У Слаўгарадскім раёне недаплацілі заробак 74 працаўнікам

Толькі праз пракуратуру ўдалося вярнуць 7,7 тыс. рублёў заробленых грошай 74 працаўнікам аднаго са слаўгарадскіх прадпрыемстваў.

Парушэнні выявіла пракуратура Магілёўскай вобласці падчас праверкі дзейнасці аднаго з мясцовых прадпрыемстваў. Як высветлілася, у лютым 2026 года кіраўніцтва арганізацыі прыняло рашэнні аб утрыманні часткі заробку ў 74 супрацоўнікаў, а таксама практычна пазбавіла іх дадатковых выплат у выглядзе прэмій, надбавак і іншых стымулюючых налічэнняў.

Пры гэтым такія дзеянні не мелі законных падстаў і супярэчылі як патрабаванням Працоўнага кодэкса, так і ўмовам калектыўнага дагавора. У наглядным ведамстве адзначаюць, што падобная практыка магла негатыўна паўплываць на сітуацыю ў працоўным калектыве.

Агульная сума недаплачаных грошай склала больш за 7,7 тысячы рублёў.

Па выніках праверкі пракуратура апратэставала незаконныя распараджэнні кіраўніка прадпрыемства. У выніку іх дзеянне было адменена, а работнікаў вярнулі раней утрыманыя грошы.

Фотаздымак: Генеральная пракуратура

КДК выявіў чарговы “распіл” бюджэтных сродкаў у Магілёве

Зноў «асвойвалі»: у Магілёве на дарожным прадпрыемстве знайшлі парушэнняў амаль на 1,5 мільёна рублёў.

У Магілёўскай вобласці зноў выявілі знаёмую схему: бюджэтныя грошы нібыта трацяцца, але з нюансамі. На гэты раз Камітэт дзяржкантролю прыйшоў з праверкай на адно з дарожна-будаўнічых прадпрыемстваў – і знайшоў цэлы букет парушэнняў.

Паводле дадзеных КДК, кошт будаўніча-мантажных работ быў завышаны амаль на 1 мільён рублёў. Але гэта толькі частка карціны.

Праверка таксама выявіла:

  • нявыплату ў бюджэт больш за 400 тысяч рублёў за рэалізаваныя зваротныя матэрыялы;
  • незаконнае атрыманне звыш 130 тысяч рублёў бюджэтных сродкаў;
  • недаплату кампенсацый пры распрацоўцы пясчанага кар’ера – больш за 150 тысяч рублёў.

У суме – класічны набор, які ў Беларусі пяшчотна называюць «парушэннямі», хоць па факце гаворка ідзе пра цалкам канкрэтныя фінансавыя страты для бюджэту.

Асобна адзначаецца, што пасля ўмяшання КДК прадпрыемства «аптымізавала праектныя рашэнні» больш чым на паўмільёна рублёў. Звычайна гэта азначае, што грошы раптам можна было траціць больш эканомна.

Па выніках рэвізіі ў бюджэт удалося вярнуць больш за 1,5 мільёна рублёў. Падобныя праверкі ў рэгіёне адбываюцца рэгулярна і кожны раз паказваюць адно і тое ж: бюджэтныя сродкі знаходзяць спосаб «пашырацца» ў патрэбны бок, пакуль у працэс не ўмяшаецца кантрольны орган. І так да наступнай праверкі.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

На філіяле «Быхаўскі» ААТ «Бабуліна крынка» змяніўся дырэктар

Валерыя Хурсана ціха адправілі на пенсію з філіяла «Быхаўскі» ААТ «Бабушкина крынка». Без лішніх пытанняў, без падвядзення вынікаў, без спробы ўспомніць, чым менавіта запомніліся яго месяцы на чале прадпрыемства.

А між тым гісторыя Валерыя Хурсана (на загалоўным фота) – гэта не пра кіраванне заводамі. Гэта пра тое, як адно прозвішча паслядоўна аказваецца побач з рознымі патокамі прадукцыі – спачатку віннай і кансервавай, потым – з малочнай.

Хурсан кіраваў філіялам нядоўга, каля 15 месяцаў: з снежня 2024 года да сакавіка 2026-га.

Нагадваем, што да прыходу на «Бабушкина крынка» Хурсан працаваў у сістэме ААТ «Магілёўаблхарчапрам» і быў першым намеснікам дырэктара ААТ «Кампанія “МогНат”» – структуры, якая займалася пладова-ягаднымі вінамі. А паралельна ў Быхаве разгортвалася іншая, ужо сямейная гісторыя.

Яго сын, Ігар Хурсан, працаваў намеснікам дырэктара па камерцыйных пытаннях на ААТ «Быхаўскі кансервава-агароднінасушыльны завод». І менавіта там, у фірменнай краме раптам з’яўлялася магілёўскае «вінішка» – без накладных. Супадзенне, канешне. Проста бацька – у віннай тэме, а сын – у месцы, дзе гэта віно як бы вельмі зручна рэалізуецца.

Але гэтым гісторыя не абмежавалася.

Быхаўскі кансервава-агароднінасушыльны завод у выніку скончыўся класічна: банкруцтва, ліквідацыя і крымінальная справа. Антыкрызісны кіраўнік Аляксандр Марозаў атрымаў 7,5 года пазбаўлення волі.

Ігар Хурсан у гэтай жа сістэме працаваў намеснікам дырэктара па камерцыі – то бок знаходзіўся ўнутры ўсёй гэтай «эфектыўнай гаспадарчай дзейнасці», якая прывяла да прысуду і закрыцця прадпрыемства. Але ў фінале сеў Марозаў. А Хурсан-малодшы – не.

Пасля гэтага яго бацька Валерый Хурсан атрымлівае ўжо малочнае прадпрыемства – філіял «Быхаўскі» ААТ «Бабушкина крынка». А яго сын, да таго часу ўжо гандлюе малочнай прадукцыяй у Расіі. Сямейная спецыялізацыя проста мяняе асартымент: было віно і кансервы – стала малако.

Ніякіх высноў з гэтай гісторыі публічна зроблена не было. Ні наконт дзіўных перасячэнняў бізнесу і пасад, ні наконт таго, як адно і тое ж прозвішча стабільна аказваецца побач з патокамі прадукцыі – спачатку віннай, потым малочнай.

І вось Хурсан сыходзіць на пенсію. З падзякамі.

Хоць уся гэта гісторыя больш падобная не на кар’еру «моцнага гаспадарніка», а на акуратна выбудаваную сямейную схему, дзе дзяржаўныя прадпрыемствы аказваюцца зручнай інфраструктурай для мутных спраў.

Прыкметна, што лепш за ўсё яны рэалізуюцца ў Быхаўскім раёне – самым карумпаваным рэгіёне вобласці, з якім не можа справіцца нават грозны Лукашэнка, які не даруе сямейных бізнесаў нікому, акрамя самога сябе. 

Што да пераемніка Хурсана, Мікалая Шапялевіча, якога ў артыкуле раённай газеты прадстаўлялі як дырэктара ААТ «Могилевская фабрика мороженого», то ён у свой час з’яўляўся намеснікам старшыні Магілёўскага райвыканкама.

Шапялевіч

Здаецца, кар’ера гэтага чыноўніка пакацілася пад гару.

Фота раённай газеты.