» і падарыў пацыентам масажнае крэсла.

Члену «савета» рэспублікі, старшыні магілёўскага абласнога «савета дэпутатаў», старшыні магілёўскай абласной арганізацыі «Белая Русь» Аляксандру Гарошкіну не чужыя ўзнёслыя парывы душы. І масажнае крэсла – толькі пачатак місіі міласэрнасці.

Раўназначны падарунак Гарошкін адвёз Цэнтру сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ленінскага раёна горада Магілёва. Па ўсім відаць, гаворка ідзе пра другое масажнае крэсла.

Пры гэтым развозку крэслаў па ўстановах Аляксандр Гарошкін фармальнасцю не лічыць. Каб падкрэсліць гэта, ён фатаграфуецца з інвалідамі.

Для даведкі: на дабрачынную акцыю «Ад усёй душы» арганізацыйныя структуры «Белай Русі» ў Магілёўскай вобласці патрацілі звыш 15 тысяч рублёў.

Як вядома, аматары фотасесій самі нічога не вырабляюць, і крыніцы з’яўлення ў «арганізацыйных структур» гэтай сумы вядомыя – усё той жа шматпакутны бюджэт. Таму, гаварыць пра нейкую дабрачыннасць тут не выпадае, гаворка, хутчэй за ўсё, ідзе пра крывадушныя піяр-акцыі.

Аляксандр Гарошкін не з’яўляецца ў гэтай справе першапраходцам – з інвалідамі ў Чавусах нядаўна фатаграфавалася старшыня праўлення стратнага «Белкаапсаюза» Інэса Караткевіч.

У спіс жа самых экзатычных падарункаў, якія набываюць магілёўскія чыноўнікі за бюджэтны кошт, уваходзіць цыркулярная піла, падораная “дабрачынцамі” быхаўскаму пансіянату «Ірдзіца».

Фота “Магілёўскія ведамасці”.

Чыноўнікам Магілёўскай вобласці не дазволілі «распілаваць» бюджэт

У пяці раёнах Магілёўшчыны былі аплачаны работы, якія не выконваліся.

Магілёўшчына, як заўсёды, на сваёй хвалі. Улады рапартуюць пра работы, якія і не думаюць выконваць, бяруць пад іх грошы з бюджэту, а потым Камітэт дзяржаўнага кантролю ўстанаўлівае, што выяўлены парушэнні.

Кантралёры КДК Магілёўскай вобласці праверылі тое, як у пяці раёнах рэгіёна выконваецца даручэнне Лукашэнкі па зносе невыкарыстоўваемых аб’ектаў сельгасарганізацый, і ўстанавілі, што пры зносе 35 невыкарыстоўваемых будынкаў за кошт бюджэту былі аплачаны работы, якія не выконваліся. Такім чынам «было выдаткавана» больш за 250 тысяч бюджэтных  рублёў.

Акрамя таго, выяўлены выпадкі, калі з-за невывезеных будаўнічых адходаў вызваленыя землі не рэкультываваліся і не ўцягваліся ў гаспадарчы абарот.

Грашовыя сродкі ў поўным аб’ёме вернуты ў бюджэт, участкі вызвалены ад будаўнічага смецця.

І на гэтым чарговая гісторыя з спробай «распілу» бюджэту скончылася. Шкада, што няма статыстыкі, прысвечанай таму, колькі бюджэтных грошай стаўленікам Лукашэнкі ўдалося ўнесці ў дзюбах.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

У чавускім пансіянаце “Расінка” жывуць вялікія сябры старшыні Белкаапсаюза

У Чавусах сытыя і поўныя здароўя чыноўнікі зладзілі фотасесію з інвалідамі на падставе таго, што “падарылі” ім пральную машыну.

Вяршыні цынізму дасягнула вярхушка чавускай “вертыкалі” разам са старшынёй стратнага Белкаапсаюза Інэсай Караткевіч, зладзіўшы фотасесію з хворымі людзьмі, што пражываюць у пансіянаце “Расінка”.

Там жывуць 19 чалавек, а “слуг народа”, якія пажадалі папіярыцца на дабрачыннасці за бюджэтны кошт, было ўсяго шасцёра. Але затое якіх!

“Паслядоўнікаў” маці Тэрэзы варта назваць па імёнах:

  • старшыня праўлення Белкаапсаюза Інэса Караткевіч;
  • старшыня Чавускага райвыканкама Дзмітрый Акуліч;
  • намеснік старшыні Чавускага райвыканкама Андрэй Верхаводкін;
  • намесніца старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Магілёўскага аблвыканкама Святлана Сцяпанава;
  • старшыня праўлення Магілёўскага аблспажыўсаюза Сяргей Любянкоў;
  • старшыня праўлення Чавускага райспажыўтаварыства Мікалай Скрынік.

Інэса Караткевіч распавяла пра сваё даўняе сяброўства з жыхарамі пансіяната і ўручыла дырэктару ўстановы сертыфікат на спартыўнае абсталяванне. 

Дзмітрый Акуліч “падарыў” пральную машыну, набыtую за бюджэтныя сродкі, а Сяргей Любянкоў – прысмакі і садавіну. Таксама, вядома ж, не з асабістай лядоўні.

Затое фатаграфаваліся сытыя, ззяючыя здароўем і добрым настроем чыноўнікі з такім запалам, быццам ашчаслівілі не толькі “Расінку”, а цэлы падлунны свет.

Інэса Караткевіч

Кожны кадр, зроблены журналістамі раённай газеты “Іскра” – пастановачны. Начальства старанна рабіла выгляд, што ім цікавыя гісторыі інвалідаў, а тыя, магчыма, і не сумняваліся, што да іх прыехалі сапраўдныя сябры.

Урэшце, калі разважаць філасофскі, то і падножны корм можна назваць найлепшым сябрам каровы.

Фота раённай газеты.